Амбразевіч на паседжанні АБСЕ: абвінавачванні на адрас Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей не маюць падставаў


Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч 30 лістапада выступіў на паседжанні Рады міністраў замежных справаў АБСЕ ў Македоніі. Ён заявіў, што большасць абвінавачанняў з боку краінаў ЕЗ і NATO ў дачыненні Беларусі надуманыя, паўтараюць «клішэ», і што сітуацыя з правамі чалавека ў Еўразвязе не лепшая.

Юрый Амбразевіч на паседжанні АБСЕ.
Фота: mfa.gov.by

Паводле Амбразевіча, «большасць дзяржаваў NATO і ЕЗ скаціліся ў сваіх выступах да паўтарэння вядомых клішэ і надуманых, неабгрунтаваных палітычных абвінавачанняў на адрас Рэспублікі Беларусь у шырока вядомым і зручным стылі «highly likely».

«Вельмі не хацелася пачынаць выступ з «права на адказ», але пару момантаў пракаментую. Першае. У адказ на глыбокую заклапочанасць шэрагу краінаў Еўразвязу выкананнем правоў чалавека ў Беларусі зазначу, што ніхто ў гэтай зале з нашых крытыкаў не пераканае мяне ў тым, што сітуацыя з правамі ў іхных краінах лепшая», – заявіў Амбразевіч.

Нібыта ў доказ сваіх словаў дыпламат прапанаваў азнаёміцца з вынікамі Універсальнага перыядычнага агляду Рады ААН у справе правоў чалавека наконт кожнай з краінаў Захаду.

«Калі і гэтага недастаткова, прапаноўваю, каб мальтыйскае старшыняванне ўключыла ў праграму іх працы ў АБСЕ аналаг Універсальнага перыядычнага агляду для чальцоў АБСЕ. Пачаць прапаноўваю з Латвіі», – сказаў Амбразевіч.

Далей намеснік кіраўніка беларускага МЗС узгадаў пра абвінавачанні на адрас Беларусі ў незаконным вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

«Тут адказ вельмі кароткі. Ніводнага прозвішча нам ніхто не назваў. Мы чакаем», – заявіў Амбразевіч.

Hавiны
Дыпламат рэжыму ў ААН: Менску не падабаюцца абвінавачванні ў вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.11.11 15:47

Узгадваў дыпламат і пра расейскую ядравую зброю – што яе размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі вымушанае.

«Мяне запыталі тут калегі: вы што, адчуваеце, што вам хтосьці пагражае? А як мы можам расцэньваць эканамічныя санкцыі супраць 70 % нашага экспарту, практычна поўнае закрыццё межаў з боку захаду і поўначы, спыненне авія-, чыгуначных зносінаў і гэтак далей? Гэта не агрэсія? Я запытаўся, ці маем мы права дзейнічаць больш, чым выказваць занепакоенасць. «Не, вы мусіце весці перамовы», – казаў Амбразевіч.

Адказнасць за сучасны крызіс бяспекі, паводле дыпламата, ляжыць на «гульцах на захад ад Вены». Але Беларусь удзельнічае ў АБСЕ не з мэтай абвінавачання, зазначыў Амбразевіч, а каб гарантаваць сваю нацыянальную бяспеку. У канцы сваёй прамовы намеснік міністра замежных справаў прапанаваў «усім зацікаўленым распачаць неадкладную працу» над гарантыямі бяспекі і стварыць дакумент «у духу Хельсінкі ці ў духу Сан-Францыска».

Hавiны
Дзярждэп ЗША: Вывезеныя ў Беларусь украінскія дзеці могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі
2023.11.21 11:22

Паводле Ейлаўскага ўніверсітэту, з Украіны ў Беларусь былі вывезеныя больш за 2,4 тыс. дзяцей 6–17 гадоў, якіх даставілі ва ўстановы Беларусі. Больш за 2 тыс. дзяцей былі перавезеныя ў дзіцячы цэнтр «Дубрава» ў Менскай вобласці ў перыяд з верасня 2022 года да траўня 2023 года, а 392 дзяцей даставілі ў 12 іншых установаў. Даследаванне задакументавала шчыльную супрацу паміж чыноўнікамі Расеі і Беларусі для аблягчэння гэтых перамяшчэнняў. Спікер Дзярждэпу Мэт’ю Мілер выказваў засцярогі, што гэтыя дзеці могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў