Да 500 рублёў на асобу за дзень. Колькі будуць траціць на гасцей II Гульняў краінаў СНД


Стала вядома, выдаткі якога маштабу і на каго збіраецца панесці рэжым Беларусі пры правядзенні II Гульняў краінаў СНД. Адпаведныя лічбы змяшчаюцца ў пастанове Саўміну № 415 ад 28 чэрвеня, афіцыйна апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Стадыён «Дынама» ў Менску стане галоўнай арэнай спаборніцтваў.
Фота: БелТА / belta.by

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 1 ліпеня апублікаваная пастанова Савету міністраў РБ № 415 ад 28 чэрвеня, якой зацвярджаюцца нормы асобных расходаў, звязаных з правядзеннем ІІ Гульняў краінаў СНД.

Нормы выдаткаў на пражыванне прызначаныя на суму 500 рублёў за суткі для VIP-асобаў, 120–265 рублёў – для чальцоў дэлегацыяў, 120–170 рублёў – для суддзяў.

На харчаванне пойдзе на дзень да 190 рублёў для VIP-асобаў, да 70 рублёў – для чальцоў дэлегацыяў, 38,72 рубля – суддзяў, за 9 рублёў у дзень збіраюцца карміць валанцёраў.

Камплекты аксесуараў з сімволікай абыдуцца ў суму да 10 базавых велічыняў (БВ) на кожную VIP-асобу, да 5 БВ будзе каштаваць адзін камплект чальцоў дэлегацыяў, да 3 БВ будзе каштаваць камплект аксесуараў для суддзяў і валанцёраў.

Выдаткі на набыццё канцылярскай і друкарскай прадукцыі для абʼектаў правядзення гульняў зацверджаныя да 1884 БВ (69,7 тыс. рублёў) на канцылярскую і да 7000 БВ (259 тыс. рублёў) на друкарскую прадукцыю.

II Гульні краінаў СНД пройдуць у Беларусі з 4 да 14 жніўня 2023 года. Паводле арганізатараў, у іх прымуць удзел больш за 4 тыс. спартоўцаў. Чакаюць удзельнікаў не толькі з краінаў СНД, але і з іншых дзяржаваў. Колькі ў гульнях прымуць удзел VIP-асобаў, суддзяў і валанцёраў, пакуль дакладна не вядома.

Спаборніцтвы пройдуць у 20 відах спорту, для гэтага скарыстаюць спартовыя аб’екты ў 11 гарадах розных рэгіёнаў Беларусі. Гарадамі спаборніцтваў стануць Менск, Барысаў, Берасце, Віцебск, Гомель, Горадня, Жлобін, Магілёў, Маладзечна, Ворша і Салігорск.

Гульні праводзяцца з 2021 года з ініцыятывы Расейскай Федэрацыі. I Гульні СНД прайшлі ў Казані. Гэтыя спаборніцтвы прызваныя хоць неяк кампенсаваць для беларускіх і расейскіх спартоўцаў дэфіцыт міжнародных спаборніцтваў, на якія іх не дапускаюць праз санкцыі, уведзеныя пасля вайсковай агрэсіі супраць Украіны.

Фотарэпартаж
Дэмсілы бяруць удзел у адкрыцці ІІІ Еўрапейскіх гульняў. Афіцыйны Менск не пусцілі
2023.06.21 22:29

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў