«Працягваюцца спробы ўратаваць ейнае жыццё». Лекары распавялі пра стан беларускі – ахвяры нападу ў Варшаве


25-гадовая Лізавета, на якую напаў, згвалтаваў і спрабаваў задушыць 23-гадовы жыхар польскай сталіцы, застаецца ў непрытомнасці. Жыццё дзяўчыны ўсё яшчэ ў небяспецы, дактары змагаюцца за ейнае ўратаванне, распавяла прэс-сакратарка шпіталю.

Лізавета, якая пацярпела ад згвалтавання ў цэнтры Варшавы, застаецца ў больніцы. 25 лютага 2024 года. Фота даў суразмоўца

Лізавета застаецца ў клінічным шпіталі Дзіцяці Ісуса Універсітэцкага клінічнага цэнтру Варшаўскага медычнага ўніверсітэту на вуліцы Ліндлі ў Варшаве. Пра стан беларускі польскаму парталу Onet.pl распавяла прэс-сакратарка Універсітэцкага клінічнага цэнтру ВМУ Барбара Меткоўска:

«Пацыентка ў крытычным стане. Усё яшчэ працягваюцца спробы ўратаваць ейнае жыццё, якое дагэтуль застаецца пад пагрозай. Жанчына ляжыць у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і анестэзіялогіі. Стан здароўя не дае паліцыі магчымасці апытаць яе. Пацыентка ў непрытомнасці».

Лізавета застаецца пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выніку таго, што нападнік яе душыў, у дзяўчыны спынялася сэрца, у мозг пэўны час не паступаў кісларод, што магло выклікаць незваротныя наступствы. Onet.pl піша, што на целе Лізаветы няма слядоў нажа, якім ёй пагражаў нападнік.

«Мы не можам інфармаваць пра саму хаду лячэння. Магу, аднак, запэўніць, што пацыентка мае вельмі добры нагляд шпіталю і атрымлівае ўсе неабходныя паслугі, якія можна даць у ейным стане», – дадала Барбара Меткоўска.

Напад на 25-гадовую Лізавету адбыўся ў цэнтры Варшавы 25 лютага, калі яна вярталася ўначы дадому пешшу. Злачынца напаў на яе з нажом, прыціснуў да брамы, душыў і згвалціў. Лізавета ў непрытомным стане доўгі час ляжала на сходах. Яе знайшоў ахоўнік, які прыйшоў на працу ў ранішнюю змену. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, спрабавалі яе рэанімаваць.

Каментар
Стан беларускі, на якую напалі ў Варшаве, застаецца цяжкім. Дэмсілы спрабуюць дапамагчы
2024.02.29 14:27

Нападнікам аказаўся жыхар Варшавы 23-гадовы Дор’ян С. Паліцыя затрымала яго праз некалькі гадзінаў пасля ўчынення злачынства, калі ён выходзіў са здымнай кватэры, дзе жыў разам са сваёй дзяўчынай. Раней хлопца судзілі за захоўванне наркотыкаў і дробны крадзеж. Паводле Onet.pl, ён пройдзе праз псіхіятрычную экспертызу, якая мусіць вызначыць ягоную свядомасць у момант нападу.

Хлопцу выстаўленыя абвінавачанні ў сексуальным злачынстве, рабаванні і замаху на забойства з ужываннем небяспечнай зброі. У здымнай кватэры, дзе ён жыў, знайшлі балаклаву, нож, два мабільныя тэлефоны, а таксама плацежныя карты і гаманец пацярпелай, паведамляла варшаўская паліцыя.

Нападніку пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

Хлопец Лізаветы Даніла абвясціў збор на лячэнне і рэабілітацыю сяброўкі, бо яна не мае медычнай страхоўкі. Таксама Даніла шукаў дактароў, якія дапамаглі б растлумачыць, што адбываецца з Лізаветай, і юрыстаў, бо блізкіх у Лізаветы ў Польшчы няма, а без сваяцтва або шлюбу Даніла не можа весці справаў Лізаветы. Са словаў хлопца, спецыялістаў удалося знайсці, яны думаюць, як дапамагчы.

Hавiны
«Лекары кажуць рыхтавацца да горшага». Што вядома пра беларуску, якую згвалтавалі ў цэнтры Варшавы
2024.02.27 17:34

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў