«Наспявае вялікі скандал». Беларускіх біятланістаў не дапусцілі да спаборніцтваў у Расеі


«Наспявае вялікі спартовы скандал, які выкліча яшчэ і скандал палітычны, – выказаўся ў сваім тэлеграм-канале эпатажны расейскі спартовы каментатар Дзмітрый Губерніеў. – Вось я казаў, што трэба было як мінімум Смольскага ў вялікі мас-старт дапускаць! У выніку ў Іжэўску Саюз біятланістаў Расеі праблему не вырашыў (бегла ўсяго 53 расейцы), але вельмі засмуціліся і напружыліся нашыя беларускія сябры».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Алімпійскія Гульні 2022 года ў Пекіне. На першым плане беларускі біятланіст Антон Смольскі.
Фота: Hannah Mckay / Reuters / Forum

Гісторыя здарылася на 1-м этапе чэмпіянату Расеі па біятлоне ў сталіцы Удмурцкай Рэспублікі, дзе бралі ўдзел і беларусы. Расейцы яскрава падкрэслілі, што хоць яны з беларусамі і застаюцца сябрамі па няшчасці (амаль год таму, 2 сакавіка 2022-га, за тры этапы да заканчэння папярэдняга Кубка свету выканкам Міжнароднага звязу біятланістаў прыняў рашэнне адхіліць расейцаў і беларусаў ад далейшых міжнародных спаборніцтваў (Кубка і чэмпіянатаў свету, Кубка IBU і чэмпіянату Еўропы на неазначаны час), гегемон павінен заставацца. Саюз біятланістаў Расеі прапісаў у рэгламенце правядзення мас-старту на адкрытым чэмпіянаце краіны, што калі на заключны від праграмы для належных 60 удзельнікаў хопіць расейцаў, то беларусы выступаць тут не змогуць.

Срэбны прызёр зімовай Алімпіяды ў Пекіне – 2022 Антон Смольскі папярэджваў аб гэтым у інтэрв’ю «Матч ТВ»:

«На чэмпіянаце Расеі спадзяемся прабегчы ўсю праграму, але ёсць некаторыя пытанні: кажуць, што на асобныя віды праграмы нас могуць не дапусціць. Гутарка менавіта пра мас-старт. Ёсць рэйтынг расейскіх спартоўцаў, таму ў гонку можам не трапіць. Будзе не вельмі прыемна, калі мы не стартанём. Застаецца абапірацца на арганізатараў: як скажуць, тое і зробім. Спрачацца не будзем».

У рэгламенце правядзення чэмпіянату Расеі гэтага сезону гаворыцца, што да ўдзелу ў спаборніцтвах дапускаюцца спартоўцы зборных суб’ектаў Расейскай Федэрацыі. А што датычыць беларускіх спартоўцаў, то пра іх у афіцыйных дакументах гаворыцца наступным чынам:

«У адпаведнасці з рэгламентам правядзення чэмпіянату Расеі допуск да ўдзелу камандаў Рэспублікі Беларусь у мас-стартах і гонках пераследу вызначае журы спаборніцтваў з улікам колькасці расейскіх спартоўцаў, якія выйшлі на старт».

У заяве Саюзу біятланістаў Расеі па слядах гэтага інцыдэнту тлумачыцца наступнае: «У мужчынаў заяўленых удзельнікаў было 78 чалавек, якія размеркаваліся наступным чынам: стартавы пратакол – 60 спартоўцаў Расейскай Федэрацыі, рэзервовы спіс – 10 расейцаў і 8 спартоўцаў з Беларусі. Пасля пацвярджэння пратаколу ў адпаведнасці з правіламі за дзве гадзіны да пачатку гонкі ў ім засталіся 53 расейскія спартоўцы. Вольныя сем месцаў былі прапанаваныя афіцыйнаму прадстаўніку зборнай Беларусі, аднак беларуская каманда ад удзелу ў вялікім мас-старце ў мужчынаў адмовілася».

Прэс-служба Беларускай федэрацыі біятлону выказала шкадаванне аб тым, што адбылося, падкрэсліўшы, што рэгламент чэмпіянату Расеі гэта прадугледжвае. Праўда, у ім ёсць агаворка – з улікам колькасці расейскіх спартоўцаў, што выйшлі на старт.

Эмацыйна стаў на бок беларусаў і Дзмітрый Губерніеў: «Трэба перад пачаткам спаборніцтваў у Расеі, якія носяць адкрыты характар, дакладна прапісваць рэгламент!!! Датычыцца не толькі біятлону!!! Усім зразумела??? Вялікія начальнікі Расеі і Беларусі ўжо ўва ўсю абмяркоўваюць праблему нядопуску найлепшых беларускіх біятланістаў у вялікі мас-старт у Іжэўску!!! Ужо ідзе вельмі вялікая разборка!!! Ух!!!»

У Саюзе біятланістаў Расеі заявілі, што беларускія біятланісты па сваёй ініцыятыве адмовіліся ад удзелу ў мужчынскіх спаборніцтвах. У выніку ні там, ні там неабходнай колькасці спартоўцаў (60) так і не набралі. У жаночай гонцы выступілі 42 біятланісткі, сярод якіх былі і тры прадстаўніцы Беларусі. У мужчынскім мегамас-старце ўзялі ўдзел 53 спартоўцы выключна з рэгіёнаў Расеі.

Мас-старт падчас чэмпіянату Расеі.
Фота: Амір Закіраў / Мінспорт УР / biathlonrus.com

Зрэшты, тое, што беларусы адмовіліся ад выступу, – нічога дзіўнага. Ім, спачатку вызначыўшы ў рэзерв, далі дабро на ўдзел літаральна перад стартам. У Саюзе біятланістаў Расеі сцвярджаюць, што ўсё было ў поўнай адпаведнасці з усталяванымі Міністэрствам спорту РФ правіламі спаборніцтваў. Перавага аддаецца менавіта расейскім спартоўцам.

Але беларусы самаўхіліліся не ў апошні момант. У тэлеграм-канале Беларускай федэрацыі біятлону яшчэ за два дні да гэтай гонкі з’явілася паведамленне, што беларусы ўзяць удзел у мас-старце не здолеюць. То бок, ведаючы рэгламент, госці загадзя не спадзяваліся на тое, што ім знойдзецца месца ў гэтым відзе праграмы, і таму да гонкі не рыхтаваліся. А рашэнне аб допуску-нядопуску спартоўцаў з Беларусі было прынятае журы за гадзіну да прыстрэлкі ў дзень спаборніцтваў, калі будуць сфармаваныя канчатковыя стартавыя пратаколы.

У прэс-службе Саюзу біятланістаў Расеі паведамілі, што на сённяшні дзень адзіным дакументам, які рэгламентуе ўдзел спартоўцаў з Беларусі ўва ўсерасейскіх спаборніцтвах па біятлоне, з’яўляецца рэгламент СБР аб правядзенні гэтых спаборніцтваў.

«Саюз са свайго боку робіць усё, каб захаваць усталяваныя Міністэрствам спорту РФ нормы, з іншага – забяспечыць максімальную магчымасць удзельнічаць ува ўсерасейскіх спаборніцтвах для спартоўцаў з сяброўскай краіны. Беларуская федэрацыя біятлону ведае аб існых правілах і пагадзілася ўдзельнічаць паводле гэтых правілаў».

Цікава, што роўна за месяц да гэтага на юніёрскім першынстве чэмпіянату Расеі таксама распаліўся скандал. Толькі сітуацыя была адваротная. Беларусаў акурат дапусцілі на старт, а некаторым расейцам месца ў пратаколе не знайшлося. Вось і цяпер беларусы паводле спартовага прынцыпу праходзілі ў гонку. Аднак журы моцна трымалася літары правілаў і ўказанняў Міністэрства спорту краіны, дзе зазначаецца, што да ўдзелу ў чэмпіянаце Расеі дапускаюцца спартоўцы зборных камандаў суб’ектаў Расейскай Федэрацыі.

Паводле правілаў СБР, колькасць тых, хто выходзіць на вялікі мас-старт, – абмежаваная: У склад 60 удзельнікаў трапляюць першыя 30 месцаў у рэйтынгу Саюзу біятланістаў Расеі і медалісты, якія не займаюць месцы ў топ-30. Астатнія 30 месцаў размяркоўваюцца ў адпаведнасці з агульнай колькасцю пунктаў, набраных у гонках бягучага чэмпіянату Расеі.

Але чэмпіянат толькі распачаўся, а беларусы ўжо тут ужо пабочныя. Паводле нарматыўных дакументаў, вынікі беларускіх спартоўцаў не ўлічваюцца ў рэйтынгу СБР, няма іх і ў выніковых пратаколах, то бок яны выступаюць па-за конкурсам.

А так нядрэнна ўсё пачыналася пасля агульнага для беларусаў і расейцаў адхілення ад міжнародных стартаў. Гучалі бравурныя заявы, што санкцыі толькі на карысць. Што будзем міжсобку праводзіць старты, не менш цікавыя за тыя, што адбываюцца на Кубку свету. І што прызавыя будуць не горшыя. І што будзем больш актыўна падцягваць моладзь.

Урэшце першым супольным турнірам пасля адхілення быў прыдуманы Кубак Садружнасці. Каляндар спаборніцтваў уключае шэсць этапаў. Два прайшлі ўлетку, чатыры былі запланаваныя на зіму. Беларусы ездзяць у Расею, тыя прыязджаюць да нас. Чацвёрты і пяты этапы не так даўно праходзілі ў Раўбічах. А шосты адбудзецца 9–12 сакавіка ў Цюмені.

Беларусы паспяхова бралі ўдзел у этапах Кубка Расеі і не аднойчы перамагалі ў іх. Хаця і там выступалі па-за конкурсам.

І вось пытанне: ці пойдзе Міністэрства спорту РФ на змяненне рэгламенту пад беларусаў ужо ў гэтым сезоне і ці працягне зборная Беларусі выступаць у чэмпіянаце Расеі па біятлоне? Хутчэй за ўсё так. Начальства загадае. Тым больш што акрэсленыя правілы з допускам толькі ў два віды праграмы, дзе колькасць удзельнікаў абмежаваная (гонка пераследу і мас-старт). Наперадзе яшчэ два этапы чэмпіянату суседняй краіны: наступны адбудзецца напрыканцы сакавіка – у пачатку красавіка ў Ханты-Мансійску, а фінішуюць спаборніцтвы 5–6 красавіка ў горадзе Уват.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: Беларускую каманду на Алімпіяду, магчыма, будзе збіраць Фонд спартовай салідарнасці
2023.02.28 11:15

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў