Растуць і стаўкі, і апетыты. Крэдытная запазычанасць беларусаў дасягнула Br 20,5 млрд


Крэдыты ў Беларусі пачалі даражэць, але тэмпы, з якімі фізічныя асобы бяруць пазыкі, пакуль не знізіліся. Паводле Нацбанку, толькі ў снежні мінулага года беларусы аформілі крэдытаў на Br 1,2 млрд, а агульная запазычанасць перад банкамі дасягнула Br 20,5 млрд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: brest.biz

Павышэнне ставак новых крэдытаў было чаканым: Нацбанк некалькі месяцаў запар павялічваў так званыя нормы разліковых велічыняў стандартнай рызыкі. «То-бок рэгулятар дазваляе банкам павышаць стаўкі новых крэдытаў. Такім чынам, банкі без штрафаў могуць крыху падняць стаўкі менавіта новых крэдытаў», – тлумачыла раней «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Hавiны
У студзені ў Беларусі зноў падаражэюць крэдыты
2023.12.24 13:25

Максімальныя летась сярэднія стаўкі новых крэдытаў былі ў лютым: 11,56 % без уліку ільготных пазыкаў. Да лістапада гэты паказнік знізіўся да 9,86 %, а вось у снежні адбыўся разварот.

Нягледзячы на рост ставак, выдача крэдытаў нават павялічылася. У снежні фізічныя асобы пазычылі ў банкаў Br 1,237 млрд, на месяц раней – Br 1,225 млрд. Праўда, ролю тут адыгралі крэдыты на нерухомасць (плюс 16,7 % месяц да месяца), а спажывецкіх, наадварот, паменела (мінус 3,6 %).

Агульная крэдытная запазычанасць беларусаў вырасла з Br 17 млрд у студзені 2023 года да Br 20,5 млрд у студзені 2024 года (рост – 21 %). Пры гэтым пратэрмінаваная запазычанасць неістотная: Br 33,2 млн.

Летась у Беларусі здарыўся сапраўдны крэдытны бум у параўнанні з 2022 годам. Выдача пазыкаў фізічным асобам вырасла ажно на 47 %, пры гэтым на нерухомасць узялі на 64 % болей, а на спажывецкія тавары – на 44 %.

У гэтай пагоні за грашыма ўдзельнічалі і юрыдычныя асобы. Рост крэдытавання кампаніяў склаў 28 %, а агульная запазычанасць за год вырасла на 16 %.

Такі рост крэдытавання ў Беларусі стаўся вынікам мяккай манетарнай палітыкі Нацбанку. Дзякуючы гэтаму разагнаўся ўнутраны попыт, які разам з прамысловасцю штурхаў наверх ВУП. Пра небяспечнасць такой палітыкі неаднаразова папярэджвалі незалежныя эканамісты.

Надоечы рэгулятар абвесціў, што беларуская эканоміка болей не мае патрэбы ў мяккай манетарнай палітыцы, бо «здолела адаптавацца да санкцыйных выклікаў». Пры гэтым Нацбанк не наважыўся на рэзкі разварот, таму, як казала «Белсату» Настасся Лузгіна, нас чакаюць «кропкавыя захады ўзмацнення жорсткасці». Паводле эксперткі, гэта азначае неістотнае павышэнне ставак як крэдытаў, гэтак і дэпазітаў.

Каментар
Крэдыты падаражэюць: Нацбанк пастанавіў астудзіць эканоміку, каб пазбегчы крызісу
2024.01.23 09:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў