Як пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду і як удзельнічаць у іх беларусам, якія ў Беларусі


Праз два месяцы маюць адбыцца выбары ў Каардынацыйную раду. Каляндарны план электаральнай кампаніі ўжо апублікаваны. Але як пройдзе сама працэдура галасавання? І як у ёй змогуць удзельнічаць тыя грамадзяне, якія знаходзяцца не толькі ў эміграцыі, але і ўнутры Беларусі? На гэтыя пытанні «Белсату» адказаў спікер КР Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады, выступае перад чальцамі Каардынацыйнай рады і журналістамі. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Спікер КР адзначыў, што ў выбарчую камісію ўвойдуць людзі, якія маюць дастатковыя кампетэнцыі і рэпутацыю ў сваіх асяроддзях для правядзення выбараў.

«Гэта будуць людзі з юрыдычнай адукацыяй», – сказаў Андрэй Ягораў.

Паводле яго, перамовы з патэнцыйнымі сябрамі выбарчай камісіі ўжо ідуць. І ёсць тыя, хто ўжо пагадзіўся. Спікер спадзяецца, што ў хуткім часе можа быць прадстаўлены поўны склад выбарчай камісіі.

Што датычыць самога працэсу галасавання, то Ягораў не стаў пакуль раскрываць усе падрабязнасці, «каб не даць магчымасці рэжыму падрыхтавацца». Тым не менш, ён распавёў, што «вядомымі беларускімі праграмістамі» ўжо створаная электронная платформа, на якой будуць праходзіць выбары ў Каардынацыйную раду. Яна зараз праходзіць тэставанне на прадмет бяспекі.

Таксама ўжо вызначаныя працэдуры ідэнтыфікацыі і верыфікацыі выбарцаў. У прыватнасці, паводле Ягорава, будуць часткова выкарыстоўвацца пашпартныя звесткі і базы дадзеных, якія ўжо на сёння ёсць у дэмакратычных сілаў.

А што з бяспекай?

Спікер КР гарантаваў бяспеку асабістых дадзеных удзельнікаў галасавання. Пры гэтым, адзначыў ён, выбары будуць «нерваваць і ствараць праблемы для беларускага рэжыму».

«Мы можам амаль на 100 % гарантаваць, што ўсе рэсурсы, які будуць звязаныя з выбарамі ў Каардынацыйную раду, будуць прызнаныя экстрэмісцкімі. І людзей будуць пераследаваць за гэта, то бок удзел у галасаванні будзе звязаны з рызыкамі», – заявіў Ягораў.

Слуханні справаздачы Аляксандра Азарава, чальца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, ў Каардынацыйнай Радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У прыватнасці, на яго думку, улады могуць ствараць фэйкавыя платформы, на якіх будуць «ханціць» людзей, спрабаваць выявіць сляды галасавання на тэлефонах і гэтак далей.

Таму, сказаў спікер, людзі ў Беларусі мусяць разумець магчымыя рызыкі ад удзелу ў галасаванні і прадпрымаць дзеянні, каб іх пазбегнуць. Ягораў адзначыў, што адпаведныя пратаколы бяспекі будуць таксама прапісаныя.

Навошта гэта ўсё?

Ягораў мяркуе, што ў выніку выбараў склад Каардынацыйнай рады можа абнавіцца на 70 %. Ён чакае, што будуць новыя групы і суб’екты, якія будуць высоўваць сваіх кандыдатаў.

«Мы чакаем каля дзясятку спісаў кандыдатаў, якія будуць канкураваць паміж сабой на гэтых выбарах», – сказаў палітык.

Паводле спікера КР, будучыя выбары ў Каардынацыйную раду важныя, бо яны прадэманструюць, што арганізацыя гатовая працягваць развіццё дэмакратычных сілаў, «што мы жывыя».

«Таксама гэта важна для змяняльнасці лідарства, для зʼяўлення новых людзей, новых ідэяў у беларускай палітыцы», – заявіў Ягораў.

Агулам, дадаў ён, перад новым складам Каардынацыйнай рады будуць стаяць задачы рэпрэзентацыі інтарэсаў беларусаў, абʼяднання на адной пляцоўцы вельмі розных структураў, вырашэння стратэгічных задачаў, прадстаўлення планаў зменаў у краіне і стварэння альтэрнатывы «квазіўладным структурам, якія ёсць у Беларусі».

«Выбары дазволяць падняць легітымнасць Каардынацыйнай рады ў вачах міжнароднай супольнасці, дазволяць усталяваць больш шчыльныя стасункі паміж парламенцкімі інстытутамі», – сказаў спікер.

Слуханні справаздачы Аляксандра Азарава, чальца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, ў Каардынацыйнай Радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Ён адзначыў, што ў пытанні выбараў КР каардынуе працу з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам, але не можа дапусціць, каб «бюракратычныя працэсы ўзгаднення тармазілі працэс арганізацыі выбараў».

Які графік і выбарчая сістэма

Нагадаем, што згодна з графікам выбараў, да канца сакавіка мае адбыцца галасаванне адносна складу выбарчай камісіі. А да 15 красавіка павінны адбыцца фармаванне спісаў выбарчых суб’ектаў і падача дакументаў на рэгістрацыю ў выбарчую камісію.

Запланаваны дэдлайн рэгістрацыі кандыдатаў – 22 красавіка. Агітацыя зойме адзін месяц і пройдзе з 25 красавіка да 25 траўня. Само ж галасаванне працягнецца тры дні, з 25 да 28 траўня. На выбарах у КР выбарнікам прапаноўваюць прагаласаваць за закрытыя спісы кандыдатаў. Гэта значыць, што людзі будуць ведаць, хто ёсць у спісе, але мяняцца склад гэтых спісаў не будзе.

Выбары пройдуць паводле прапарцыйнай сістэмы, то бок асобы са спісу, умоўна, партыі будуць атрымліваць месцы ў Каардынацыйнай радзе прапарцыйна галасам, пададзеным за спісы кандыдатаў. Чым больш галасоў атрымае нейкі спіс, тым больш яго прадстаўнікоў трапяць у КР. У аднаго выбарніка будзе толькі адзін голас, які ён можа аддаць за абраны спіс.

Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня. Акрамя таго, пасля выбараў трэці склад Каардынацыйнай рады сфармуе кансультатыўную Грамадскую палату для НДА.

Інтэрв’ю
Чаму выбары ў Каардынацыйную раду так доўга не могуць зладзіць? Тлумачыць былая віцэ-спікерка
2024.02.09 12:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў