З Беларусі ў Кракаў пераехаў прарасейскі актывіст. Ён прарочыў, што «змагары збягуць у Польшчу мыць посуд»


Заснавальнік руху «Антымайдан. Беларусь» Жан Чубукоў, які ў свой час стварыў петыцыю за забарону бел-чырвона-белага сцяга, пераехаў у Польшчу і запэўнівае, што ягоныя погляды «вельмі моцна змяніліся да лепшага». Як заўважыла «Наша ніва», мужчына напісаў пра гэта ў каментарах на сайце выдання dev.by.

Жан Чубукоў.
Фота: Жанн Чубуков / «Вконтакте»

Жан Чубукоў «засвяціўся» у каментарах на сайце выдання dev.by: ён параіў карыстальнікам спраўдзіць у базе зваротаў у КДБ, ці маюцца там даносы супраць іх і ад каго. «Таму што цяпер азлобленыя ябацькі гэта могуць рабіць рандомна і проста ад зайздрасці», – напісаў мужчына.

Яму прыгадалі, што яшчэ ў кастрычніку 2013 года ён стварыў петыцыю за забарону бел-чырвона-белага сцяга, які назваў «нацысцкім» (зварот сабраў 196 подпісаў), і спыталі, ці ўпэўнены актывіст, што ягоных даносаў у базе няма. Чубукоў на гэта адказаў:

«Абсалютна ўпэўнены. А што датычыць петыцыі, то так, было. Было і горай нават. Бо я асоба праактыўная і эмацыйная. Іншае пытанне, што за мізэрныя 11 гадоў мае погляды вельмі моцна змяніліся да лепшага».

У профілі Чубукова ў «LinkedIn» пазначана, што цяпер ён жыве ў Кракаве, працуе дата-менеджарам у ізраільскай IT-кампаніі «Expim». Раней, ад снежня 2019 года да лістапада 2022-га, такую ж пасаду займаў у фірме «Andersen Lab» у Менску.

Каментар Жана Чубукова ў сацсетцы «Вконтакте»

У верасні 2020 года Чубукоў зарэгістраваўся ў Гомлі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, від дзейнасці – камп’ютарнае праграмаванне. Як высветліў «Белсат», ІП дасюль дзее.

Актывіст у свой час адміністраваў паблік «Антымайдан. Беларусь», часта даваў каментары расейскаму беларусафобскаму выданню «EADaily» (там яго прэзентавалі як «беларускага палітычнага аналітыка»). Чубукоў, напрыклад, сцвярджаў у 2017 годзе, што «з маўклівага ўхвалення нанова сфармаванай нацыяналістычнай групоўкі ва ўладных элітах расейскамоўная бальшыня беларусаў зазнае цкаванне».

Каментар Жана Чубукова ў сацсетцы «Вконтакте»

Як заўважыў «Белсат», у 2014 годзе пасля анексіі Крыму пісаў у каментарах у сацсетцы «ВКонтакте», што не бачыць нічога дрэннага ў расейскіх войсках у Беларусі, «калі такая дапамога спатрэбіцца для аховы межаў ад нацысцкай хунты або статка вырадкаў з «плошчы»», і адзначаў, што беларускія сілавікі «і самыя дадуць рады»:

«Пры народным падтрыманні выспяткам пад азадак змагары будуць наноў, падвываючы, бегчы ў Літву і Польшчу мыць посуд».

У 2018 годзе Чубукоў у каментары «EADaily» (гэта апошняе яго згадванне на старонцы) крытыкаваў улады за дазвол святкавання 100-годдзя БНР:

«Санкцыянаванне ўладамі гэтага зборышча ў падтрыманне калабарацыяністаў – ганьба для краіны. Гэтак званае «святкаванне» збярэ, як звычайна, некалькі дзясяткаў асобаў. Но мы ж разумеем, што нават некалькі дзясяткаў нацыстаў у цэнтры Менску – гэта апаганьванне памяці кожнага чацвёртага жыхара гэтай краіны, які быў забіты нацыстамі і іх прыхільнікамі».

Аналітыка
«Няважна, кім ты працуеш у пекле». Беларусаў пасварыла эміграцыя ў Польшчу фатографкі БелТА
2024.02.14 18:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў