У Беларусі пасадзілі вагнэраўца, які ваяваў за Расею ва Украіне – ён алкаголік-рэцыдывіст


У Беларусі ў зняволенні знаходзіцца нарадзінец Украіны Яўген Комар, які пэўны час ваяваў супраць яе ў складзе расейскіх войскаў. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на звесткі «Digital Intelligence Team».

Яўген Комар.
Фота: nashaniva.com

Яўгену Комару 44 гады, родам ён з сяла Шолахава Дняпроўскай вобласці Украіны. Аднак амаль усё жыццё пражыў у Беларусі, у вёсцы Рудск Іванаўскага раёну, і мае беларускае грамадзянства. Не жанаты, дзяцей няма.

Мужчына ўпершыню атрымаў крыміналку ў 2001 годзе. За п’яную бойку з аднавяскоўцам яму далі паўгода арышту. Выйшаўшы на волю, Комар у сакавіку 2002-га нападпітку залез у краму «праз вакенца прыняцца хлеба» і скраў адтуль «матэрыяльныя каштоўнасці» – звычайна ў такіх выпадках крадуць закуску і алкаголь. Суд прысудзіў яму два з паловай гады калоніі. Год знялі па амністыі.

За тое, што Комар п’яным двойчы ўдарыў нажом вяскоўца, яму 10 студзеня 2004 года прысудзілі пяць гадоў калоніі, пасля дадалі тэрмін за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Вызваліўся ён толькі напачатку 2010-га.

У 2013-м супраць яго заводзілі крыміналку за збіццё знаёмай, але справа да суда не дайшла. Як і наступная справа за крадзеж невялікай сумы грошай. Аднак напрыканцы 2014-га Комар усё ж зноў трапіў за краты. Суд прызначыў яму 2 гады строгага рэжыму за паўторны крадзеж.

У 2019 годзе Комара зноўку арыштавалі – за крадзеж і ўхіленне ад нагляду. Суд прызначыў яму тры гады калоніі. Пасля яшчэ быў год пазбаўлення волі за парушэнне прэвентыўнага нагляду.

Па вызваленні ў траўні 2023 года Комар паехаў ваяваць у расейскую ПВК Вагнэра. З 23 чэрвеня па 9 жніўня 2023 года ён ваяваў на баку Расеі ва Украіне. Пасля яшчэ раз выязджаў у РФ, каб працягнуць службу. Але неўзабаве вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы ў Гомлі 24 верасня 2023 года.

На судзе мужчына казаў, што не ўхіляўся ад нагляду, а хацеў «паўдзельнічаць у СВА на баку Расеі». Аднак 11 снежня 2023 года Комару прысудзілі год калоніі за ўхіленне ад прэвентыўнага нагляду, а таксама прымусовае лячэнне ад алкагалізму, як і ў мінулыя сем разоў.

Нагадаем, што ў красавіку стала вядома, што ва Украіне загінуў былы жыхар Светлагорска, якога завербавалі ў ПВК Вагнэра падчас адбыцця пакарання ў РФ. Імя загінулага – Марат Суўханаў. Калі ён загінуў – невядома.

Hавiны
Колькі ў Беларусі расейскіх вайскоўцаў і вагнэраўцаў? «Гаюн» падзяліўся падлікамі
2024.03.17 13:21

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў