Улады ЗША заявілі аб узрослай тэрарыстычнай небяспецы ва ўсім свеце


Улады Злучаных Штатаў Амерыкі 17 траўня папярэдзілі пра тэрарыстычную небяспеку ва ўсім свеце. Паведамленне апублікаванае ў Міжнародны дзень змагання з гамафобіяй, трансафобіяй і біфобіяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вясёлкавы сцяг – сімвал ЛГБТ-супольнасці.
Фота: dvidshub.net, CC0

«Праз магчымасць тэрарыстычных нападаў, дэманстрацыяў або гвалтоўных дзеянняў супраць грамадзянаў і інтарэсаў ЗША Дзярждэпартамент рэкамендуе грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца за мяжой, праяўляць павышаную асцярожнасць. Дзяржаўны дэпартамент усведамляе рост патэнцыялу гвалту ў дачыненні да ЛГБТКІ+ людзей і падзеяў з боку замежных тэрарыстычных арганізацый і рэкамендуе грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца за мяжой, праяўляць павышаную асцярожнасць», – гаворыцца ў паведамленні.

Грамадзянаў ЗША заклікалі быць уважлівымі ў папулярных сярод турыстаў месцах, у тым ліку на прайдах і месцах, якія часта наведваюць людзі ЛГБТКІ+.

На сайце амбасады Злучаных Штатаў у Расеі 8 сакавіка з’явілася паведамленне пра магчымыя тэракты ў Маскве. Пазней падобныя папярэджанні выдалі Злучанае Каралеўства, Латвія, Канада, Нямеччына, Паўднёвая Карэя, Чэхія і Швецыя. У папярэджанні пра тэракт пісалі, што цягам наступных 48 гадзінаў – 8 і 9 сакавіка – неназваныя экстрэмісты плануюць атакаваць буйныя сходы ў Маскве, у тым ліку канцэрты. Ні 8-га, ні 9-га тэрактаў у Маскве не адбылося, але ўвечары 22 сакавіка адбыўся тэракт у Crocus City Hall.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў