Лукашэнка наведвае тэрыторыі, якія Азербайджан адваяваў у армянаў


Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў разам наведалі тэрыторыі, якія раней уваходзілі ў зону нагорна-карабахскага канфлікту і былі вернутыя пад кантроль Баку ў выніку баявых дзеянняў.

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў падчас наведвання тэрыторыяў, якія ўваходзілі ў зону нагорна-карабахскага канфлікту.
Фота: president.gov.by

Раніцаю 17 траўня Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў прыляцелі ў Фюзулі – Азербайджан аднавіў кантроль над гэтым паселішчам у кастрычніку 2020 года ў выніку ўзброенага канфлікту з армянамі. Паводле прэс-службы Лукашэнкі, палітыкі агледзелі тэрыторыі гораду, разбураныя аб’екты і перспектыўныя раёны для забудовы.

Потым Лукашэнка і Аліеў скіраваліся ў Шушу, які таксама вярнулі пад кантроль Азербайджану ў выніку баявых дзеянняў увосень 2020-га. Лукашэнка падарыў жыхарам Шушы трактары.

Раней Лукашэнка назваў ваенную аперацыю Азербайджану ў Нагорным Карабаху «вызваленчай вайной» і прапанаваў Баку спрыянне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторыяў. Аліеў у сваю чаргу публічна запрасіў беларускія кампаніі ўзяць актыўны ўдзел у адбудаванні карабахскай і ўсходне-зангезурскай зонаў. «Маштаб працаў, якія мы ажыццяўляем і будзем ажыццяўляць, грандыёзны», – заявіў прэзідэнт Азербайджану.

Разбор
Візіт Лукашэнкі ў Азербайджан: маштабы грандыёзныя, але зарабіць не атрымаецца
2024.05.17 08:00

Нагадаем, што Азербайджан цалкам вярнуў пад свой кантроль Нагорны Карабах увосень 2023 года, знішчыўшы самаабвешчаную армянскую Нагорна-Карабахскую Рэспубліку. Пасля гэтага рэгіён пакінулі практычна ўсе армяне.

Арменія – саюзніца Беларусі з АДКБ.

Каментар
«Дыктат Баку ў каардынацыі з Масквой». Чаму Арменія чакае новай вайны ад Азербайджану
2024.02.24 09:59

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў