У Беларусі абмяркоўваюць змены для ІП. Рыхтавацца да юрасобы, закрыцца ці проста працаваць?


У Беларусі пачалося грамадскае абмеркаванне праекту пастановы Саўміну «Аб прадпрымальніцкай дзейнасці». Яно будзе весціся да 25 траўня. Галоўная інтрыга – скарачэнне відаў дзейнасці, якімі змогуць займацца ІП. Выглядае, улады трохі прыслухаліся да грамадскай думкі і спіс прапануюць скараціць менш, чым планавалі першапачаткова. Аднак дзяржаву і не асабліва хвалююць наступствы закрыцця часткі ІП, адзначыла ў каментары «Белсату» экспертка BEROC Настасся Лузгіна. Даведаліся, чаго чакаць ад чарговых зменаў для прадпрымальнікаў і якія варыянты ў іх застаюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рынак ва Уруччы. Менск, Беларусь. 9 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

У апісанні праекту гаворыцца, што ён сцвярджае Палажэнне аб парадку фармавання і вядзення рэестру суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Таксама ён змяшчае пералік відаў дзейнасці, дазволеных для ІП, самазанятых і рамеснікаў.

Калі ІП працуюць у той галіне, якой няма ў пераліку, то яны абавязаныя спыніць працу або перайсці ў статус юрыдычнай асобы да канца 2025 года.

Настасся Лузгіна адзначае, што прапанаваны пералік даволі шырокі.

«Ёсць шэраг пазіцыяў, якія досыць буйныя і ўключаюць групы вытворчасці тавараў або аказання паслуг. Іх досыць шырока можна выкарыстоўваць і працаваць у рамках таго, што апублікавана. То бок пачынаючы ад вытворчасці, заканчваючы раздробным гандлем, транспартнымі паслугамі. Гэта ў прынцыпе мае папулярнасць. Раней была размова, што могуць прыбраць раздробны гандаль. Тыя ж паслугі тураператараў захаваліся. Што да, напрыклад, касметычных паслуг, цырульнікаў, паслуг манікюру і педыкюру, канкрэтна яны не пералічваюцца. Але яны ўваходзяць у больш шырокае паняцце, то бок імі таксама можна займацца індывідуальным прадпрымальнікам.

Аднак некаторыя віды дзейнасці былі скарочаныя. Напрыклад, гэта гуртовы гандаль. Гэта таксама тычыцца юрыдычных паслуг. Я не знайшла ў пераліку і маркетынгавых паслуг.

Можна сказаць, што хутчэй за ўсё ўлады прыслухаліся да думак грамадскасці. Мы бачым, што спіс скарацілі, але ў меншай ступені, чым гэта меркавалася першапачаткова. Хоць ІП не даюць асноўнай часткі ВУП, але ўсё роўна шмат людзей занятыя ў гэтай галіне, а частка людзей працуе паводле найму ў ІП», – кажа Настасся Лузгіна.

Hавiны
Плацяжы ў ФСАН стануць абавязковымі для самазанятых і рамеснікаў
2024.03.30 17:15

Палітычная зачыстка і павелічэнне падаткаў

На думку эксперткі, новаўвядзенні ўпісваюцца ў палітыку дзяржавы, скіраваную на ўсё большы кантроль прыватнай сферы і збор усё большых падаткаў. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка не любіць ІП і даўно пагражае паціснуць руку апошняму прадпрымальніку.

«Паколькі прадпрымальнікаў шмат і гэта невялікія бізнесы, за кожным наглядчыка не паставіш. Іх кантраляваць складаней. Таму пастараліся іхную колькасць такімі захадамі трохі скараціць.

Але ёсць чыста эканамічны момант. Гэты працэс пачаўся не сёння ў плане павелічэння падаткаў для ІП. Гэта пачалося некалькі гадоў таму, калі былі скарочаныя віды дзейнасці, у якіх плацілі адзіны падатак. Было наогул змененае падаткаабкладанне для ІП. Гэта ўжо прывяло да таго, што колькасць ІП скарацілася (мы бачым гэта нават для 2022 года), а падаткаў яны сталі плаціць больш.

Цяпер, нягледзячы на тое, што ты зусім маленькі прадпрымальнік, калі ты не трапляеш у пералік, падаткі ты мусіш плаціць ужо з больш стаўкамі як юрыдычная асоба», – кажа Настасся Лузгіна.

Праз такія захады ўсе ІП не закрыюцца і не зʼедуць, мяркуе нашая суразмоўца. Аднак пэўная частка так і зробіць. Дый людзі, якія плануюць адкрыць ІП, будуць больш схільныя адмовіцца ад гэтай ідэі.

«Рэгулярныя змены, нават не гэтая канкрэтная, а проста рэгулярныя змены: падаткаабкладанне, скарачэнне відаў дзейнасці, абмеркаванні ўвесь час – гэта, вядома, не дадае ўпэўненасці людзям у заўтрашнім дні. Нават нядаўна я чытала, як прадстаўнік аднаго з беларускіх банкаў казаў, што большая частка ІП, калі  закрываецца, дык менавіта з мэтай пайсці з гэтай сцежкі, а не для перафарматавання ў нешта большае, напрыклад, у юрыдычную асобу», – працягвае эканамістка.

Такія ўмовы не даюць развівацца бізнесу. Акрамя таго, у Менску з 17 жніўня 2021 года ўвогуле прыпыненая рэгістрацыя ІП.

Hавiны
За год у Беларусі стала на 10 тысячаў ІП менш
2024.02.04 08:30

Што рабіць, калі ІП не трапіла ў пералік?

«Складаная сітуацыя. І ў кожнага яна свая, натуральна. Калі чалавек разумее, што ягоная дзейнасць не трапляе пад умовы для ІП, то яшчэ некалькі месяцаў ён можа ёю займацца. І далей нешта вызначаць у гэтым кірунку. Усё ж такі ёсць людзі, нацэленыя на пашырэнне бізнесу. Яны могуць паспрабаваць адкрыць юрыдычную асобу і развівацца далей. Але трэба разумець, што гэта запатрабуе больш выдаткаў і адказнасці.

Яшчэ, можа быць, ёсць падобная дзейнасць у самазанятасці. Калі і тое, і другое не падыходзіць, то тады толькі выхад на рынак працы. У гэтым плане цяпер больш-менш проста, але тут таксама ўсё залежыць ад таго, чым чалавек займаецца, якая ў яго прафесія. У цэлым рынак працы адчувае дэфіцыт кадраў. І ў прынцыпе ў буйных гарадах знайсці працу не так складана», – кажа Настасся Лузгіна.

Калі ўсё ж такі пераходзіць у наём, то людзям можа быць складана, бо трэба працаваць зусім інакш і на кагосьці.

«Вядома, трэба ўвогуле не чапаць ІП і дазваляць ім развівацца далей. Таксама, нават калі людзі ідуць з ІП не праз змены заканадаўства, а проста хочуць паспрабаваць сябе ў найме, то трэба складаць праграмы, якія могуць іх адаптаваць да гэтага. Гэта мусяць быць праграмы з падтрыманнем ад дзяржавы і грамадскіх арганізацыяў, якіх у Беларусі практычна не засталося.

З іншага боку, чыноўнікі не надта баяцца, што беспрацоўе вырасце праз гэтае скарачэнне ІП, бо на рынку нястача кадраў і дрэнную або добрую, але нейкую працу знайсці можна», – робіць выснову Настасся Лузгіна.

Hавiны
Плацяжы ў ФСАН стануць абавязковымі для самазанятых і рамеснікаў
2024.03.30 17:15

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў