Беларусы жывуць ва ўмовах сталінскіх часоў – Ціханоўская на міжнароднай канферэнцыі «Impact»


Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Impact» у Познані. Цягам двух дзён спікеры абмяркоўваюць актуальныя для Еўропы пытанні.

Святлана Ціханоўская на канферэнцыі «Impact».
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

На канферэнцыі поглядамі на праблемы рэгіёну і спосабы ўладкавання справаў дзеляцца палітыкі Мішэл Абама, Радаслаў Сікорскі і Санна Марын, навукоўцы Тымаці Снайдэр ды Іван Красцеў, кіраўнікі банкаў, зорныя спартоўцы, спецыялісты ў медыях і IT-тэхналогіях.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў разважала на тэму перспектываў палітычных зрухаў у Беларусі і адказвала на пытанні.

У прыватнасці, Святлана Ціханоўская падняла тэму тэрору і ціску на рэжым.

«Амаль 4 гады мы змагаемся супраць дыктатуры. Калі казаць пра сітуацыю ўнутры краіны, беларусы жывуць ва ўмовах, што нагадваюць сталінскія часы. Жудасныя рэпрэсіі. Кожны дзень 15-20 людзей у нашай краіне затрымліваюць.

Толькі за тры месяцы гэтага года тысяча людзей рэпрэсаваныя. Агульная колькасць палітвязняў – каля 1,5 тысячы. Поўных лічбаў ніхто не ведае, бо вельмі небяспечна быць палітвязнем, бо стаўленне да палітвязняў у турмах нашмат горшае, чым да звычайных зняволеных», – сказала Святлана Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што рэжым імкнецца пасеяць страх і расчараванне сярод насельніцтва праз гвалт і русіфікацыю, але ў Беларусі існуе актыўны падпольны супраціў – у тым ліку кіберактывісты і народная выведка. Лідарка нагадала, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма падтрымання большасці беларусаў.

Таксама Ціханоўская акрэсліла практычныя крокі, праз якія еўрапейская супольнасць можа дапамагчы беларусам. Гэта дапамога незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасці, сінхранізацыя ціску на рэжым, візавае падтрыманне і інтэграцыя, падтрыманне еўрапейскай будучыні для Беларусі, супраца з дэмакратычнымі сіламі, прыцягненне рэжыму да адказнасці праз універсальную юрысдыкцыю.

Hавiны
«Рэжым Лукашэнкі значна менш стабільны, чым здаецца». Святлана Ціханоўская – пра змены ў Беларусі і тое, як трэба да іх рыхтавацца
2024.05.06 16:47

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў