БТ агітуе беларусаў на «працу сваёй мары» – на «Горадню Азот» з заробкамі ад 650 рублёў


Улады Беларусі актыўна шукаюць адразу 700 работнікаў на «Горадню Азот». Адпаведная абвестка з’явілася ў тэлеграм-канале «Агенцтва тэлевізійных навінаў» Белтэлерадыёкампаніі. Яго сярод іншага перапосціў і тэлеграм-канал Менскага гарвыканкаму.

«Гродна Азот»
Будынак заводу «Гродна Азот». Горадня, Беларусь.
Фота: Azot.by

«Шукаеш працу сваёй мары? Тады табе на «Горадню Азот»! Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі апублікавала больш як 700 вакансіяў, дзе патрабуюцца простыя працоўныя і супрацоўнікі найвышэйшага звяна. Абяцаюць годны заробак – да 5000 беларускіх рублёў. А яшчэ ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу, надаецца жыллё», – паведамляе БТ.

Аднак, як адзначае «Zerkalo», далёка не ўсім прапануюць заробкі пад 5000 рублёў. Гэтак, на завод патрэбныя сем апаратчыкаў выцяжкі, якім гатовы плаціць ад 650 да 1000 рублёў «бруднымі». Вогнеўпоршчыку прапануюць заробак 947 рублёў, электраманцёру – ад 948 да 1600 рублёў.

Машыніст помпавых установак можа мець за месяц 1377-1656 рублёў, а эканаміст збыту – ад 1200 да 1800 рублёў. Інжынеру-праграмісту будуць даваць заробак у памеры ад 2170 да 2325 рублёў. Галоўнаму бухгалтару хочуць плаціць 2137 рублёў, а вядучаму – 2775.

Высокія заробкі чакаюць хіба на топавых вакансіях. Гэтак, маркетолагу з пяцігадовым стажам працы прапануюць 4300 рублёў, а намесніку начальніка аддзелу – ад 4233 да 5291 рубля. Усе заробкі пазначаныя да выплаты падаткаў.

Агулам «Горадня Азот» шукае амаль 750 работнікаў, вынікае з банку вакансіяў. Гэта 10 % ад колькасці ўсіх працаўнікоў прадпрыемства станам на 2020 год (пазнейшыя звесткі не публікаваліся).

Нагадаем, 17 красавіка «Кіберпартызан» абʼявілі пра маштабную атаку на «Горадня Азот». Абʼяднанне заявіла, што былі ўзламаныя сістэмы аховы і камеры відэаназірання, парушаная праца кацельнага цэху. Таксама знішчаныя бэкапы баз даных.

«Каб аднавіць даныя, прыйдзецца дыктатару вызваліць усіх палітвязняў «Горадня Азота» + 75 палітвязняў з найгоршым станам здароўя (на наша меркаванне)», – заявілі «Кіберпартызаны».

На самім хімічным прадпрыемстве сітуацыю не каментавалі. А 3 траўня хакеры заявілі пра паўторную атаку на «Горадня Азот». Яны сцвярджаюць, што падчас першай у сетку прадпрыемства былі закладзеныя вірусы, якія спрацоўваюць па раскладзе.

Пасля гэтага гендырэктар Ігар Ляшэнка падпісаў забарону супрацоўнікам карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт.

Аналітыка
Расследавальнікі знайшлі новыя схемы, паводле якіх «Горадня Азот» абыходзіць санкцыі
2023.09.15 18:51

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў