Вядомага ілюзіяніста Копэрфілда вінавацяць у сексуалізаваным гвалце. Ён гэта адмаўляе


16 жанчын абвінавацілі амерыканскага ілюзіяніста Дэйвіда Копэрфілда ў сексуалізаваным гвалце і непрыстойных паводзінах. Пра гэта паведамляе брытанскае выданне «The Guardian».

Дэйвід Копэрфілд.
Фота: Homer Liwag / Wikimedia

Абвінавачванні закранаюць перыяд з канца 1980-х да 2014 года. Большасць жанчын расказалі журналістам, што на момант сустрэчы з ілюзіяністам былі непаўналетнімі, праўда, ён мог пра гэта не ведаць.

Сама меней тры жанчыны заявілі, што Дэйвід Копэрфілд прымусіў іх да сексу, папярэдне напампаваўшы наркотыкамі. Адбылося гэта ў 1988 і 1993 гадах.

У чатырох іншых выпадках жанчыны казалі, што фокуснік чапаў іх за інтымныя часткі цела або прымушаў іх дакранацца да яго падчас выступаў. Сябры адной з жанчын сцвярджаюць, што бачылі, як Копэрфілд чапаў яе за грудзі, калі той было 15 гадоў.

Адна жанчына расказала, што таксама пазнаёмілася з Копэрфілдам 15-гадовай. Пасля ён тэлефанаваў ёй позна вечарамі, дасылаў падарункі і квіткі на свае канцэрты. Калі дзяўчыне споўнілася 18 гадоў, яны з Копэрфілдам заняліся сексам паводле ўзаемнай згоды. Артысту на той момант было каля 38 гадоў. Для дзяўчыны гэта быў першы раз.

Адвакаты Копэрфілда падкрэслілі, што сувязь ілюзіяніста з дзяўчынай была законнай і працягвалася з узаемнай згоды чатыры гады. А вось іншыя заляцанні або неправамерныя дзеянні Копэрфілд адмаўляе. Ягоныя адвакаты назвалі ўсе абвінавачванні непраўдзівымі.

«The Guardian» піша, што артыст апынуўся пад пільнай увагай праз свае стасункі з амерыканскім мільянерам Джэфры Эпстайнам, якога абвінавачвалі ў сексуалізаваным гвалце і гандлі людзьмі. Але адвакаты кажуць, што іхны кліент «не ведаў пра жахлівыя злачынствы Эпстайна».

Масавы рух супраць сексуальнага гвалту і дамаганняў распачаўся ў кастрычніку 2017 года пасля таго, як выданні «The New Yorker» і «The New York Times» апублікавалі артыкулы з абвінавачваннямі на адрас галівудскага прадзюсара Гарві Ўайнстэйна. Многія актрысы (у іх ліку, напрыклад, Гўінэт Пэлтроў і Анджэліна Джоўлі) распавялі пра ягоныя сексуальныя дамаганні.

Неўзабаве пасля публікацыяў акторка Аліса Мілана запусціла ў «Тўітэры» флэш-моб #MeToo. У допісах з гэтым гэштэгам жанчыны і мужчыны расказвалі пра тое, як сутыкаліся з гвалтам і дамаганнямі. Рух падтрымалі ў многіх краінах свету.

У эпоху #MeToo фінансавыя кампаніі перагледзелі правілы стасункаў з жанчынамі-калегамі. Аўтары «Bloomberg» прыйшлі да высновы, што мужчыны з фінансавых кампаніяў на Ўол-стрыт пачалі прымаць супярэчлівыя стратэгіі ў паводзінах з жанчынамі, што ўскладніла жыццё апошніх. Пасля прызнання былога віцэ-прэзідэнта ЗША Майка Пэнса, што ён пазбягае абедаць з любымі жанчынамі, апроч сваёй жонкі, многія амерыканцы пайшлі ягонымі слядамі, што прывяло да маштабнай палавой сегрэгацыі ў бізнесе.

Hавiны
Медыі: Журналіста Панкаўца адхілілі ад працы пасля абвінавачванняў былой жонкі ў гвалце
2024.04.04 19:08

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў