У беларускай кватэры журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча выламалі дзверы, жытло апячаталі


Раніцаю 16 траўня супрацоўнікі МНС выламалі дзверы ў кватэры журналіста-фрылансера з Віцебску Змітра Казакевіча. КДБ апячатаў дзверы. У кватэры застаецца прапісаны няпоўнагадовы сын журналіста. Як усё адбылося, Казакевіч апавёў «Белсату».

Зміцер Казакевіч.
Фота: БАЖ

«Амаль нічога невядома. І я не ведаю, чаго яны хочуць. Для сябе я тлумачу так, што гэта нейкае запрашэнне на камунікацыю, нібыта намёк на тое, што я павінен на іх выйсці і запытацца: “Што ж вы робіце?” І тады яны са мною будуць размаўляць. На такую камунікацыю я не пайду, – кажа Зміцер Казакевіч. – Ведаю толькі, што ўсё адбылося 16 траўня недзе каля 6:40. Узламалі супрацоўнікі МНС. Да гэтага супрацоўнікі, я падазраю, што КДБ, цікавіліся, ці жыве тут хто, ці прыходзіць.

Я таксама не ведаю, ці быў там ператрус, навошта яны гэта зрабілі. Не ведаю, ці былі там панятыя. Бо ў мяне камунікацыі ні з кім паблізу няма, у мяне крыніца выпадковая, можна сказаць».

Журналіст з’ехаў з Беларусі ўлетку 2021 года, пасля ад’езду ніхто наўпрост з ім не звязваўся: ні з КДБ, ні з МУC:

«З 2020 года тую кватэру яны апаскудзілі сваймі ператрусамі тры разы. У ліпені 2021-га быў апошні ператрус. Мяне выпадкова не было ўдома, і я зразумеў, што трэба з’язждаць. Ведаю, што пасля прыходзілі нейкія лісты са Следчага камітэту, але што было ў тых лістах, проста не было каму паглядзець нават».

Казакевіч падкрэслівае, што арышт ягонай маёмасці прайшоў абсалютна незаконна:

«Калі яе сканфіскуюць паводле лукашэнкаўскіх законаў, то я яе вярну рана ці позна паводле законаў новай Беларусі. Кватэра двухпакаёўка была. З 2009 года мы там пражылі, 12 гадоў. Там, дарэчы, застаецца прапісаны мой няпоўнагадовы сын».

Hавiны
СК сабраўся судзіць яшчэ 104 беларусаў, якія святкавалі за мяжою Дзень Волі
2024.05.16 17:02
Аб’ектыў
Як рэжым Лукашэнкі нажываецца на сваіх апанентах?
2023.10.26 20:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў