Зброя, санкцыі і фактар Масквы. Што адбываецца ў беларуска-ўкраінскіх дачыненнях?


Парашэнка і Лукашэнка ў Кіеве, ліпень 2017 года. Фота - president.gov.by

На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны мусіць адбыцца першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі пасля прысуду карэспандэнту «Украінскага радыё» Паўлу Шаройку і ўвядзення Кіевам санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў. Belsat.eu прааналізаваў, з якім багажом узаемных прэтэнзіяў і крыўдаў падыходзяць дзве краіны да форуму, які пройдзе ў Гомлі 25-26 кастрычніка.

Афіцыйна Кіеў пакуль не пацвердзіў візіт Парашэнкі ў Гомель. Аднак удзел у Форуме рэгіёнаў кіраўнікоў дзяржаваў меўся на ўвазе ад самага пачатку. Сёлета ў верасні амбасадар Украіны Ігар Кізім распавёў журналістам, што візіт Парашэнкі ў Беларусь «плануецца».

Шпіёнскі скандал – арышты паводле абвінавачвання ў шпіянажы беларуса Юрыя Палітыкі ва Украіне (16 чэрвеня 2017 года) і ўкраінца Паўла Шаройкі ў Беларусі (25 кастрычніка 2017 года). Сёлета ў лютым Вярхоўны Суд Беларусі пакараў Шаройку 8 гадамі пазбаўлення волі. Суд над Палітыкам распачаўся ў Чарнігаве адначасова, аднак дагэтуль працэс амаль не прасунуўся наперад. КДБ таксама абвінаваціў у шпіянажы ўкраінскага дыпламата Ігара Скварцова, ён быў абвешчаны персонай нон-грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Кіеў і Менск зняпраўджваюць датычнасць сваіх грамадзянаў да шпіёнскай дзейнасці.

Між тым, аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што нявырашанасць «шпіёнскага скандалу», калі не сарве двухбаковую сустрэчу Парашэнкі і Лукашэнкі, то значна ўскладніць перамовы.

На сённяшні дзень абмен Шаройкі на Палітыку – гэта пытанне нумар адзін. Але і іншых праблемаў у беларуска-украінскіх дачыненнях хапае.

«Расейскія спецслужбы спрабуюць пасварыць дзве краіны»

Старшыня Цэнтру палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка ў інтэрв’ю belsat.eu назваў дынаміку стасункаў Украіны і Беларусі «вельмі неадназначнай». З аднаго боку гандлёва-эканамічныя дачыненні можна ахарактарызаваць пазітыўна: пасля 2015 года, калі пад уплывам актыўнай фазы баявых дзеянняў на Данбасе адбылося рэзкае падзенне таваразвароту, паміж дзвюма краінамі назіраецца паступовае аднаўленне гандлёвага балансу. Аднак у палітычным плане сітуацыя больш складаная.

Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка. Фота – inshe.tv

«Хаця фармальна Менск не прызнаў анексію Крыму, падчас галасавання на ўзроўні міжнародных арганізацыяў, у тым ліку ААН, Беларусь выступае на баку Расеі, чым вельмі незадаволеныя ў Кіеве. Наогул наладжванню адносінаў паміж Беларуссю і Украінай актыўна перашкаджае Расея. У тым ліку «шпіёнскі скандал» з’яўляецца, на мой погляд, наўпроставым наступствам актыўнасці расейскіх спецслужбаў, якія спрабуюць з розных нагодаў пасварыць дзве краіны. Частку гэтых праблемаў, на шчасце, атрымліваецца вырашыць праз добрыя асабістыя стасункі Парашэнкі і Лукашэнкі», – адзначае эксперт.

На складанасць двухбаковых дачыненняў звяртае ўвагу і беларускі палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

«Беларускі бок знаходзіцца пад вялікім уплывам Расеі, якому вельмі цяжка супрацьстаяць. У «шпіёнскім скандале» Кіеў таксама бачыць вялікі ўплыў Масквы. А з улікам таго, што ва Украіне хутка выбары, Парашэнка сам знаходзіцца пад ціскам грамадскай думкі праз тое, што ён не заняў жорсткую пазіцыю адносна Беларусі. Такім чынам, калі абмен Шаройкі на Палітыку не адбудзецца да форуму, ці пра гэта не будзе заяўлена падчас форуму, то чакаць значнай нармалізацыі адносінаў не выпадае», – мяркуе ён.

Якія прэтэнзіі мае Украіна

Паўло Шаройка

Амаль цягам году за кратамі ў Беларусі застаецца карэспандэнт «Украінскага радыё» Паўло Шаройка. Гэта самая відавочная праблема ў адносінах Менску і Кіева на дадзены момант. «Шпіёнскі скандал» не толькі сарваў запуск вяшчання ў Беларусі ўкраінскага тэлеканалу, але і моцна паўплываў на скарачэнне кантактаў на найвышэйшым узроўні. Апошні раз Парашэнка і Лукашэнка сустракаліся ў ААЭ 2 лістапада 2017 года. На той момант Шаройка ўжо быў арыштаваны, аднак грамадскасць яшчэ не ведала пра гэта. Пасля таго, як скандал стаў публічным, кіраўнікі дзяржаваў толькі двойчы размаўлялі па тэлефоне – у лютым і сакавіку 2018-га. За наступныя восем месяцаў пра кантакты двух лідараў нічога не паведамлялася.

Лукашэнка і Парашэнка ў Кіеве, ліпень 2017 года. Фота – president.gov.by

Прычым за гэты перыяд адбылася беспрэцэдэнтная для двухбаковых дачыненняў падзея: у траўні Пятро Парашэнка ўпершыню ўнёс у абноўлены санкцыйны спіс дзве беларускія кампанііМазырскі спіртагарэлачны завод і ААТ «Свет піва». Не выключана, што санкцыі маглі стаць наступствам расследавання «Белсату» пра гандаль Беларусі з ЛДНР, аднак афіцыйна ні ў Менску, ні ў Кіеве прычыны ўвядзення санкцыяў гэтак і не патлумачылі. Спробы belsat.eu высветліць, якія менавіта прэтэнзіі маюць украінскія ўлады да згаданых беларускіх прадпрыемстваў, поспеху не мелі: з украінскай амбасады журналістаў перанакіравалі ў беларускую амбасаду ў Кіеве, адтуль – у адміністрацыю Парашэнкі, а з адміністрацыі – у Раду нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. У РНБА запыт «Белсату» праігнаравалі. У СБУ паведамілі, што мазырскі завод і «Свет піва» не фігуруюць у крымінальных справах, распачатых на тэрыторыі Украіны.

Мазырскі завод гандляваў з ЛНР і ДНР праз Huge Sky LTD – фірму-пракладку з Гон-Конгу

Дэманстратыўная непразрыстасць украінскіх санкцыяў тлумачыцца цвёрдым намерам Кіева ўхіліцца ад адкрытай эскалацыі канфлікту з Менскам. Украінскія ўлады традыцыйна схільныя вырашаць усе двухбаковыя палітычныя праблемы за зачыненымі дзвярыма, каб адкрыты канфлікт з Беларуссю не выкарыстаў у сваіх мэтах Крэмль. Аднак факт увядзення Парашэнкам кропкавых санкцыяў сёлета сведчыць пра тое, што на праблему незаконнага гандлю паміж Беларуссю і ЛДНР украінскі бок больш не можа заплюшчваць вочы. Магчыма, травеньскія санкцыі былі своеасаблівым папярэджаннем беларускім уладам: калі Менск не зробіць высновы, Украіна можа пайсці на істотнае пашырэнне санкцыйнага спісу (нагадаем, паводле расследавання «Белсату» у гандлі з ЛДНР удзельнічаюць дзясяткі беларускіх прадпрыемстваў).

Відавочна, незадаволенасць Кіева выклікае і той факт, што беларускія спецслужбы ўхіляюцца ад паўнавартаснага пераследу прарасейскіх баевікоў, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе. Пасля чатырох выракаў байцам ДНР-ЛНР восенню 2017-га – вясной 2018-га (двое былі пакараныя пазбаўленнем волі, яшчэ двое адпраўлены на «хімію») пра арышты і прысуды былым баевікам больш не паведамлялася. Хаця інфармацыя пра іх знаходжанне на тэрыторыі Беларусі час ад часу з’яўляецца ў адкрытых крыніцах. Гэтак, сёлета ў ліпені Служба бяспекі Украіны распавяла СМІ пра беларускіх грамадзянаў у складзе «ПВК Вагнэра». Журналісты belsat.eu высветлілі, што прынамсі частка меркаваных наймітаў без перашкодаў наведвалі Беларусь і не мелі тут ніякіх праблемаў з законам. Аднак гэтая пытанне, як і пытанне гандлю з ЛДНР, на афіцыйным узроўні амаль не каментуецца.

Беларускі спіс «Вагнэра»: 2 з 11 забітыя. Дзе цяпер астатнія?

Адна з нешматлікіх тэмаў, па якой украінскія палітыкі дапускаюць публічную крытыку дзеянняў афіцыйнага Менску – гэта падтрыманне Беларуссю пазіцыі Расеі падчас галасавання ў ААН па Крыме. Хаця дэ-факта паводзіны Беларусі на міжнародных пляцоўках мала на што ўплываюць, Кіеў кожны раз успрымае прарасейскае галасаванне беларускай дэлегацыі як несяброўскі крок, які сведчыць пра тое, што Лукашэнка – перш за ўсё хаўруснік Пуціна.

Пра шчыльную супрацу Масквы і Менску нагадвае і яшчэ адна скандальная тэма: знікненне летась у Гомлі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба, які, паводле ўкраінскага боку, быў выкрадзены ФСБ і незаконна перапраўлены ў Расею. Афіцыйны Кіеў дагэтуль не атрымаў ад Міністэрства замежных справаў Беларусі тлумачэнняў наконт абставінаў затрымання Грыба.

Якія прэтэнзіі мае Беларусь

Лукашэнка на сустрэчы са Засям і Лапо, 24 верасня 2018 года. Фота – president.gov.by

Форум рэгіёнаў у Гомлі адбудзецца на фоне шэрагу гучных заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра небяспеку кантрабанды ўкраінскай зброі ў Беларусь.

«Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, у тым ліку зброя перапраўляецца. Мы мусім закрыць мяжу», – заявіў Лукашэнка 24 верасня.

Пазней Лукашэнка паўтарыў тэзіс пра ўкраінскую зброю падчас сустрэчы з экс-прэзідэнтам Віктарам Юшчанкай. Адначасова сакратар Савету бяспекі Станіслаў Зась пацвердзіў наяўнасць гэтай праблемы, якая нібыта раней проста не афішавалася. «Я не магу сказаць дакладна па колькасці, але пра гэта нам падказваюць і расейскія калегі, якія ў сябе выяўляюць, што гэта зброя ідзе праз нас да іх і наадварот», – дадаў ён.

Пазней старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо агучыў лічбы: цягам 2018 года на беларуска-украінскай мяжы канфіскавана каля 180 адзінак зброі і больш за 13 тыс. боепрыпасаў. Украінскія памежнікі, у сваю чаргу, зняпраўдзілі заявы беларускага боку пра кантрабанду зброі.

Раптоўная занепакоенасць Лукашэнкі мяжой з Украінай з’явілася праз тры дні пасля перамоваў з Уладзімірам Пуціным у Сочы. Некаторыя аналітыкі выказалі здагадку, што гэтыя дзве падзеі былі наўпрост звязаныя: нібыта закрыць мяжу Менск вырашыў па просьбе Масквы. Аднак украінскі бок ўспрыняў рыторыку беларускіх уладаў спакойна.

Кіеўскі палітолаг Уладзімір Фясенка адзначыў у размове з belsat.eu, што ў Кіеве ставяцца да заяваў Лукашэнкі пра зброю паблажліва і не бачаць у іх выкліку.

«Я ўпэўнены, што няма нейкай значнай кантрабанды зброі з Украіны ў Беларусь, хіба толькі асобныя выпадкі. Але ў страху вочы вялікія. Лукашэнка асцерагаецца Расеі, дыскамфортна адчувае сябе праз эканамічны і палітычны ціск Масквы. Але больш за ўсё ён баіцца беларускага Майдану. Таму гэтыя заявы ўспрымаюць у Кіеве з улікам характару Лукашэнкі, яго схільнасці да канспіралогіі, ягонай палітычнай пазіцыі», – адзначае эксперт.

Чаго чакаць ад Форуму рэгіёнаў?

Лукашэнка і Парашэнка. Фота – president.gov.ua

Сустрэча Лукашэнкі і Парашэнкі ў Гомлі (калі яна сапраўды адбудзецца) наўрад ці запомніцца нейкімі прарыўнымі рашэннямі. Хутчэй за ўсё, публічна кіраўнікі дзяржаваў абмяжуюцца традыцыйнай рыторыкай пра сяброўства народаў, а вынікі абмеркавання сапраўды вострых палітычных пытанняў агучаныя не будуць.

Аднак Форум рэгіёнаў – выдатны шанец для Кіева і Менску перайсці да нармалізацыі дачыненняў пасля працяглага «пахаладання».

Калі бакі не прыйдуць да кампрамісу, то трэба чакаць паглыблення крызісу стасункаў Беларусі і Украіны. Што, у сваю чаргу, будзе на карысць геапалітычным інтарэсам Крамля, які настойліва імкнецца ўцягнуць Менск у сваё супрацьстаянне з Украінай і Захадам.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары