Міністэрства замежных спраў Украіны не атрымала ніякага адказу ад беларускага боку аб знікненні ў Гомлі ўкраінца Паўла Грыба і перавозкі яго ў расейскае СІЗА ў жніўні 2017 года.
Пра гэта «Украінскай праўдзе» паведамілі ў дыпламатычным ведамстве.
«Па стане на сёння мы не атрымлівалі ад Беларусі тлумачэнняў, чаму ён быў затрыманы, якія былі абставіны яго знікнення», – сказалі ў МЗС.
На дадзены момант афіцыйных папярэджанняў адносна наведвання Беларусі ўкраінцамі няма, але МЗС Украіны ўсё ж рэкамендуе ўкраінскім грамадзянам быць асцярожнымі пры наведванні нашай краіны.
«З улікам сітуацыі з Грыбам і іншых выпадкаў, калі людзей выкрадалі на тэрыторыі Беларусі, трэба быць больш асцярожнымі пры наведванні гэтай краіны, тым больш, улічваючы, што яна мае агульную ўязную зону з Расеяй і ўваходзіць у адзіную ваенна-палітычную прастору з ёй», – сказала прэс-сакратарка МЗС.
***
Раней бацька Паўла Ігар Грыб паведаміў, што 22 лютага ўпершыню за 3 месяцы ўкраінскім консулам удалося наведаць яго сына.
Ён адзначыў, што паводле словаў консула, хлопец вельмі бледны, працягвае скардзіцца на дрэнны стан здароўя, моцны боль у страўніку, агульную слабасць і страту вагі. Таксама бацька паведаміў, што з лістапада мінулага года кіраўніцтва СІЗА не перадало Паўлу ніводнага ліста ад родных.
Як вядома, Павел Грыб знік 24 жніўня ў Беларусі. На аўтастанцыі Гомля яго выкралі невядомыя людзі ў цывільным і перадалі іншым невядомым людзям у нейкім лесе. Больш за суткі яго трымалі ў памяшканні без вокнаў, пасля чаго адвезлі ў Смаленскай вобласці, дзе аформілі арышт.
Беларусь сваёй віны ў выкраданні ўкраінца расейскімі спецслужбамі не прызнае. Міністэрства замежных спраў Беларусі не адказала на ноты Украіны пра абставіны затрымання расейскімі сілавікамі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба ў Гомлі.
15 снежня 2017 году суд Краснадара працягнуў тэрмін утрымання пад вартай Грыба да 4 сакавіка 2018 года.
КА, belsat.eu