Беларускі спіс «Вагнэра»: 2 з 11 забітыя. Дзе цяпер астатнія?


Сталі вядомыя імёны ўсіх 11 беларусаў, якія, паводле Службы бяспекі Украіны, ваявалі ў шэрагах так званай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэра». Раней украінскія спецслужбы агучылі імёны толькі шасці байцоў. Belsat.eu разбіраўся, дзе цяпер знаходзяцца беларусы-вагнэраўцы і што пра іх вядома.

26 ліпеня Служба бяспекі Украіны апублікавала даклад, прысвечаны «ПВК Вагнэра» – дэ-факта сакрэтнаму падраздзяленню расейскага войска, якое неафіцыйна падначалена Генштабу РФ. Сярод іншага, СБУ заявіла, што ў «Вагнэра» служылі 11 грамадзянаў Беларусі. Імёны 6 з іх былі апублікаваныя ў адкрытай частцы дакладу: гэта Аляксандр Ступніцкі, Сяргей Сазанаў, Канстанцін Гірс, Вадзім Юшкевіч, Эдвард Давыдаў і Руслан Бабінін.

Скрыншот з ліпеньскага дакладу СБУ

Belsat.eu звярнуўся ў прэс-службу СБУ з афіцыйным запытам, просячы прадаставіць імёны 5 беларусаў-вагнэраўцаў, што не трапілі ў даклад.

Жывыя і мёртвыя

Паводле Службы бяспекі Украіны, акрамя ўжо названых баевікоў, у шэрагах «ПВК Вагнэра» ваявалі (або ваююць):

  • Андрэй Бакуновіч, 40 гадоў. Камандзір групы снайпераў у «ПВК Вагнэра», мае грамадзянства і Беларусі, і РФ;
  • Сяргей Кузняцоў, 44 гады. Разведчык 1-га аддзялення 2-га выведвальна-штурмавога ўзводу 1-й выведвальна-штурмавой роты;
  • Уладзімір Курыненка, 42 гады. Камандзір 1-га ўзвода 3-й выведвальна-штурмавой роты;
  • Вадзім Аляксандравіч Васілеўскі, 34 гады. Пазыўны «Мядзведзь». Загінуў 3 ліпеня 2015 года каля сяла Раёўка Луганскай вобласці;
  • Вадзім Кліменцьевіч Васілеўскі, 44 гады. Пазыўны «Маршал». Загінуў 31 жніўня 2014 года падчас баёў у Луганскім аэрапорце. Меў грамадзянства і Беларусі, і РФ.

Пра смерць на Данбасе двух Васілеўскіх (яны не сваякі, а проста цёзкі) было вядома даўно. Вадзім Кліменцьевіч Васілеўскі нарадзіўся ў Менску, але працяглы час жыў у Калінінградзе, меў расейскі пашпарт. Паводле ягоных таварышаў – служыў у расейскім спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання. Але пахавалі Васілеўскага пад Менскам, на Заходніх могілках.

Вадзім Аляксандравіч Васілеўскі не менш за пяць гадоў праслужыў у 5-й асобнай брыгадзе спецназу ў Мар’інай Горцы, сышоў у запас у званні маёру. Потым працаваў інструктарам у фізкультурна-аздараўленчым таварыстве «Дынама», ды ў фірме, што прадавала аўтазапчасткі. У яго засталіся сын і старэйшая дачка, якой ужо 14 гадоў. Пахавалі Вадзіма Васілеўскага ў вёсцы Зарэчча Сталбцоўскага раёну – летам 2015 года ў эфіры «Белсату» выйшаў пра гэта сюжэт.

Аднак пра датычнасць загінулых беларусаў да «ПВК Вагнэра» тады не было вядома. Што не дзіўна: пра існаванне «ПВК Вагнэра» шырокая аўдыторыя наогул даведаецца толькі ў сакавіку 2016 года.

Ніякіх слядоў Уладзіміра Курыненкі ў інтэрнэце наогул няма. Пра Сяргея Кузняцова вядома толькі тое, што нарадзіўся ён у Івацэвічах. Паводле службы даведкі, на чалавека з такімі дадзенымі ў Івацэвічах зарэгістраваны хатні тэлефон, аднак некалькі спробаў belsat.eu пагутарыць з Кузняцовым сканчаліся нічым: пачуўшы, што мы хочам пагутарыць з Сяргеем Мікалаевічам, жанчына на другім канцы дроту адразу кідала слухаўку.

Снайпер-рэкардсмэн

Больш звестак можна знайсці пра Андрэя Бакуновіча. Нарадзіўся ён у Беларусі, ягоныя сваякі па лініі маці жывуць у Калінкавічах. Сваякі па лініі бацькі жывуць у Расеі, а сам ён, калі верыць сайту «Міратворац», прапісаны ў горадзе Лянтор Цюменскай вобласці.

Некаторы час таму ва ўкраінскія СМІ трапіў рапарт камандзіра снайперскага ўзвода ад сакавіка 2015 года, дзе Андрэй Бакуновіча прадстаўляюць да расейскага «Ордэна Мужнасці» за «выконванне баявых задач» пад Дэбальцава. Праўда, на гэтым дакуменце імя Бакуновіча і яшчэ аднаго байца выкраслены – магчыма, менавіта таму, што яны не з Расеі.

Рапарт на ўзнагароджанне. Крыніца – суполка “Ихтамнет_м0209”

Невядома, калі Андрэй Бакуновіч далучыўся да «ПВК Вагнэра». Але яшчэ ў 2014 годзе ён, відаць, служыў па кантракце ў расейскай арміі. Як пісалі расейскія СМІ, на вайсковых спаборніцтвах па стральбе ў чэрвені 2014 года снайпер Андрэй Бакуновіч з першага выстралу трапіў у 5-рублёвую манету са 100 метраў.

Пагутарыць са сваякам Бакуновіча ў Калінкавічах не атрымалася – усё яны катэгарычна адмаўляюцца адказваць на любыя пытанні наконт Андрэя. Дзе цяпер знаходзіцца сам снайпер – невядома. Аднак час ад часу Беларусь ён дакладна наведвае – на старонцы ягонай маці ў «Аднакласніках» можна знайсці агульнае сямейнае фота з удзелам Андрэя Бакуновіча, зробленае ў верасні 2015 года ў Калінкавічах. То бок, ужо пасля таго, як ён паваяваў супраць украінцаў пад Дэбальцава.

Андрэей Бакуновіч (трэці справа) з сям’ёй у Калінкавічах. Фота – “Аднакласнікі”

Акаўнты ў сацсетках Андрэя Бакуновіча, ягонай жонкі, брата жонкі і цешчы былі выдалены неўзабаве пасля таго, як спасылкі на іх з’явіліся на «Міратворцы». Пры спробе звязацца з жонкай Бакуновіча Ліліяй праз яе новы акаўнт у «Вконтакте» карэспандэнт belsat.eu адразу трапіў у «чорны спіс».

Ці была кампенсацыя за загінулых?

Паводле шэрагу крыніцаў, за загінулага ў баю вагнэраўца сем’ям выплачваюць грашовую кампенсацыю памерам ад 3 да 5 млн. расейскіх рублёў (каля 45-75 тыс. долараў). Але ці атрымалі такія кампенсацыі сем’і беларускіх наймітаў? І ці ведалі яны наогул пра тое, што іх блізкія ваявалі ў складзе «ПВК Вагнэра».

Магіла Вадзіма Васілеўскага. Ён загінуў на Данбасе

Бацькі Вадзіма Аляксандравіча Васілеўскага размаўляць з журналістамі адмовіліся. Ягоная маці, спадарыня Людміла, патлумачыла, што смерць сына дагэтуль застаецца вялізарным болем і яна проста не можа казаць пра гэта. Калі журналіст belsat.eu запытаўся ў бацькі, ці ведаў ён пра тое, што сын ваяваў у «Вагнэра», спадар Аляксандр наогул адрэагаваў вельмі рэзка – праўда, з ягонай рэакцыі стала зразумела, што пра датычнасць Вадзіма да «ПВК Вагнэра» ён чуе не ўпершыню:

«Я не хачу больш чуць гэтыя казкі! Хто вы такі, каб задаваць мне такія пытанні?».

Першая жонка Вадзіма Васілеўскага Анастасія прызнаецца: хаця пасля разводу яны падтрымлівалі сяброўскія стасункі, пра тое, што Вадзім паехаў на Данбас, яна даведалася ўжо пасля яго смерці.

«Мне патэлефанавалі ягоныя бацькі і сказалі, што Вадзім загінуў. Маці распавяла, што ён павёз на Данбас гуманітарную дапамогу і па дарозе ягоная машына ўзарвалася, – прыгадвае Анастасія, – А пра «ПВК Вагнэра» я чую ўпершыню, пра грашовую кампенсацыю таксама. Да мяне дакладна ніхто не звяртаўся па гэтым пытанні. Можа бацькі нешта ведаюць?..»

Вадзім Васілеўскі быў пахаваны побач са сваякамі ў вёсцы Зарэчча

Тое, што Вадзім Васілеўскі вазіў на Данбас «гуманітарку» – гэта версія, якой стараюцца прытрымлівацца ўсе ягоныя сваякі. Аднак сябра Вадзіма Аляксей Шабуневіч, былы сілавік, не сумняецца ў тым, што Васілеўскі на Данбасе ваяваў. Праўда, пацвердзіць або зняпраўдзіць інфармацыю, што ваяваў ён менавіта ў «Вагнэра», Шабуневіч не можа.

«Я даведаўся пра тое, што Вадзім паехаў ваяваць не адразу. Ён тэлефанаваў мне некалькі разоў і з размовы я зразумеў, што ён на Данбасе. Я не распытваў падрабязнасці – у нашым асяроддзі не прынята задаваць шмат пытанняў у такіх выпадкаў, цябе ж могуць слухаць і свае, і чужыя. Як я паставіўся да рашэння Вадзіма? Многія з тых, хто служыў, потым не знайшоў сябе ў цывільным жыцці. Вось ён вырашыў знайсці сябе ў «гарачай кропцы». Таму паставіўся да гэтага спакойна», – распавядае ён.

Дэталі смерці Вадзіма Васілеўскага Шабуневіч даведаўся ад ягоных таварышаў па Данбасу:

«Яны ехалі па трасе, украінскія беспілотнікі навялі артылерыю і ён трапіў пад абстрэл. Было наўпроставае трапленне – ад яго нічога не засталося. Парэшткі Вадзіма апазналі па кавалку наколцы ВДВ, якая была ў яго на целе».

Магіла Вадзіма Васілеўскага. Ён загінуў на Данбасе

Да таго, што бацькі Васілеўскага не хочуць размаўляць з журналістам Шабуневіч ставіцца з разуменнем:

«У Беларусі ёсць артыкул аб найміцтве. Не ведаю, ці траплялі дзеянні Вадзіма пад гэты артыкул. Але я разумею бацькоў, якія не хочуць ачарніць імя свайго сына крымінальным пераследам – няхай ужо і пасмяротна».

Дзе цяпер беларусы-вагнэраўцы?

Як вынікае з адказу СБУ, украінскія спецслужбы не ведаюць, дзе цяпер знаходзяцца беларусы-вагнэраўцы. Звестак пра тое, што беларускія праваахоўнікі распачалі супраць іх крымінальныя справы – няма. Пры гэтым, паводле дадзеных belsat.eu, 5 чалавек са спісу СБУ да нядаўняга часу жылі або рэгулярна наведвалі Беларусь.

Аляксандр і Анастасія Ступніцкія. Фота – VK

Гэтак Аляксандр Ступніцкі пражываў разам з жонкаю Анастасіяй (ураджэнкаю Данецку) у Воршы, на вуліцы 1-й Маладзёжнай, прынамсі да канца ліпеня. Пра гэта нам распавяла суседка Ступніцкіх. Паводле яе, маладая пара жыла там не менш за год, праблемаў з праваахоўнымі органамі не мела. Суседка не ведае, ці быў Аляксандр на Данбасе, але чула, што некалькі гадоў таму ён з’язджаў за мяжу «па працы».

Пад’езд дому ў Воршы, дзе да нядаўняга часу жыў Аляксандр Ступніцкі з жонкаю

Пасля публікацыі дакладу СБУ Ступніцкія паехалі адпачываць у Крым і дагэтуль не вярнуліся. Мяркуючы па акаўнту жонкі – цяпер яна ў Данецку разам з сынам. Дзе Аляксандр – невядома.

Дачка былога міліцыянта Сяргея Сазанава Лера распавяла belsat.eu, што бацька цяпер жыве ў Расеі, але рэгулярна прыязджае ў Беларусі, каб наведваць дзяцей. Паводле дачкі, спецслужбы не праяўлялі ніякай цікаўнасці да Сяргея – да сваякоў не прыходзілі ні з ператрусамі, ні з пытаннямі. У тое, што бацька найміт «ПК Вагнэра» – Лера наогул не верыць:

«Усе ведаюць, што ў 2014 годзе ён ездзіў на Данбас, перавозіў гуманітарную дапамогу. Магчыма, праз гэта і пайшлі чуткі».

Газета “Дняпровец” у 1998 годзе прысвяціла артыкул міліцыянту Сяргею Сазанаву

Ураджэнцы Наваполацку Канстанцін Гірс і Вадзім Юшкевіч таксама ніякіх праблемаў у Беларусі дагэтуль не мелі.

Вадзім Юшкевіч, фота – VK

Паводле сяброў Юшкевіча, яшчэ жніўні ён дакладна быў у Наваполацку. Суседзі бацькоў Гірса кажуць, што час ад часу бачаць Канстанціна разам з жонкаю. Пра тое, што Гірс ваяваў – чуюць упершыню (нагадаем, раней ён у размове з belsat.eu зняпраўджваў інфармацыю СБУ). Самі бацькі размаўляць са СМІ катэгарычна адмовіліся.

Канстанцін Гірс, фота – VK

Перыядычна наведвае родны Іванава і 27-гадовы Эдвард Давыдаў, хаця сам даўно працуе і жыве ў Расеі, сцвярджаюць ягоныя сябры.

Hавiны
«Хлопцы ваююць за пуцінскія грошы, а ФСБ іх прыкрывае». Як працуе «ЧВК Вагнэра», да якой належыў беларус Ярашэвіч
2017.10.13 11:15
  • Акрамя 11 асобаў, пералічаных СБУ, ёсць звесткі, што ў шэрагах «ПВК Вагнэра» ваяваў мінімум яшчэ адзін беларус – 42-гадовы гамяльчук Аляксей Ярашэвіч. Ён загінуў у Сірыі ў верасні 2017 года.
  • «ПВК Вагнэра» дэ-факта з’яўляецца сакрэтным падраздзяленнем расейскага войску і неафіцыйна падначалена Генштабу РФ. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнэраўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнэраўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў «ПВК Вагнэра» – каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.
  • Падраздзяленне атрымала назву праз пазыўны яе камандзіра – былога падпалкоўніка 2-й асобнай брыгады спецназу ГРУ Дзмітрыя Уткіна. Паводле расейскіх СМІ, пазыўны «Вагнэр» Уткіна ўзяў сябе, бо ў свой час захапіўся гісторыяй Трэцяга Райху (Рыхард Вагнэр – любімы кампазітар Адольфа Гітлера).
Стужка навінаў