Пуцін паставіць перад Лукашэнкам пытанне аб вайсковай прысутнасці ў Беларусі?


У Сочы 21 верасня мусяць адбыцца перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна з удзелам чальцоў урадаў дзвюх краінаў. Верагодна, падчас заўтрашняга саміту ўзамен на эканамічныя датацыі Пуцін будзе дабівацца ад Лукашэнкі палітычных саступак – у тым ліку ў пытанні расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі.

Кола эканамічных пытанняў, што абмяркуе кіраўніцтва Беларусі і Расеі падчас сустрэчы, была акрэслена на афіцыйным узроўні вельмі выразна. Ключавыя з іх:

  • Нафта. Гэтае пытанне ўключае ў сябе і аб’емы паставак расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь, і кампенсацыя наступстваў расейскага «падатковага манеўра», і механізм так званай «ператаможкі».
  • Крэдыты. Як заявіў прэм’ер Сяргей Румас, на перамовах будзе абмяркоўвацца рэфінансаванне крэдытаў на суму ў $ 1 млрд, а таксама пералічэнне дзвюх апошніх траншаў крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на суму ў $400 млн. То бок, агулам гаворка ідзе пра атрыманне беларускім бокам $ 1,4 млрд.

Наконт палітычнага парадку дня афіцыйныя асобы публічна не выказваліся. Аднак сам факт удзелу ў перамовах Пуціна і Лукашэнкі (у тым ліку запланаваная сустрэча тэт-а-тэт) падразумевае, што абмяркоўвацца будзе не толькі эканоміка. У любым выпадку, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей паабяцаў, што перамовы будуць «вострыя».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуціна падчас сустрэчы ў Сочы. Фота kremlin.ru

Чаго хоча Менск

Лукашэнка за апошні месяц ужо двойчы публічна прызнаваўся, што эканоміка – гэта ягоны адзіны страх. У нармальным функцыянаванні эканомікі (прынамсі на яе цяперашнім узроўні) ён бачыць залог унутранай стабільнасці свайго палітычнага рэжыму. Аднак апошнія крокі і дэкларацыі Расеі ў нафтавай сферы выглядаюць сапраўдным выклікам для лукашэнкаўскай Беларусі.

Па-першае, з наступнага года пачынае дзейнічаць так званы расейскі «падатковы манеўр» – паступовае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. Як вынік, Беларусь будзе больш плаціць за расейскую нафту і менш атрымліваць ад экспартных пошлінаў. З 2024 года Менску прыйдзецца купляць сыравіну ўжо па сусветных цэнах. Бакі нібыта згодныя абмеркаваць механізмы кампенсацыі наступстваў манеўра для беларускай эканомікі, аднак яе памеры і ўмовы атрымання пакуль невядомыя.

Расейскія мыты на экспарт нафты і нафтапрадуктаў скароцяцца, а падатак на яе здабычу – вырасце.

Па-другое, Расея мае намер скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў з 2 млн. тон у год да 100-300 тыс. тон – прынамсі такія лічбы агучыў напачатку верасня дырэктар дэпартаменту падаткавай і мытнай палітыкі Мінфіну РФ Аляксей Сазонаў.

Па-трэцяе, Масква відавочна не задаволена механізмам нафтавай «ператаможкі», адпаведна з якім у беларускі бюджэт пералічваюцца экспартныя пошліны з 6 млн. тон расейскай нафты.

Агулам крокі Масквы ў нафтавай сферы могуць прывесці да скарачэння даходаў бюджэту Беларусі прыкладна на 20% (ацэнка Мінфіну), а таксама паставіць на мяжу выжывання беларускія НПЗ, чыя прадукцыя стане неканкурэнтаздольнай нават на ўнутраным рынку.

З улікам гэтага мэты і задачы беларускага боку на перамовах становяцца відавочнымі. Лукашэнка хоча калі не цалкам дабіцца адмены планаў Крамля ў нафтавай сферы («падатковы манеўр», напэўна, ужо не скасаваць), то прынамсі звесці да бяспечнага мінімуму страты Беларусі.

Чаго хоча Масква

Цэлі і задачы Крамля на заўтрашніх перамовах не настолькі відавочныя. З аднаго боку, расейскія планы ў нафтавай сферы маюць зразумелае эканамічнае абгрунтаванне. Бюджэт Расеі ва ўмовах міжнародных санкцыяў адчувае недахоп у сродках, таму жаданне скараціць датацыі суседняй дзяржаве выглядае цалкам лагічна.

З іншага боку, як часта адзначаюць расейскія аналітыкі, Уладзімір Пуцін апошнія гады наогул не цікавіцца ні эканомікай, ні ўнутранай палітыкай – ён заняты выключна геапалітыкай. Відавочна, што нафту і крэдыты на перамовах 21 верасня Пуцін будзе разглядаць выключна як рычаг ціску на Лукашэнку, каб дамагчыся ад яго пэўных палітычных саступак.

Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Прынцып абмену расейскіх датацыяў на тыя ці іншыя беларускія паслугі ляжыць у аснове «братэрскіх» адносінаў Масквы і Менску. «Гэта (расейскія ільготы пры пастаўках нафты – belsat.eu) ж не нейкія падарункі Беларусі з боку Расеі. За гэтым жа крыюцца ў адказ нашы паслугі для Расейскай Федэрацыі. Я магу пералічыць, пачынаючы ад вайсковых баз і іншае, транзіту, межаў і абаронных пытанняў», – распавядаў Лукашэнка 25 жніўня ў інтэрв’ю «Беларусь-1». Аднак цяпер, відаць, у Крамлі мяркуюць, што ва ўмовах жорсткага супрацьстаяння з Захадам расейскія датацыі для Беларусі мусяць каштаваць даражэй.

Лукашэнка дае інтэрв’ю “Беларусь-1”, дзе тлумачыць вынікі сустрэчы з Пуціным. 25 жніўня 2018 года.

«І ў нас узнікае пытанне: дык чаго ж хочуць улады Расеі ад нас, ад Беларусі? І я Уладзіміру Уладзіміравічу тут задаў пытанне: мы хочам гэта ведаць».

Лукашэнка не ўдакладніў, што на гэта сказаў Пуцін. Не выключана, што адназначнага адказу ён на сустрэчы ў Сочы так і не пачуў. Між тым, у медыя-прасторы ўсё часцей сталі з’яўляцца радыкальныя прагнозы адносна беларуска-расейскіх адносінаў. У расейскім сегменце сеціва пішуць, што Пуцін нібыта мае намер адхіліць Лукашэнку ад пасады прэзідэнта або наогул правесці аншлюс Беларусі. Прычым калі раней такія сцэнары абмяркоўваліся выключна ў сацсетках і на маргінальных рэсурсах, то паступова падобны дыскурс пачаў выходзіць на ўзровень аўтарытэтных выданняў.

Арсень Сівіцкі

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі лічыць, што ў Крамлі ўсё больш успрымаюць паводзіны Беларусі як нелаяльныя, там незадаволеныя спробамі Менску развіваць адносіны з Захадам і Кітаем, а таксама займаць нейтральную пазіцыю ў расейска-украінскім канфлікце.

«Варта чакаць, што за саступкі ў эканамічнай сферы Расея будзе патрабаваць ад Беларусі саступак геапалітычных. Перш за ўсё, Масква будзе патрабаваць сінхранізацыі беларускай вонкавай палітыкі з вонкавай палітыкай Расеі па сірыйскаму канфлікту, па заходніх санкцыях і па ўкраінскім пытанні. Аднак самае галоўнае – гэта пытанне вайсковай прысутнасці Расеі на тэрыторыі Беларусі. Для Расеі стварэнне вайсковай інфраструктуры ў Беларусі, з аднаго боку, з’яўляецца адказам на актывізацыю NATO і ЗША ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, а з іншага боку гэта і пашырэнне свайго ўплыву на Беларусь. Цяпер любая эканамічная падтрымка з боку Крамля будзе звязана з гатоўнасцю Менску ісці на геапалітычныя саступкі, якія, на жаль, будуць падрываць наш суверэнітэт», – кажа А. Сівіцкі.

Якіх вынікаў чакаць

Калі Масква не пойдзе на істотныя саступкі па нафце і крэдытах, то Беларусь неўзабаве сутыкнецца з праблемай напаўнення бюджэту. Паколькі наступствы нафтавых рашэнняў Крамля з кожным годам будуць усё больш адчувальнымі, Лукашэнка пастараецца як мага хутчэй пераабрацца, каб вырашыць усе ўнутрыпалітычныя пытанні задоўга да наступлення піку крызісу. У такім выпадку правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у 2019 годзе – непазбежна.

Калі ж Пуцін даб’ецца ад Лукашэнкі тых ці іншых палітычных саступак, то гэта, напэўна, павялічыць пагрозу суверэнітэту Беларусі, што ў перспектыве можа мець трагічныя для ўсёй краіны наступствы.

Аднак малаверагодна, каб 21 верасня ў Сочы былі прынятыя нейкія прарыўныя рашэнні. Наўрад ці таксама Пуцін або Лукашэнка выйдуць з заўтрашніх перамоваў пераможцамі. Верагодна, абодва бакі пагодзяцца перанесці вырашэнне прынцыповых для сябе пытанняў на потым, разлічваючы выйграць час. Такі сцэнар у беларуска-расейскіх адносінах прыходзілася бачыць неаднаразова.

З тым, што саміт у Сочы не стане вырашальным і прарыўным згодны і Арсень Сівіцкі:

«Хутчэй за ўсё, варта чакаць пазітыўных вынікаў толькі па тых дамоўленасцях, якія Расея і так мусіла выканаць – я маю на ўвазе выдзяленне крэдытаў. Траншы Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на $400 млн і $1 млрд для рэфінансавання расейскай пазыкі – па гэтых пытаннях дамоўленасці ўжо былі, проста Расея свае абавязкі не выканала. Гэтае пытанне, думаю, будзе знята, а вось астатнія тэмы застануцца праблемнымі».

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў