У ААЭ Лукашэнка нечакана сустрэўся з Парашэнкам


Аляксандр Лукашэнка правёў сёння сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ў ААЭ. Цікава, што раней не паведамлялась пра магчымасць такой сустрэчы.

Паводле прэс-службы прэзідэнта Беларусі, Лукашэнка ў час сустрэчы высока ацаніў стан гандлёва-эканамічных і палітычных адносінаў паміж краінамі.

«Сёння ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць тыя пытанні, якія, магчыма, маюць патрэбу ў дадатковым імпульсе з нашага боку. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды былі людзьмі стараннымі: калі мы абяцаем, мы гэта робім. Я жадаю гэта вам гарантаваць і на будучыню», – заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка наведвае Абяднаныя Арабскія Эміраты з працоўным візітам. Падчас паездкі запланаваныя перамовы кіраўніка беларускай дзяржавы з кіраўніцтвам краіны, а таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бізнес-колаў, перадае БелТА.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны, у ходзе размовы бакі адзначылі аднаўленне працы двухбаковай дэмаркацыйнай камісіі і ўзмацненне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў дзвюх краін.

Акрамя таго, лідары абмеркавалі стан падрыхтоўкі да эканамічнага форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі, правядзенне якога запланавана ў Гомлі.

Бакі абмяняліся таксама меркаваннямі з нагоды падрыхтоўкі да Саміту Усходняга партнёрства, які павінен адбыцца 24 лістапада ў Бруселі.

З працоўным візітам у ААЭ 1-2 лістапада знаходзіцца і Пятро Парашэнка. Напярэдадні ён здзейсніў афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію. Пры гэтым ні сайт Парашэнкі, ні ягоны афіцыйны Твітар нічога не паведамляе пра сустрэчу з кіраўніком Беларусі.

Мінулы раз два прэзідэнты сустракаліся падчас візыту Лукашэнкі ў Кіеў 20-21 ліпеня. У наступныя некалькі месяцаў афіцыйны Менск быў уцягнуты ў шэраг скандалаў, што выклікала сур’ёзныя прэтэнзіі з боку ўкраінскіх уладаў да Беларусі.

Як стала вядома з расследавання «Белсату», прадукцыя дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў трапляе да сепаратыстаў праз расейска-украінскую мяжу, якая не кантралюецца афіцыйным Кіевам. Шэраг прадпрыемстваў нават не хаваюць, што гаворка ідзе пра наўпроставыя пастаўкі ў Данецк і Луганск. Беларускія заводы вырабляюць піва і гарэлку пад гандлёвымі маркамі кампаніяў з «ДНР», уладальнікаў якіх ва Украіне падазраюць у фінансаванні тэрарызму. Амбасадар Украіны Ігар Кізім заявіў, што калі інфармацыя з расследавання «Белсату» пацвердзіцца, то беларускія прадпрыемствы трапяць у «чорны спіс» і не змогуць пастаўляць сваю прадукцыю ва Украіну. Амбасадар дадаў, што афіцыйны Кіеў пастараецца, каб гэтыя санкцыі былі падтрыманы і Еўразвязам.

Напрыканцы жніўня ў Беларусі знік грамадзянін Украіны 19-гадовы Павел Грыб, які паехаў на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Афіцыйны Кіеў лічыць, што хлопца ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ. Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), ён быў у міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА. МЗС Украіны дагэтуль не атрымаў ад беларускага боку афіцыйнай інфармацыі пра абставіны затрымання ўкраінца Паўла Грыба на тэрыторыі Беларусі.

КА,belsat.eu

Стужка навінаў