Шмат для каго з сённяшніх прыхільнікаў беларускае літаратуры Васіль Быкаў – сімвал мужнага, гранічна праўдзівага пісьменніка, які, не зважаючы ні на які аўтарытарызм і дыктатуру, пісаў толькі тое, што думаў і адчуваў.
Сам бы аўтар «Сотнікава» толькі б усміхнуўся, бо такім ужо моцным і нязломным ніколі сябе не лічыў. Свой творчы шлях пачаў з бяскрыўдных гумарэсак у «Вожыку», якія прайшлі ў друку дастаткова незаўважна.
Калі намацваў напачатку 60-х у ваеннай прозе сваю тэму і стыль, то кіраваўся ў першую чаргу фармальнымі задачамі – Быкаву вельмі не хапала ў нашым прыгожым пісьменстве твораў, эстэтычна блізкіх Альберу Камю і нават (паводле агульнага настрою) Францу Кафку.
У Беларусі да падобных экзістэнцыяльных эксперыментаў паставіліся з лёгкай насцярогай, але, як заўсёды у падобных выпадках, дапамагла Масква. Васіля Быкава падтрымаў Аляксандр Твардоўскі, які са шляхетнай шчодрасцю друкаваў беларускага пісьменніка на старонках ліберальнага «Нового мира».
Увага і спрыянне Масквы, любоў інтэлектуальнай расейскай эліты да наватарскай творчасці Быкава, па-сутнасці і зрабілі яму імя, абераглі ад палону няўвагі, замоўчвання, ці нават рэпрэсій з боку роднага балота.
Нехта можа прыгадаць, а як жа «Мёртвым не баліць» і тая хваля крытыкі супраць пісьменніка, якая ўзнялася ў канцы 60-х? Так, гэта, безумоўна, было, але дастаткова кароткі час. Ужо з пачатку 70-х і да самага канца бытавання Савецкага Саюзу Васіля Быкава не чапаюць. Яго творы ледзьве не штогод экранізуюць, ператвараюць у спектаклі, оперу і нават балет, перавыдаюць у Еўропе ды Азіі. Пісьменніка ўганароўваюць самымі высокімі званнямі, словам – пры першым поглядзе Васіль Быкаў жыў з савецкай уладай у той жа гарманічнай згодзе, што, скажам, і Пятрусь Броўка.
Але гэта ізноў жа, толькі вонкавае і, безумоўна, падманлівае ўражанне.
Броўка ж тут згадаўся не дарма. З Васілём Быкавым на працягу 60-х яны асабліва не сябравалі. Цёплыя прыяцельскія стасункі пачаліся ў 70-ыя, калі аўтар «Сотнікава» так бы мовіць памірыўся з уладай, пачаў пазбягаць выразнай апазіцыйнай вастрыні згаданых «Мёртвым не баліць», калі не змог працягнуць руку падтрымкі Аляксандру Твардоўскаму ў няпросты для рэдактара «Нового мира» час.
Пад час адной з супольных пісьменніцкіх паездак Пятрусь Броўка нечакана прызнаўся Васілю Быкаву, што яго пакутуюць успаміны пра 30-ыя гады. Па-дзіцячы даверліва аўтар верша «Пахне чабор» прызнаўся, што яго найвялікшай марай было б перапісаць па-новаму свой тагачасны жыццяпіс. Быкава здзівіла, што Броўка (у адрозненні ад многіх) не апраўдваў сябе, не хаваўся, не звальваў свае ўчынкі (зрэшты, не такія ўжо страшныя і цалкам зараз зразумелыя) на тагачасную пачварную эпоху, закладнікам якой былі ўсе беларускія ацалелыя літаратары.
Броўка меў мужнасць дакараць сябе. Падобныя дакоры з’ядалі яго і, хутчэй за ўсё, прыспешылі смерць.
Васіля Быкава гэтая размова вельмі ўразіла. Яму пашанцавала жыць у больш ліберальныя паводле свайго аўтарытарызму хрушчоўска-брэжнеўскія часы. Але ж і ён не мог сказаць пра сябе, што не прыстасоўваўся да абставін, што не баяўся, не патанаў у кампрамісах і не рабіў так, як падказвае менавіта здаровы згодніцкі сэнс.
У адным са сваіх самых выразных і запамінальных герояў Рыбаку Васіль Быкаў чыста фізіялагічна дае чытачу адчуць увесь жах кампрамісу, калі паступовае згодніцтва, незаўважна нават для самога сябе, высушвае цябе, ператварае ў пустую абалонку. Васіль Быкаў як агню баяўся гэтага, а таму і выпісваў такіх вось рыбакоў у сваіх творах з такой сілай і экспрэсіяй, як бы даючы сабе зарок: зрабіць усё, каб не пераступіць мяжу, не ўваліцца да канца ў багну кампрамісу.
У часы перабудовы Быкаў адкрыта казаў пра сваё няўменне пісаць у стол. Гэта яго засмучала. Сваё такое натуральнае жаданне быць надрукаваным лічыў слабасцю. Многія пісьменнікі гэтага не разумелі і нават раздражняліся.
Быкаву ж, як і Броўку, балела.
Яму, чалавеку з абвостраным адчуваннем справядлівасці, не вельмі хацелася жыць паводле вымушаных правілаў савецкага ладу, але пераадолець сябе ён не мог. Заставалася толькі адно – увесь свой боль (наколькі гэта дазваляла цэнзура), крыўду, згрызоты сумлення, нават адчай выяўляць у дзівоснай прозе.
Сіла Быкава менавіта і была ў гэтай самакрытычнасці, у тым, што ён адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў 60-70-х гг. сказаў: «Герояў сярод нас няма. Усе мы – Рыбакі. Наша шчасце толькі, што жывем у больш-менш спрыяльных абставінах, калі не трэба адзін аднаго браць за горла».
Сяргей Піліпчэня belsat.eu