Быкаў: праўда, нязгода з канфармізмам і моц вобразаў


У дзень народзінаў народнага пісьменніка Васіля Быкава сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў ушанавалі памяць творцы – усклалі кветкі ды сказалі словы ўдзячнасці творцу.

«Тыя выпрабаванні, якія былі, калі ў чалавека застаецца гэтае імкненне да праўды, і ён яе гаворыць, і ён застаецца такім шчырым і адкрытым да канца сваіх дзён, і ўсё гэта прапісваецца, Вось тое, што кожны з нас на сваім месцы павінен рабіць тое, што ён павінен – Быкаў для мяне менавіта такая асоба», – кажа Вольга Гулева з Музею гісторыі беларускай літаратуры.

Музеі Васіля Быкава дзейнічаюць сёння ў Горадні і ў вёсцы Бычкі, дзе нарадзіўся творца. Вуліцы імя Быкава ёсць у васьмі гарадах Беларусі. За выключэннем сталіцы, хоць яшчэ ў жніўні 2014 года менчукі сабралі і перадалі ў Менгарвыканкам сто тысяч подпісаў за стварэнне вуліцы памяці творцы.

«Можа быць мы скептычна ставімся да ўсялякіх мемарыяльных дошак, да помнікаў, і гэтак далей, такія пакаленні ў нас вырастаюць, якія скептычна да гэтага адносяцца, але тым не менш, помнік Васілю Быкаву павінен стаяць і ў Менску, і ў Віцебску – на той зямлі, дзе ён нарадзіўся. Не трэба абстаўляць, як кажуць, усе гарады назвамі вуліц ягоным імем, але ў Менску, і ў яго на радзіме, павіннае быць ягонае імя ўшанаванае, у тым ліку і ў назве вуліц», – мяркуе паэт і публіцыст Сяргей Законнікаў.

Поўны акадэмічны збор твораў Быкава выпусціў таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў, а не дзяржава. Рыхтуецца затое ўсталяванне помніка Быкаву, непадалёк ад кінатэатру «Мір». Народнае абмеркавання макету помніка не запланаванае.

Тым часам творы Быкава актуальныя і сёння: пытанні маральнага выбару, чалавечай годнасці і нязгоды з подласцю ды хлуснёй застаюцца з кожным з нас усё жыццё.

«Важна гэтую эстафету памяці, як гэта ні банальна гучыць, не перарываць. Прыемна, калі тут не толькі сябры, аднадумцы, калегі Васіля Уладзіміравіча збіраюцца, але і звычайна моладзь прыходзіць. І сярод бел-чырвона-белых кветак заўсёды сінія васількі», – заўважае пісьменнік Алесь Пашкевіч.

І сёння на магілу пісьменніка цягам усяго дня менчукі прыносяць кветкі – як доказ сваёй удзячнасці і памяці.

Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа ITAR-TASS/ Forum