Украіна лагодней паставілася да педафілаў, чым Польшча

Руслан
Шошын

Кіеў прыбягае да новых практыкаў барацьбы з педафіламі, але робіць гэта значна ліберальней чым Варшава.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў законапраект пра ўтварэнне адмысловага рэестру яшчэ 13 снежня. Цяпер асуджаныя за дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да асобы якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, пажыццёва патрапяць у адпаведную базу дадзеных. Дарэчы ўзрост палавой згоды ў 2018 годзе акрэсліў яшчэ папярэдні прэзідэнт Украіны, Пятро Парашэнка. Дагэтуль там рабілі адмысловую судовую экспертызу, падчас якой высвятлялася ці ахвяра педафілу дасягнула «палавога ўзросту» ці не.

Адпаведная электронная база дадзеных будзе даступная не толькі для сілавікоў (пракуроры, паліцыя і г. д.), але і для кіраўнікоў вясковых, гарадскіх і абласных органаў улады і самакіравання. Цяпер, прымаючы на пасаду дырэктара дзіцячага садку ці школы, органы ўлады могуць (але не мусяць) праверыць біяграфію кандыдата па базе педафілаў. На яе стварэнне ўкраінскае міністэрства юстыцыі мае чатыры месяцы, пасля генеральны пракурор Украіны на працягу трох чарговых месяцаў павінен будзе ўключыць у гэтую базу ўсіх педафілаў, якія адбываюць пакаранне. Тых, якія ўжо пакаранне адбылі, у базу ўключаць раённыя пракуратуры. Закон добры, але мае адмысловы для ўкраінскіх палітыкаў стыль, каб, як кажуць, і ваўкі былі сытыя, і авечкі цэлыя. Хімічнай кастрацыі, прадугледжанай у першым чытанні, у другім чытанні ўжо не было.

У Польшчы стварылі інтэрнэт-рэестр педафілаў. Мінюст апублікаваў фотаздымкі 768 гвалтаўнікоў

Як гэта працуе ў Польшчы?

Закон, які дазволіў прымусовую хімічную кастрацыю педафілаў, быў прыняты польскім сеймам вясной 2018 года. А вось польская электронная база педафілаў (Rejestr Sprawców Przestępstw na Tle Seksualnym) даступная ад пачатку 2018 года для кожнага, хто ўмее карыстацца інтэрнэтам. На старонцы Міністэрства юстыцыі Польшчы ў агульным доступе размешчаны спіс «самых небяспечных педафілаў». Сярод іх ёсць і такія персанажы, якія былі асуджаныя альбо адбылі пакаранне не толькі за злачынствы сексуальнага характару, але і забойствы дзяцей. Сёння ў гэтай базе дадзеных больш за 760 прозвішчаў, пазначана таксама мясцовасць, дзе пражывае такі чалавек. Акрамя гэтага, гэтыя асобы павінны паведамляць у паліцыю, калі пераязджаюць у іншы горад. Калі гэтага не зробяць – арышт.

Фота: pixabay.com

Таксама ёсць зачыненая база «менш небяспечных» педафілаў. Там больш за 2600 прозвішчаў і вельмі дакладныя персанальныя дадзеныя (копіі дакументаў і адрас пражывання). Доступ да гэтай інфармацыі, у адрозненні ад Украіны, маюць дырэктары школаў, дзіцячых садкоў, асветніцкіх установаў для няпоўнагадовых, а таксама арганізатары дзіцячых летнікаў. Праверыць чалавека, які прэтэндуе на працу з дзецьмі, гэта іх абавязак. За невыкананне гэтага абавязку адказная асоба можа патрапіць у суд: закон прадугледжвае ў такіх выпадках арышт, абмежаванне свабоды альбо штраф не меншы за 1000 злотых (каля 250 еўра).

Ва Украіне, паводле падпісанага Зяленскім закону, правяраць могуць толькі кандыдатаў на кіраўнічыя пасады, а не шараговых працаўнікоў дзіцячых установаў. Таму ў параўнанні з Беларуссю ці Расеяй (там падобныя рэестры не існуюць) гэта вялікі крок наперад, але ў параўнанні з Польшчай выйшла недапрацовачка.

Іншыя тэксты аўтара чытайце па спасылке.

 

Глядзі таксама