Эквадор адмовіўся даваць прытулак Джуліяну Асанжу ў сваёй амбасадзе, дзе ён жыў апошнія сем гадоў.
Паводле лонданскай паліцыі, Асанж знаходзіцца пад вартай у паліцэйскім участку ў цэнтры Лондану. Агенцтва «Reuters» паведаміла, што ён арыштаваны па запыце ЗША.
Прэзідэнт Эквадору Ленін Марэна апублікаваў відэазварот у сваім «Twitter’ы», у якім заявіў, што адклікаў прытулак Асанжу праз неаднаразовыя парушэнні заснавальнікам «WikiLeaks» міжнародных канвенцый.
«WikiLeaks» таксама абвінаваціў Эквадор «у парушэнні міжнароднага права».
У афіцыйным «Twitterʼы» некамерцыйнай арганізацыі паведамляецца, што Асанжа могуць экстрадаваць у ЗША, дзе яму можа пагражаць нават смяротнае пакаранне за публікацыю сакрэтных дакументаў Пентагону. МЗС Вялікай Брытані сцвярджае, што заснавальніка «WikiLeaks» не экстрадуюць у ЗША.
Магчымай прычынай адмовы ў прытулку можа быць публікацыя пакету дакументаў «INA Papers».
У гэтых дакументах прасочваюцца аперацыі кампаніі INA Investment – афшора, які нібыта стварыў брат прэзідэнта Эквадору Эдвін Марэна.
У сакавіку міністр у справах камунікацыяў Эквадору Адрэс Мічэлена заявіў «CNN Espanol», што публікацыя з’яўляецца часткай змовы, якую Асанж, прэзідэнт Венесуэлы Мадура і экс-прэзідэнт Эквадору Рафаэль Карэа спланавалі, каб зрынуць урад Марэны. Адвакат Асанжа ў Эквадоры зняпраўдзіў датычнасць свайго кліента да публікацыі гэтых дакументаў.
7 снежня 2010 года Асанжа затрымала лонданская паліцыя. Тады ён добраахвотна прыйшоў у паліцэйскі ўчастак, а праз дзевяць дзён Высокі суд у Лондане выпусціў заснавальніка «WikiLeaks» з турмы пад заклад.
У 2012 годзе брытанскі суд распарадзіўся аб арышце Асанжа па справе аб выдачы яго шведскім уладам. Пасля гэтага Асанж схаваўся ў амбасадзе Эквадора ў Лондане.
У 2017 годзе шведская пракуратура закрыла крымінальную справу аб згвалтаванні, распачатую ў дачыненні да заснавальніка сайту «WikiLeaks». Асанж назваў справу палітычнай. Ён сцвярджаў, што ў выпадку экстрадыцыі ў Швецыю яго выдадуць уладам ЗША.
Шведскія пракуроры хацелі дапытаць Асанжа па справе аб згвалтаванні, якое нібыта мела месца ў сярэдзіне 2010 года, і сексуальных дамаганнях да двух жанчын-валанцёраў «WikiLeaks».
Некамерцыйная арганізацыя «Wikileaks» публікуе сакрэтную інфармацыю з ананімных крыніцаў.
ЮВ belsat.eu