Памёр хакер, які выдаў уладам ЗША інфарматара «Wikileaks»


Адрыян Ламо.
Фота: The Washington Post

Прычына смерці 37-гадовага Адрыяна Ламо, які выдаў уладам ЗША дадзеныя для арышту інфарматара «WikiLeaks» Чэлсі Мэнінг, невядомая, піша kentucky.com. Цела хакера знаходзіцца ў моргу.

Пра смерць Ламо паведаміў ягоны бацька Марыё. «Сышоў яркі розум і спачувальная душа», – напісаў ён у «Facebook’у».

У інтэрвʼю «The Guardian» у 2011 годзе Ламо (спрычыніўся да ўзлому базаў дадзеных «Microsoft» і сервераў газеты «The New York Times») заявіў, што рашэнне выдаць Мэнінг амерыканскім уладам «ціснула» на яго [у арыгінале: The decision was not one I decided to make, but was thrust upon me].

У 2013 годзе Мэнінг прысудзілі да 35 гадоў пазбаўлення волі. У траўні 2017 года яна выйшла на волю згодна з указам 44-га прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы, які ён падпісаў напярэдадні сыходу з пасады кіраўніка краіны.

Мэнінг перадала «WikiLeaks» засакрэчаныя дакументы, у тым ліку відэазапіс расстрэлу жыхароў Іраку (некаторыя мелі зброю) амерыканскімі вайсковымі верталётамі. Паводле розных звестак ахвярамі атакі сталі ад 12 да 18 чалавек. Сярод іх былі два працаўніка агенцтва «Reuters».

Мэнінг (раней Брэдлі Мэнінг – змяніў пол у 2015 годзе, знаходзячыся ў турме) служыла ў арміі ЗША ў якасці спецыяліста па аналізе дадзеных выведкі пры батальёне ў Іраку.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com, kentucky.com

Стужка навінаў