Што рабіць, каб не «кінулі» ў Польшчы?

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"

Пра што трэба памятаць пераязджаючы беларуска-польскую мяжу, каб вас не падмануў працадаўца ці раптам не выставілі рахунак на некалькі тысяч еўраў?

Летась мне давялося сустрэць у Варшаве старога знаёмага з Беларусі. Ён некалькі гадзінаў распавядаў пра варункі, у якіх яму даводзілася працаваць. На той момант ён быў уладкаваны ў фірме, якая гатуе, упакоўвае і дастаўляе замоўленыя абеды. Маўляў, адчувае сябе робатам, упакоўваючы сотні порцыяў за дзень і адначасова спачуваючы тым, хто гэтыя абеды замаўляў. Санітарныя ўмовы на кухні былі асобнаю тэмаю нашай размовы. Казаў, што ведае шмат «кінутых» украінцаў, якія ахвотна распавядуць польскаму журналісту пра свае прыгоды з працадаўцамі. Мне, журналісту-міжнародніку, не вельмі гэта было цікава, ды сябра нічога і не прасіў, а проста дзяліўся досведам беларускага эмігранта. Не наракаў, вельмі любіў Польшчу, асабліва паветра свабоды, якога яму так не ставала на бацькаўшчыне. Змагаўся за гэтае паветра – страціў выдатную працу, давялося з’язджаць. Звалі яго Зміцер Шэвель, ён памёр у торунскім шпіталі 30 студзеня. Не буду паўтараць ягонай гісторыі, але яна змусіла мяне да пэўнай рэфлексіі.

У Польшчы памёр беларускі апазіцыянер Зміцер Шэвель

Гарачай лініі няма

Толькі ў 2018 годзе беларусы атрымалі 700 тысячаў шэнгенскіх візаў. Каля паловы выдалі польскія консульствы ў Беларусі. З года ў год расце колькасць беларусаў, якія пачынаюць працаваць у Польшчы ды атрымліваць від на жыхарства. Акрамя гэтага, больш за 130 тысяч грамадзянаў Беларусі маюць карту паляка. Дык вось пры такой плыні ў Варшаве няма ніводнай беларускай арганізацыі, якая б магла юрыдычна ці матэрыяльна дапамагчы беларусам, якія трапілі ў складаную сітуацыю. У галаву прыходзіць толькі Беларускі дом, які, застаючыся ў вельмі складанай фінансавай сітуацыі, прабуе як-ніяк змабілізаваць беларускую дыяспару да салідарнасці і актыўнасці. На гэтым усё. Нават папулярная старонка «Migrant Info», куды раней можна было патэлефанаваць і атрымаць кансультацыю між іншым па-расейску, ужо як паўтара года не працуе.

Таму, калі вы прыехалі ў Польшчу, і так недарэчна склаўся лёс, што вас падмануў працадаўца, вы трапілі ў шпіталь ды ў вас да ўсяго гэтага няма медычнай страхоўкі, не разлічвайце, што да вас прыедзе беларускі консул і развяжа вашыя праблемы. Не прыедзе і не развяжа. Беларускія дыпламаты прыязджаюць пераважна ў выпадку смерці грамадзяніна Беларусі, каб выпісаць адпаведныя дакументы, альбо калі грамадзяніна Беларусі затрымае паліцыя за злачынства, і той будзе дамагацца прысутнасці беларускага консула. У прынцыпе нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо, калі б беларускія дыпламаты займаліся юрыдычна-прававою дапамогаю, іх павінна было быць у самой Варшаве хаця б чалавек сто. Можна толькі ўявіць, колькі дадатковай працы робіць польская паліцыя. Прыходзіць беларус, кажа, што яго, напрыклад, падманулі і не заплацілі, часта не гаворыць па-польску – яго не разумеюць, даводзіцца выклікаць перакладчыка і г. д. А да каго яму звяртацца? Няма да каго, і гэта вялікая праблема, а таксама выклік для беларускай дыяспары ды польскіх уладаў.

Польска-беларуская мяжа. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Пра што трэба памятаць?

У першую чаргу пра страхоўку. Выбірайце правераныя фірмы і ўважліва чытайце, ці вашая страхоўка пакрывае кошты лячэння. Цяжарным трэба абавязкова спраўдзіць, ці страхоўка пакрывае кошт родаў за мяжою. Дарэчы, цяжарныя ўладальніцы карты паляка, якія «жывуць у Польшчы», нараджаюць бясплатна. А што з тымі, якія прыехалі па набыткі і раптам прыйшлося нараджаць? Пра гэта ў законе нічога не пішуць. Беларускія грамадзяне з картаю паляка, якія стала жывуць у Беларусі, у Польшчы могуць карыстацца медычнаю дапамогаю толькі ў «надзвычайных выпадках». Карацей, калі вы прыехалі на выходныя ў Варшаву і зламалі нагу, то пры наяўнасці карты паляка вам накладуць гіпс, але лячыцца вам давядзецца ехаць у Беларусь. Горш, калі няма ані страхоўкі, ані карты паляка. Выставяць рахунак, пасля якога пра паездкі ў Польшчу можна будзе забыць на некалькі гадоў. Выехаць здолееце, але не факт, што атрымаеце візу пасля неаплачанага рахунку ў шпіталі.

Штомесячная прыватная страхоўка ў Польшчы можа вагаецца ад 50 да 500 злотых

Калі вы сабраліся ў Польшчу на працу, абавязкова правярайце працадаўцу. Паводле польскай Дзяржаўнай інспекцыі працы (Państwowa Inspekcja Pracy), толькі за паўгода летась без заробкаў у Польшчы засталася 21 тысяча працаўнікоў на больш за 51 мільён злотых (прыблізна 12 мільёнаў еўраў). Кожны з іх не атрымаў у сярэднім каля 800 еўраў. Адным з іх можаце стаць вы. Як праверыць працадаўцу? Добрае і вельмі складанае пытанне. Пачаць трэба з пошуку фірмы ў базе звестак Галоўнай дзяржаўнай статыстычнай службы (Główny Urząd Statystyczny). На старонцы https://wyszukiwarkaregon.stat.gov.pl/appBIR/index.aspx трэба ўпісаць нумары REGON, NIP альбо KRS вашага працадаўцы, каб спраўдзіць, ці такая фірма наагул існуе. Калі такая фірма ёсць, то будзе прынамсі з кім судзіцца, але калі чалавека ў базе няма, шукайце далей. Акрамя гэтага, трэба абавязкова пагугліць, пачытаць каментары альбо запытаць знаёмых беларусаў у Польшчы. Чытайце ўважна дамовы і ўдакладняйце, ці вашая дамова прадугледжвае гэтак званы сацыяльны пакет (страхоўку і г. д.). Праверыць, ці працадаўца вас сапраўды застрахаваў, можна ў любой дзяржаўнай медычнай пляцоўцы ў Польшчы, кожным шпіталі.

https://belsat.eu/news/vizau-na-zakupy-bolsh-nyama-ale-karotkaterminovyya-vizy-buduts-vydavatstsa-i-nadalej/

Дарэчы, калі вы пастанавілі зрабіцца бізнесоўцам у Польшчы, правярайце вашых патэнцыйных партнёраў на партале (https://www.big.pl/konsument/sprawdz-firme), які маніторыць польскі бізнес і штодня папаўняе спіс фірмаў, якія не разлічваюцца са сваймі контрагентамі. І памятайце: трапіўшы ў складаную і несправядлівую сітуацыю, пішыце, крычыце ў сацыяльных сетках, звяртайцеся да журналістаў. Галоўнае – не маўчыце!

Руслан Шошын belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў