Расследаванне Bloomberg пра амерыканскую кампанію, тэхналогіі якой блакавалі інтэрнэт у Беларусі


Амерыканская кампанія Sandvine Inc., тэхналогіі якой дапамаглі Беларусі заблакаваць асноўную плынь інтэрнэту падчас прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў мінулым месяцы, рэкламуе свае паслугі, абяцаючы, што з дапамогай сэрвісу можна ўнесці ў «чорны спіс» да 150 мільёнаў вэб-сайтаў, піша Bloomberg.

Па звестках дзвюх інфармаваных крыніц, гэтая заснаваная на прыватных інвестыцыях IT-фірма прадэманстравала сваё абсталяванне дзяржаўнай службе бяспекі Беларусі ў траўні 2020 г. Згодна дакументам, разгледжаным у Bloomberg, у маркетынгавых матэрыялах Sandvine ганарыцца сваімі магчымасцямі блакавання сайтаў. У дакументах паказана, што абсталяванне Sandvine таксама выкарыстоўваецца для кіравання сеткамі і іх абароны, а таксама можа забараніць карыстальнікам доступ да незаконнага кантэнту, такога як тэрарыстычная прапаганда або дзіцячая парнаграфія.

Hавiны
Як можна абысці блакаванне сайтаў і чытаць Belsat.eu у Беларусі
2020.08.21 11:49

Аднак на працягу некалькіх дзён у жніўні абсталяванне Sandvine для Deep Packet Inspection (тэхналогія для кантролю трафіку, а таксама блакавання сайтаў – заўв. «Белсат«) адыгрывала цэнтральную ролю ў цэнзураванні сацсетак, навін і месенджараў, якія выкарыстоўваліся мітынгоўцамі супраць перавыбрання прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта агенцтва Bloomberg паведаміла у мінулым месяцы. 9 верасня прэс-сакратар Белага дома Кейлі Макінані назвала выбары, якія прайшлі 9 жніўня, «сфальсіфікаванымі».

Марш герояў
Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Па звестках крыніц, абазнаных у дзейнасці кампаніі Sandvine у Беларусі, прадстаўнікі кампаніі сустракаліся з афіцыйнымі асобамі ў Беларусі, а затым праз падрадчыка даставілі абсталяванне для ўстаноўкі ў цэнтрах апрацоўкі дадзеных у Менску.

Сенатар ЗША Дзік Дурбін заклікаў Міністэрства фінансаў правесці расследаванне ў дачыненні да кампаніі Sandvine на прадмет магчымых парушэнняў санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі. Паводле інфармацыі Эрыха Ферары, эксперта па санкцыях з Вашынгтона, на працягу больш чым дзесяці гадоў гэтыя санкцыі ўводзілі абмежаванні на прадастаўленне амерыканскімі кампаніямі сродкаў, тавараў або паслуг, якія дапамагаюць Лукашэнку ці іншым асобам, якія ўдзельнічаюць у «дзеяннях або палітыцы, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты».

Марш Адзінства
Марш Адзінства ў Менску. 6 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Belsat.eu

У Sandvine адмовіліся ад каментароў. Прадстаўнік кампаніі раней паведаміў рэпарцёру Bloomberg аб палітыцы карпаратыўнай этыкі кампаніі. У ёй сцвярджаецца, што камітэт вызначае рызыку таго, ці будзе прадукцыя «наносіць шкоду правам чалавека». У 2017 годзе Sandvine была набыта каліфарнійскай прыватнай інвестыцыйнай фірмай Francisco Partners у рамках угоды коштам 444 мільёны даляраў. Затым Francisco Partners аб’яднала Sandvine з амерыканскай кампаніяй Procera Networks. Francisco Partners не адказалі на просьбу аб каментары.

10 верасня, падчас тэлеканферэнцыі Sandvine, арганізаванай у адказ на асцярогі супрацоўнікаў праз працу фірмы ў Беларусі, кіраўнікі заявілі, што яны працуюць з урадавай арганізацыяй у краіне ўжо больш за год. Кіраўніцтва кампаніі паведаміла, што Sandvine дала Беларусі тэхналогію, якая фільтруе каля 40% усяго інтэрнэт-трафіку, накіраванага ў краіну і з яе. Кіраўнікі заявілі, што праца не парушае амерыканскіх санкцый. Запіс размовы быў перададзена агенцтву Bloomberg.

Hавiны
У Беларусі стаў кепска працаваць інтэрнэт, шэраг рэсурсаў заблакаваныя
2020.08.09 12:17

Галоўны тэхнічны дырэктар Sandvine Аляксандр Хаванг падчас размовы прызнаў, што Беларусь можа выкарыстоўваць абсталяванне кампаніі для блакавання вэб-сайтаў і мэсэнджараў, але ён адзначыў, што Sandvine прыйшоў да высновы, што інтэрнэт і доступ да канкрэтных матэрыялаў на вэб-сайтах не з’яўляюцца «часткай правоў чалавека».

«Мы не хочам гуляць у сусветную паліцыю, – сказаў ён. – Мы лічым, што кожная суверэнная краіна павінна мець магчымасць усталёўваць сваю ўласную палітыку ў дачыненні да таго, што дазволена і што не дазволена ў гэтай краіне».

Марш жанчын
Удзельніцы Жаночага шэсця міру ў Менску размаўляюць з міліцыянтамі на плошчы Незалежнасці. 5 верасня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Выкрыццё Sandvine выклікала крытыку з боку амерыканскіх сенатараў, праваабаронцаў і беларусаў, якія пражываюць у ЗША, а таксама, паводле інфармацыі дзвюх дасведчаных крыніц, выклікалі ўнутраныя пратэсты ўнутры Sandvine.

«Было б вельмі трывожна, калі б Амерыканскія тэхналогіі выкарыстоўваліся апошнім дыктатарам Еўропы для блакавання інтэрнэту, у той час як тысячы людзей мірна пратэстуюць супраць скрадзеных выбараў і жорсткіх палітычных арыштаў, – сказаў Дурбін, дэмакрат з Ілінойса, у заяве Bloomberg. – Няма неабходнасці праводзіць даследаванні, каб зразумець, якія, верагодна, аўтакратычныя кліенты не павінны атрымліваць доступ да такой тэхналогіі. У сувязі з гэтым я задаў Міністэрству фінансаў пытанне аб тым, ці могуць быць якія-небудзь парушэнні існуючых выканаўчых указаў або санкцый ЗША ў дачыненні да гэтага пытання».

22 дзень пратэстаў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Сенатар Марка Рубіа, рэспубліканец з Фларыды, выступіў з аналагічнай крытыкай. «Паведамленні аб тым, што тэхналогія амерыканскай кампаніі выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі для цэнзуры і абмежавання доступу грамадзян да інтэрнэту ў Беларусі, выклікаюць трывогу», – сказаў ён. «Нядаўнія сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары былі азмрочаныя гвалтам і рэпрэсіямі супраць беларускага народа і палітычных апанентаў. ЗША і міжнародная супольнасць павінны падтрымаць беларускі народ у яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю».

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі не адказала на запыты аб каментарах.

Тэхналогію deep packet inspection (DPI) можна выкарыстоўваць для праверкі і кіравання інтэрнэт-сеткамі, фільтравання вірусаў і блакаванні хакераў, а таксама для ўстаноўкі прыярытэту адных тыпаў трафіку над іншымі. Па словах старэйшага навуковага супрацоўніка грамадзянскай лабараторыі універсітэта Таронта Крыстафера Парсонса, DPI таксама можа быць выкарыстана для праслушкі і онлайн-цэнзуры. Спецыяліст паведамляе, што правілы часам вызначаюцца інтэрнэт-правайдэрам або адміністратарам сеткі, але часта абсталяванне мае загадзя убудаваныя чорныя спісы.

На маршы Міру і Незалежнасці ў Менску, Беларусь. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu /

Урад выкарыстоўваў тэхналогію Sandvine, каб блакаваць доступ да сацыяльных сетак, такіх як Facebook і Twitter, месенджараў, такіх як WhatsApp Telegram, а таксама міжнародных сайтаў навін. Пра гэта агенцтва Bloomberg паведаміла ў мінулым месяцы.

У аўторак група беларускіх грамадзян, якія пражываюць у ЗША, напісала ў Francisco Partners ліст з просьбай «неадкладна выняць і адклікаць усё пастаўленае абсталяванне, тавары, сродкі або іншыя паслугі, якія выкарыстоўваліся або будуць выкарыстоўвацца ўрадам Лукашэнкі». У лісце, апублікаваным Bloomberg, ўтрымліваецца заклік да Sandvine «паказаць свету, што кампанія лічыць за лепшае быць разам з Беларуссю і іншымі краінамі, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду».

Пітэр Мічэк, галоўны юрысконсульт праваабарончай групы Access Now, заклікаў федэральныя ўлады правесці расследаванне ў дачыненні да кампаній Sandvine and Francisco Partners і паставіў пад сумнеў эфектыўнасць працы камітэта па дзелавой этыцы Sandvine.

«Верагодна, іх паслугі выкарыстоўваліся ў Беларусі для таго, каб прымусіць людзей замаўчаць і схаваць абуральныя парушэнні правоў чалавека», – сказаў Мічэк. – Вынікі тут кажуць самі за сябе. Незалежна ад зробленага імі аналізу, яго было недастаткова, і ён не дае нам шанцаў паверыць, што кампанія сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека».

Акцыя салідарнасці на 22 дзень пратэстаў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Паводле інфармацыі двух дасведчаных людзей, ціск на кіраўніцтва Sandvine ўнутры кампаніі таксама ўзмацніўся, і гэта выклікала хваляванні сярод супрацоўнікаў. Некаторыя з іх не ведалі пра працу ў Беларусі да таго, як пра гэта ў мінулым месяцы паведаміла агенцтва Bloomberg.

Паводле інфармацыі крыніц, на працягу апошніх двух тыдняў супрацоўнікі Sandvine у офісах у Канадзе, Швецыі і ЗША скардзіліся сваім менеджарам і распаўсюджвалі паведамленні і відэа аб сітуацыі ў Беларусі. Супрацоўнікі кампаніі задаліся пытаннем, ці дапамагае тэхналогія, якую яны дапамагалі распрацоўваць, беларускаму ўраду душыць мірныя пратэсты, у выніку якіх, паводле звестак ААН, было затрымана больш за 6000 чалавек, уключаючы журналістаў і мінакоў, а таксама адбыліся сотні выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання.

Падчас тэлеканферэнцыі ў чацвер супрацоўнікі кампаніі задавалі пытанні аб бізнесе кампаніі ў Беларусі і выказвалі асцярогі з нагоды шкоды для рэпутацыі Sandvine. Галоўны аперацыйны дырэктар Sandvine Марк Дрыджэр заявіў, што кампанія плануе захоўваць усю інфармацыю аб працы ўнутры кампаніі і папярэдзіў, што любыя супрацоўнікі, якія раскрываюць інфармацыю, могуць быць звольненыя.

«Мы адкрытыя для ўнутраных дэбатаў аб тым, як палепшыць сітуацыю, – сказаў галоўны тэхнічны дырэктар Хаванг.

– Бо з-за сітуацыі ў Беларусі ўсім ніякавата».

  • 15 верасня стала вядома, што кампанія Sandvine разарвала здзелку з Беларуссю, заявіўшы, што ўрад выкарыстоўваў яе тэхналогіі для парушэння правоў чалавека. Аднак гэта не значыць, што тэхналогіі Sandvine неадкладна перастануць працаваць у Беларусі.
Hавiны
Што рабіць, калі на выбары не будзе працаваць інтэрнэт? Некалькі асноўных парадаў
2020.08.07 16:52

На падставе матэрыялаў Bloomberg / пераклад МВ/АА belsat.eu

Стужка навінаў