Жыхары сталіцы паведамляюць пра павольную працу інтэрнэту. Шэраг сэрвісаў не працуюць, а некаторыя рэсурсы недасяжныя.
З раніцы сайт незалежнага назірання Zubr.in стаў недасяжным. Выглядае, што старонку заблакавалі па ІР. У сваю чаргу стваральнікі платформы прапаноўваюць карыстальнікам пісаць паведамленні пра парушэнні выбарчага заканадаўства праз Telegram-бот @zubr_assist_bot
Іншыя карыстальнікі паведамляюць, што павольна грузяцца файлы ў Telegram без проксі-сэрвісаў, кепска працуюць такія сэрвісы, як YouTube, Google, VPN-сэрвісы. Прычым праблемы ўзнікаюць не толькі ў карыстальнікаў мабільнага інтэрнэту, але і стацыянарнага ад Белтэлекам. Пазней паведамленні пра перабоі з інтэрнэтам паступілі з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Назіральнікі выказваюць меркаванне, што інтэрнэт у Беларусі мгуць наагул адключыць.
«Думаю, так, хутчэй за ўсё, часова і кропкава (але не факт, што стануць). Прычым у Беларусі заблакаваць інтэрнэт будзе складаней, чым у Кітаі, але прасцей, чым у Расеі», – распавёў TUT.by Міхаіла Клімараў, выканаўчы дырэктар некамерцыйнай арганізацыі «Таварыства абароны інтэрнэту».
Пра праблемы з сувяззю ў Беларусі паведамляе таксама Telegram канал «IT и СОРМ».
Калі ў Беларусі цалкам адключаць інтэрнэт, навіны можна паглядзець у эфіры «Белсату». Наш тэлеканал дасяжны праз спадарожнік «Аstra 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»).
СК belsat.eu