Польская салідарнасць. Як сабраць $ 30 млн за дзень?

Валанцёры «Вялікага аркестру святочнай дапамогі» на вуліцах Любліну. Фота Jacek Szydlowski / Forum

Варшаўскі фонд WOŚP цягам 28 гадоў паказвае ўсім краінам рэгіёну прыклад, як можна скансалідаваць грамадства.

Гэта той выпадак, калі ў галаву прыходзяць словы Джона Кенэдзі падчас інаўгурацыі ў 1961 годзе: «Не пытай, што твая краіна зрабіла для цябе, запытай, што ты зрабіў для сваёй краіны». Польская арганізацыя «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» (Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy, WOŚP) цягам 28 гадоў сабрала і перадала на падтрыманне польскай медыцыны больш за 1,2 мільярда злотых (паводле сённяшняга курсу гэта больш за 315 мільёнаў долараў).

Збіраюць нават у Танзаніі

120 тысяч валанцёраў, больш за 1700 штабоў у Польшчы ды не толькі. Дваццаць восьмы фінал WOŚP, які ладзяць раз на год, адбыўся 12 студзеня ў амаль трыццаці краінах. Звычайна валанцёры збіраюць грошы ў масавых месцах – крамах, на вуліцах, нават у грамадскім транспарце. Сёлета збіралі ў Еўропе, ЗША, Аўстраліі, Японіі, Мексіцы, Інданезіі ды Танзаніі. З 2019 года акцыю ладзяць таксама ў Маскве.

Сёлета за сабраныя сродкі набудуць вельмі каштоўнае абсталяванне для аддзелаў дзіцячай хірургіі, кардыяхірургіі ды нейрахірургіі.

Сёлятні фінал «Вялікага аркестру святочнай дапамогі». Варшава, 12 студзеня 2020 г. Фота Andrzej Hulimka / Forum

Колькі ж сабралі?

У пятніцу 17 студзеня фонд інфармаваў пра больш за 115 мільёнаў злотых (30 мільёнаў долараў), і гэта лічба можа павялічыцца да канца студзеня. Акрамя сабраных падчас фіналу сродкаў на вуліцы, працягваюцца шматлікія аўкцыёны. Польскія зоркі, спартоўцы, палітыкі, журналісты і грамадскія дзеячы выстаўляюць уласныя каштоўныя рэчы на аўкцыён, а сродкі цалкам перадаюць фонд. Ёсць і іншыя прапановы. Дачка былога прэм’ер-міністра Польшчы ды былога старшыні Еўрапейскай Рады Кася Туск прапануе шпацыр, экскурсію і вячэру ў горадзе Сопат, што над Балтыйскім морам. Актуальны кошт – амаль 10 тысячаў злотых (2600 долараў) і цана кожны дзень узрастае. Вядомы польскі журналіст Філіп Хайзэр выставіў на продаж свой «Fiat 126p», у пятніцу на папулярным польскім аўкцыёне «Allegro» ён каштаваў больш за 15 тысячаў злотых (амаль 4 тысячы долараў). Прыклады можна пералічваць бясконца. Да акцыі далучыліся амаль усе мабільныя аператары, якія заахвочваюць да высылання дабрачынных смс-паведамленняў і, што істотна, не бяруць для сябе ніякіх аплатаў.

Ежы Оўсяк. Фота Andrzej Hulimka / Forum

Палітыка і дабрачыннасць

У далёкім 1992 годзе полькі журналіст Ежы Оўсяк (Jerzy Owsiak), тагачасны вядоўца адной з праграмаў польскага радыё «Trójka» (трэцяя праграма Польскага радыё) спантанна зарганізаваў акцыю падтрымання дзяцей, якія з нараджэння маюць хваробы сэрца. Слухачы пачалі прысылаць грошы ў канвертах, Оўсяк грошы перадаў. У наступным годзе дабрачынная акцыя адбылася пры падтрыманні польскага дзяржаўнага тэлебачання TVP2. З таго часу Оўсяк раз на год быў вядоўцам вялікай медыйнай імпрэзы падчас фіналу Вялікага аркестру святочнай дапамогі. Няма ў Польшчы такога гораду, дзе ў гэты дзень не адбываюцца канцэрты і святочныя акцыі.

Да 2016-га ўключна галоўным медыйным партнёрам арганізацыі быў тэлеканал TVP2, аднак дарогі кіроўнай з 2015 года партыі «Закон і справядлівасць» і кіраўніка фонду Оўсяка разышліся. Адзін з галоўных дабрачынных дзеячаў краіны стаў адным з галоўных і гучных крытыкаў сённяшніх польскіх уладаў. У офісе фонду не было сілавікоў і ніхто не спрабаваў зачыніць WOŚP. З беларускага гледзішча гэта можа падавацца дзіўным, але так працуе дэмакратыя. Арганізацыя змяніла банк з дзяржаўнага на прыватны, а з 2017 года галоўны медыйны партнёр – прыватнае тэлебачанне TVN (тэлеканал з амерыканскім капіталам).

Удзельніца сёлетняй імпрэзы ў Гданьску трымае партрэт забітага Паўла Адамовіча. Фота Lukasz Dejnarowicz / Forum

Праўда, летась здарылася вельмі страшная падзея, якая абʼяднала ўсіх – ад левых да правых. 13 студзеня 2019-га злачынца забіў мэра Гданьску Паўла Адамовіча наўпрост на гданьскай сцэне WOŚP. Гэта моцна скалыхнула ўсю Польшчу, Оўсяк нават сышоў з пасады кіраўніка фонду. У тыя дні шмат хто думаў, што гэта канец аднаго з найвыбітнейшых эксперыментаў сучаснай Польшчы, які ёсць прыкладам для ўсіх краінаў нашага рэгіёну. Оўсяк вярнуўся, а трагедыя яшчэ больш узмацніла WOŚP, які далей мабілізуе палякаў рабіць добрую справу для сваёй краіны.

Аб’ектыў
Мэр Гданьску і сябра Беларусі Павэл Адамовіч памёр пасля нападу з нажом
2019.01.14 21:39

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў