Мэр Гданьску і сябра Беларусі Павэл Адамовіч памёр пасля нападу з нажом


Адзін з найбольш папулярных польскіх мэраў, сябра Беларусі – памёр мэр Гданьску Павэл Адамовіч, на якога ўчора напалі з нажом. Пятнаццаць гадзінаў лекары спрабавалі ўратаваць палітыка, больш за трыста жыхароў Гданьску здалі кроў для свайго мэра.

Пяць гадзінаў на аперацыйным стале і яшчэ дзесяць – змагання за жыццё. Мэр Гданьску Павэл Адамовіч памёр, не прыходзячы ў свядомасць, пасля ўчорашняга нападу на дабрачынным канцэрце.

«З глыбокім жалем мусім паведаміць, што мы прайгралі змаганне за жыццё мэра. На жаль, Павэл Адамовіч памёр, светлая памяць», – Томаш Стэфаняк, Універсітэцкі клінічны шпіталь у Гданьску.

Напад на Паўла Адамовіча адбыўся падчас фіналу ў Гданьску акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» – найбуйнейшай дабрачыннай акцыі ў Польшчы. На сцэну на адкрытым паветры забег мужчына з нажом і нанёс некалькі нажавых удараў палітыку.

«Ён хадзіў па сцэне і трымаў нож у правай руцэ, калі добра памятаю. І толькі крыкнуў, што сядзеў пяць гадоў у турме праз партыю «Грамадзянская платформа», – успамінае Ёанна Пагажэльска, сведка нападу.

Сябрам апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» быў і Павэл Адамовіч. Пра 27-гадовага нападніка польскія медыі паведамляюць, што, верагодна, той меў праблемы з псіхікаю, што нядаўна вызваліўся з турмы, дзе адбыў пакаранне за ўзброеныя напады на банкі. Нападніка затрымалі, пракуратура распачала следства.

«Сітуацыя змяняецца, што датычыць дзеянняў пракуратуры. Да гэтага часу гэта было абвінавачанне ў замаху на забойства, цяпер неабходная замена гэтага абвінавачання. Усе далейшыя дзеянні пракуратуры будуць працягвацца ўжо ў сувязі з абвінавачаннем у забойстве», – гаворыць Гражына Ваўрынюк, прэс-сакратар пракуратуры Гданьску.

Пракуратура мае праверыць таксама дзеянні фірмы, якая забяспечвала ахову канцэрту.

Павэл Адамовіч – адзін з самых папулярных гарадскіх мэраў, ён нязменна кіраваў Гданьскам з 1998-га года. На выбарах летась палітык набраў 65 адсоткаў галасоў. Мэр Гданьску меў беларускія карані і неаднаразова наведваў нашую краіну. Штогод горад прымае на адпачынак польскіх дзяцей з Беларусі. Павэл Адамовіч спрыяў таксама зачыненаму ўладамі Беларусі Коласаўскаму гуманітарнаму ліцэю. Уладзімір Колас, заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю:

«Яшчэ хіба некалькі дзясяткаў год таму мы першы раз трапілі ў Гданьск дзякуючы суполцы беларусаў Гданьску. Потым нашыя рэгулярныя візіты ў Гданьск атрымаліся па запрашэнні мэрыі Гданьску і пры падтрымцы мэрыі Гданьску».

Сапраўдны еўрапеец і польскі патрыёт Павэл Адамовіч абараняў правы меншасцяў ды мігрантаў, шмат зрабіў для іншых культураў, у тым ліку для беларускай.

«Не толькі ліцэй ён запрашаў. Мы рэгулярна ўдзельнічалі ў фестывалях культураў Гданьску і прадстаўлялі там беларускую культуру. Але там былі прадстаўнікі і немцаў, рускіх, украінцаў, грузінаў, і гэта вельмі цікавыя былі мерапрыемствы», – кажа Уладзімір Колас.

Дзякуючы працы Паўла Адамовіча ў міжнароднай школе Гданьску адкрылася аддзяленне беларускае мовы, куды паступаюць і ліцэісты, і дзеці мясцовае беларускае меншасці. У сувязі з трагедыяй ў Гданьску ды шэрагу іншых гарадоў Польшчы пройдуць маўклівыя вулічныя акцыі супраць гвалту і нянавісці.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu