Навукоўцы зафіксавалі ў Антарктыцы рэкордна высокую тэмпературу. Пра гэта піша агенцтва AFP.
У ноч на пятніцу, 14 лютага, упершыню ў гісторыі Антарктыды паветра прагрэлася там да 20,75 градусаў. Тэмпературу замяралі на палярнай станцыі, што знаходзіцца на востраве каля паўночнага ўскрайку мацерыка.
Як адзначыў бразільскі навуковец Карлас Шэфэр, рэкордна высокая тэмпература не звязаная з глабальным пацяпленнем. Паводле яго, гэта проста звесткі, якія атрыманыя «ў канкрэтны момант і якія не з’яўляюцца часткай доўгатэрміновага даследавання».
Тым не менш, піша AFP, навіна пра тэмпературны рэкорд можа ўзмацніць асцярогі адносна перагрэву планеты.
Паводле ААН, апошняе дзесяцігоддзе стала самым цёплым у Антарктыцы. Самымі гарачымі былі 2016 і 2019 гады. Студзень 2020 года таксама стаў самым цёплым студзенем за ўвесь час назірання.
МГ belsat.eu