У Антарктыдзе анамальная спёка


Тэмпература ў Антарктыдзе ўстанавіла новы рэкорд цеплыні – 18,3 градусаў цяпла! Гэта вышэй, чым папярэдні рэкорд зафіксавалі ў 2015 годзе амаль на градус! За апошнія 50 гадоў тэмпература кантыненту павялічылася на 3 градусы. Пры гэтым практычна ўсе ледавікі рэгіёну таюць.

Падталыя айсбергі і нібыта разгубленыя небывалай адлігай пінгвіны. Самы цёплы дзень за ўвесь перыяд назіранняў у Антарктыдзе зафіксавала аргентынская база «Эспэранса» ў чацвер, 6 лютага.

«Тое, што мы бачым, выклікае вялікую занепакоенасць. Антарктычны паўвостраў, дзе мы ўчора зафіксавалі гэты тэмпературны рэкорд, гэта паўночны захад, побач з Паўднёвай Амерыкай. Гэта адзін з рэгіёнаў планеты, дзе пацяпленне ідзе надзвычай хутка. Мы шмат чуем пра Арктыку, але менавіта гэтая частка Антарктычнага паўвостраву вельмі хутка награваецца. За апошнія 50 гадоў яна прагрэлася амаль на тры градусы Цэльсія», – кажа Клэр Наліс з Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.

Таксама паводле Міжнароднай метэаралагічнай арганізацыі, колькасць лёду, які Антарктыда губляе штогод, вырасла ў шэсць разоў у параўнанні апошнімі дзесяцігоддзямі! Апрача гэтага каля 87-мі адсоткаў ледавікоў уздоўж заходняга ўзбярэжжа Антарктычнага паўвостраву адступілі за апошнія 50 гадоў. А большая частка – за апошнія 12 гадоў.

«Чаму гэта важна? Гэта вельмі важна з-за павышэння ўзроўню мора. Ёсць два вялікія ледавікі, ёсць ледавік Pine Island і ледавік Thwaites. Растаючы, гэтыя ледавікі ствараюць вялікую праблему, калі гаворка ідзе пра павышэнне ўзроўню мора», – кажа Клэр Наліс з Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.

А ўзровень мора, пераразмеркаванне водных і паветраных плыняў наўпрост уплываюць і на тэрыторыю Беларусі.

«У нас ужо цяпер назіраюцца змены ў агракліматычных зонах, поўдзень краіны ўжо больш падобны на тэрыторыю Украіны, гэта тэндэнцыя будзе працягвацца, будзе цяплець, і гэта ўжо аказвае ўплыў на сельскую гаспадарку і на гаспадарку лясную!», – кажа Настасся Бекіш з Таварыства «Зялёная сетка»

Паводле суразмоўцы, сусветнае пацяпленне будзе асабліва заўважнае ўлетку, калі сярэднія паказнікі тэмпературы ў краіне вырастуць на 5 ці нават больш градусаў. І па такі прыклад далёка хадзіць не трэба. Гэтак, студзень 2020 года стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназірання ў Беларусі. Сярэдняя тэмпература паветра за месяц склала плюс 1,1 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 5,5 градусаў.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu