Мігранты на беларуска-польскай мяжы кідаюць камяні ў плот і польскіх памежнікаў


На беларуска-польскай мяжы зноў адбыліся сутыкненні мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца з беларускага боку, і польскіх памежнікаў. Мігранты кідаюць у металічны плот камяні, некаторыя з іх залятаюць на польскую тэрыторыю, паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Афіцэры памежнай службы стаяць побач са сцяной, пабудаванай для перадухілення перасячэння мігрантамі польска-беларускай мяжы ля Кузніцы, Польшча. 30 чэрвеня 2022 года.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Польскія памежнікі спрабуюць адганяць мігрантаў слезацечным газам. Паводле Памежнай аховы Польшчы, беларускі бок забяспечвае мігрантаў камянямі, галінамі дрэваў і іншым абсталяваннем для гвалтоўнага і незаконнага перасячэння мяжы.

«Беларускія службы, якія некалі адказвалі за ахову мяжы, цяпер займаюцца арганізацыяй і ўхваленнем яе незаконнага перасячэння. Падказваюць зручныя месцы для нелегальнага пераходу мяжы, – гаворыцца ў паведамленні Памежнай аховы Польшчы. – Цэгла, камяні, шчэбень, якія выкарыстоўваюцца для атак, ёсць ля плоту не выпадкова. Іх дастаўляюць беларускія службы, а дзеянні людзей, якія спрабуюць перайсці мяжу Польшчы насуперак дзейным правілам, пагражаюць жыццю і здароўю афіцэраў».

Польскі бок апублікаваў запіс, зроблены на ўчастку памежнай заставы ў вёсцы Дубічы-Царкоўныя. На відэа бачна, як памежнік ля плоту абараняецца шчытом, і чутныя гукі трапляння камянёў у металічныя канструкцыі плоту.

Апошнім часам Польшча ўсё часцей паведамляе пра тое, што мігранты з беларускага боку закідваюць польскіх памежнікаў камянямі і галінамі дрэваў. 22 ліпеня мігранты закідалі камянямі аўтамабіль польскіх памежнікаў і паранілі жаўнера. Таксама яны пашкодзілі службовую машыну польскай Памежнай аховы.

Hавiны
Польскія памежнікі распавялі, што мігранты сталі больш агрэсіўнымі і змянілі тактыку
2023.06.22 11:40

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў