Кіеў пад абстрэламі як аксюмаран: пабылі з кіяўлянамі, якія ўдома прызвычаіліся да вайны


Мы хадзілі па халодным Кіеве ў пошуках пашкоджанняў і разбурэнняў ад расейскіх абстрэлаў. На будынках пацярпелага ўніверсітэту імя Тараса Шаўчэнкі слядоў ужо не знайшлі, затое на Жылянскай зеўраў амаль цалкам разбураны дом пачатку ХХ стагоддзя – у цэнтры Кіева, блізу чыгуначнага вакзалу. Па-будзённаму праходзілі мінакі, у кавярню заклікала аляпаватая надзіманая фігура, на вакзале абвяшчаліся цягнікі – звычайны расклад буйнога еўрапейскага гораду. Я правяла ў стылым і з прыглушаным святлом Кіеве некалькі лютаўскіх дзён, каб агарнуць аксюмаран «еўрапейская сталіца і вайна».

Від на помнік князю Уладзіміру і панараму Кіева з Уладзімірскай горкі. Кіеў, Украіна. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Цяпер ужо дакладна – перазімавалі. Яшчэ нядаўна ва Украіну масава перадавалі генератары, каб дапамаглі ператрываць перабоі з падачай электраэнергіі. Калі ў Кіеве знікала святло, быў чуваць іх няроўны гук. У кагосьці ўлучаліся святлодыёдныя лямпачкі на акумулятарах – каштоўная знаходка, якая распаўсюдзілася ў часе вайны, хтосьці запальваў свечкі, і шматпавярховікі не выглядалі зусім ужо безжыццёвымі.

Я прыехала да кінакрытыка Сашы Гусева і ягонай мамы Галіны, прабралася праз нечаканую цемень вялікага гораду – такую цемень, у якой схіляешся ўважліва глядзець пад ногі, а коркі на аўтастрадах утвараюць апакаліптычныя агністыя хвасты. Толькі што ў цягніку я развіталася са спадарожніцай, якая гэтак замерзла ў Кіеве, што пераехала ў Харкаў (хто б мог падумаць). Заўтра пайду на вячэру да праваабаронцы і культурніцкай актывісткі Тані Гацуры-Яворскай, і ў ейнай кватэры на чацвёртым паверсе будуць ляжаць вялізныя бэлькі на дровы.

Калі ў Сашы з Галінаю няма электрычнасці, няма і гарачай вады з інтэрнэтам. Паводле графіку, заўтра ўсіх гэтых дабротаў не будзе з 4:00 да 7:00, з 12:00 да 16:00 і з 21:00 да 1:00. Затое застаецца ацяпленне. З пачатку поўнамаштабнай вайны сям’я ні разу не з’ехала з Кіева, толькі сабралі трывожныя валізы і пастанавілі перажываць вайну разам.

«Устаць з канапы – значыць прызнаць, што Пуцін змог мяне з гэтай канапы сагнаць, – актыўна жэстыкулюе Галіна. – Вось яму! Мы адсюль не сыдзем: гэта мая радзіма, маё месца, мая мова. І потым, мы аказаліся ў гушчы падзеяў, гэта так цікава, такія прыгоды. Цяпер СПА працуюць неяк лепш, а яшчэ нядаўна ў дзевяціпавярховы дом, бачны з нашага вакна, трапілі абломкі ракеты. Гэта было ўначы, я прачнулася ад таго, што падскочыў ложак. Было адчуванне, што вось, «мир в его минуты роковые», і ў гэтыя ракавыя хвіліны ты ў цэнтры тайфуну».

Кінакрытык Саша Гусеў з мамаю Галінай у сваёй кватэры ў адным са спальных раёнаў Кіева, Украіна. 14 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Мы сядзім на кухні і ямо пірог у час паветранай трывогі, сёння ў Кіеве іх будзе чатыры, медыі паведамяць, што Расея выпусціла па Украіне 106 ракетаў. «Кожны раз думаеш: гэта яно ці праехала смеццевая машына? – у горадзе чуюцца выбухі СПА: значыць, надвор лепш не высоўвацца, бо можа прыляцець абломак. – У нас няма бамбасховішча, але ёсць склеп, куды нават самыя слабыя нервамі перасталі хадзіць. Я ж увесь час хадзіла ў двор, але цяпер у час трывогі сяджу ўдома: будзе крыўдна, калі на цябе ўпадзе аскепак збітай ракеты».

Страціўшы праз вайну працу, Галіна набрала сем кілаграмаў. «Пракляты Пуцін», – кажа. А Саша стаў спешна чытаць кнігі, якія хацеў прачытаць, пакуль не разбамбілі. Падчас дзяжурстваў у парадным, каб не пусціць у пад’езд марадзёраў і хуліганаў.

«Заўсёды лягчэй застацца, чымся з’ехаць. Тут што ў табе перамагае – страх ці прывычка альбо, можа быць, надзея. Я стараўся прыносіць карысць у час вайны, хаця ўсе мае спробы – запісацца ў тэрабарону, уладкавацца ў валанцёрскія арганізацыі, здаць кроў – зазналі няўдачу. У выніку ўсё звялося да выхавання катоў і палівання кветак у суседзяў».

У гэтай кватэры поўна антыкварнай мэблі і кніг, рассартаваных па пакоях і шафах паводле краінаў ды жанраў. Кожны кут тут ацэнены з гледзішча бяспекі. Добрым варыянтам, напрыклад, выглядаў ванны пакой, але аказалася, ад удараў ляціць кафля. «Мы сур’ёзна абмеркавалі, дзе лепш будзе перачакаць абстрэлы: у нас калідор, там тры сцяны, сцены тоўстыя, ёсць разетка, і мы падумалі, што ўсё, гэта найлепшы варыянт, і з таго часу ні разу там не сядзелі, – расказвае Саша. – У час паветраных трывог я прыходзіў і казаў, каб мама прынамсі не заставалася ля вакна і каб яно было завешанае».

– А я не магу з завешаным акном!

– Ты не хацела, каб я паклеіў скотч на вокны, а потым узяла і сарвала яго. Як так можна?

– Я падумала, як гэта потым адклейваць. Тут каб элементарна памыць вокны, настройваеш сябе паўгода.

– Можна паглядзець фотаздымкі людзей, якім асколкі з такіх вокнаў прыляцелі ў твар.

У вітальні ляжаць, ці «валяюцца», паўпустыя трывожныя валізы. Саша паклаў у свой альбомы з архіўнымі сямейнымі фотаздымкамі: «Я кожны раз, калі выходжу ці прыходжу, гляджу на той дзевяціпавярховік, яго адрамантавалі і паўсюль паказвалі фотаздымкі ў фармаце «было – стала». Я часам думаю, гэта метафара будучай Украіны, у якой на руінах узнікнуць самыя цудоўныя новабудоўлі, і дасягненні будуць нагадваць пра гібель ды разбурэнні».

***

Куды б ні пайшоў, у горадзе няма дзе забыцца пра вайну. У таксоўцы, у метро, на люстэрку ў прыбіральні цябе напаткае ёмістая рэклама. Маўляў, хочаш выгнаць ворага з нашай зямлі? Альбо: хочаш дапамагчы жанчынам, якія перажылі сексуальны гвалт? Альбо: «геть Росію з ООН!». На Міхайлаўскай плошчы ў цэнтры Кіева ўсё стаіць разбітая расейская тэхніка, яе паспелі аздобіць стыхійнымі надпісамі: «ми все вистоїмо» альбо «русні пи**а», і яны нават цікавейшыя за самыя танкі.

Знішчаная расейская вайсковая тэхніка выстаўленая на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве, Украіна. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

П’ем каву з бізнесоўцам Ігарам М’яленкам. Ягоны бізнес, так нетыпова, ад вайны толькі выйграў: асноўны канкурэнт на рынку быў з Расеі і адкінуўся сам сабой. Ігар пастанавіў, што два дні на тыдзень можа аддаваць валанцёрству і з мінулага красавіка стаў ездзіць пад Кіеў у сяло Машчун, па якім прайшлася расейская армія.

Што Ігара там найбольш уразіла, пытаю. «Суцэльная руйнацыя, – падбірае словы. – Там жылі 700–800 чалавек, а побач былі дачныя будынкі, нават больш, чымся будынкаў у сяле. І ўсё зруйнавана. Калі мы пачалі там працаваць, знаходзілі загінулых у склепах, і па лесе яны ляжалі».

Гэта адно з найбольш пацярпелых паселішчаў каля Кіева, у ім ацалелі некалькі пабудоваў, і па першым часе Ігар займаўся тым, што разбіраў завалы, каб людзі маглі альбо адбудоўвацца, альбо ставіць часовае жытло замест зруйнаванага:

«Цяпер сячэм дровы, ездзім па бабулях, дзядулях, вызначаем, хто больш патрабуе, хто паралізаваны, хто інвалід, хто самотны, і такім чынам дапамагаем. Яшчэ група з 28 чалавек з усёй краіны будуе цяпер школу. Мы расчышчалі плошчу, але ж мы не прафесійныя будаўнікі, а яны прыехалі – і справа пайшла хутчэй».

У гэтым сяле Ігар падабраў сабачку, відавочна, некалі хатняга, назваў Ханнай. Ён менш часу траціць на працу, прыязджае дадому, бярэ Ханну і падчас шпацыру слухае навіны. «Даведваюся, што там робіцца, якую зброю даюць, што на франтах адбываецца. Разумею, што ўвесь час быць у навінах шкодна для псіхікі, але гэта ўжо сіндром пошуку інфармацыі, калі не сказаць, што дыягназ. У любую вольную хвіліну шукаеш, а каб пераказаць удома, што пачуў, – ужо і не помніш».

Валанцёр Ігар М’яленка ля разбуранага расейскай артылерыяй жылога дому ў Гастомэлі, недалёка ад Кіева, Украіна. 15 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Паветраныя трывогі не так часта нагадваюць Ігару пра вайну, як цэннікі ў крамах, на запраўках, як курс валютаў. Зварыць боршч стала ў паўтара разу даражэй, шмат што падаражэла ўдвая:

«Калі няма паветранай трывогі – нармальна, а калі ёсць – ніколі не ведаеш, куды можа патрапіць ракета, яе саб’юць – і аскепкі могуць упасці куды заўгодна. Першымі днямі прыгняталі блокпасты на вуліцах, але потым я да іх прывык, дый іх стала менш. Колькасць людзей у горадзе заўважна зменшылася, з трафіку на дарогах відаць, што машынаў на вуліцах менш. У гандлёвых цэнтрах вельмі сумна: электраэнергія эканоміцца, таму святло прыглушанае, і людзей мала, бо ў іх змяніліся патрэбы, у шмат каго нават знізіліся да базавых. Зрэшты, замовіць столік у рэстаране ў суботу ці нядзелю бывае цяжка».

– А як вы сабе ўяўляеце горад, калі Украіна пераможа?

Паўза.

– Калі будзе перамога, горад выбухне. Усе феерверкі, якія не прадаліся ў крамах, будуць у небе. Я буду ездзіць па горадзе і крычаць – проста зрываць горла.

Мне шкада, што я магу перадаць адказ Ігара толькі пісьмова.

***

Самы відавочны ваенны рэквізіт – рагачы. Кіеў поўны ссунутых на задворкі супрацьтанкавых рагачоў. І закінутых, абцягнутых маскавальнымі сеткамі блокпастоў. І незакінутых таксама – можна бясконца ўпірацца ў іх, кіруючыся гугл-мапаю, пакуль не выклічаш таксоўку і таксіст не знойдзе дарогу за цябе. Таксоўку да блокпаста выклікаць нельга. Гарадскія помнікі запячатаныя мяхамі, толькі помнік Шчорсу стаіць голы – кіяўляне, здаецца, не супраць, каб у яго патрапіла ракета.

Людзі праходзяць паблізу супрацьтанкавых рагачоў на Майдане незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 16 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

«Я адразу зразумеў, што яны не змогуць знішчыць Кіева. Ракетаў хоць і багата, але не настолькі багата, каб зрабіць гораду якую-небудзь вялікую шкоду, – Яраслаў Підгора-Гвяздоўскі кіяўлянін у трэцім пакаленні, цяпер служыць у тэрабароне, і яму не падабаецца, што ён тут, а не на рэальнай вайне. – Мяне больш жахаў культурніцкі факт. Факт абстрэлу адной з еўрапейскіх сталіцаў, гораду, якому паўтары тысячы гадоў, і яго абстрэльвае нейкая арда, якая прыперлася ў маю краіну. А Еўропа паўгода трымала галаву ў дупе».

Калі раніцаю 24 лютага Расея напала на Украіну, Яраслаў пачуў выбухі, зразумеў, што пачалася вайна, і лёг паспаць яшчэ. Пасля пайшоў у пункт сталай дыслакацыі Сілаў тэрытарыяльнай абароны – і жыццё змянілася на 100 %. Адно што Яраслаў па-ранейшаму піша сцэнары, для якіх цяпер больш матэрыялу. Сцэнароў яму недастаткова, і ён бы лепш быў на фронце, да якога рыхтаваўся спачатку ў Цэнтры спецыяльнага тактычнага рыхтавання, а з 2019-га – у ТрА.

У Сашы на вячэры мы размаўляем паўночы: калі затрымліваешся да 23:00, каменданцкая гадзіна вымушае заставацца да раніцы. Пытаюся Яраслава, ці ўкладваецца ў яго ў галаве, што адбываецца. Пастаянна не ўкладваецца: «Я рыхтаваўся да вайны, але не мог яе ўсвядоміць, калі яна пачалася. Калі бачыў пустыя вуліцы, а першыя месяцы вуліцы былі абсалютна пустыя, і нідзе, што мне асабліва запомнілася, нават сабакі не брахалі. Сабакі ж заўсёды брэшуць».

Вайсковец Яраслаў Підгора-Гвяздоўскі ў адным з паркаў Кіева, Украіна. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Мы размаўляем ужо ў момант, калі Кіеў ізноў напоўніўся людзьмі: вярнуліся шмат хто з тых, хто з’ехаў, прыехалі выхадцы іншых украінскіх рэгіёнаў. Саша не пазнае большасці суседзяў. Крамы і кавярні, на дзвярах якіх вісіць паведамленне, што ў час паветранай трывогі яны зачыняюцца, пад гукі СПА ўсё-ткі працуюць. «Людзі прынцыпова не баяцца, – кажа Яраслаў. – Кіеў абстрэльваецца, а тры з паловаю мільёны чалавек, якія тут жывуць, адчуваюць сябе ўдома, а адчуванне дому… ну, ты ведаеш». Я ведаю.

«Трэба не быць параноікам. Шанец, што ракета патрапіць у твой будынак, настолькі мізэрны, што траціць большую частку дня (а на працягу дня могуць быць тры трывогі, і трываюць яны дзве – чатыры гадзіны) на беганіну і сядзенне ў склепах – значыць асудзіць сваё жыццё на адсутнасць жыцця. Людзі ў Кіеве падладзіліся пад вайну».

Пасля майго ад’езду з гораду паветраныя трывогі на некаторы час сталі настолькі частымі, што гэта жартам назвалі новаю расейскаю тактыкаю – замучыць трывогамі. Усё ж частка жыцця разам з імі замірае, грамадскі транспарт спыняецца, на сустрэчы спазняюцца, сустрэчы зрываюцца. Расейцам для гэтага дастаткова ўзняць у паветра самалёт, які можа несці ракеты.

Планавыя адлучэнні электраэнергіі нагадалі Яраславу дзяцінства: можна запаліць свечку і проста паразмаўляць ці пачытаць кніжку. Што горш, на похапкам наладжанай ваеннай базе, па першым часе не было гарачай вады: праз пагрозу мэтанакіраваных абстрэлаў усе ваенныя штабы спешна перамясціліся на альтэрнатыўныя пляцоўкі, у выпадку Яраслава – спачатку ў адміністрацыйны будынак, а потым у недабудаваны шматпавярховік. Пасля вада, вядома, з’явілася, як і праблемы са здароўем, а апошнія некалькі месяцаў Яраславу нават можна прыходзіць дадому на ноч.

У Кіеве ў апошні шлях праводзяць Героя Украіны Дмытра Кацюбайлу з пазыўным Да Вінчы, які загінуў у баях каля Бахмуту. Кіеў, Украіна. 10 сакавіка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

«У мяне былі зразумелыя планы на пяць гадоў, і яны цалкам нівеляваныя. Вельмі непрыемна так змяняць жыццё, выкідваць у сметніцу ці прынамсі запіхваць у кут свае планы, жаданні і ідэі. Але гэты час не страчаны: за год поўнамаштабнай вайны мне трапіліся надзвычайныя моманты, я ўвасоблю іх у сцэнарах. І вельмі багата момантаў, якія ў сцэнары не трапяць».

Яраслаў усцяж хоча на рэальную вайну. Перабоі са святлом засталіся ў зіме, цяпер усё працуе стабільна, тактыка замучыць паветранымі трывогамі пакуль прыпынілася, каменданцкая гадзіна звузілася і трывае ад поўначы да пятай раніцы.

Цяпер дакладна – перазімавалі.

Рэпартаж
«Вайна ва Украіне – толькі прамежкавы этап». Страх і нянавісць каліноўцаў
2023.04.08 09:28

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў