Візіт Ціханоўскай у ЗША. Ці дапаможа Захад дастаць ножку з-пад крэсла Лукашэнкі?


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) знаходзіцца з працоўным візітам у ЗША. Як заяўляецца, тэмаю візіту ёсць актуалізацыя беларускага пытання ў сусветным парадку дня. Разбіраліся з экспертамі, наколькі эфектыўныя такія візіты. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выступ Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі Каліноўскага ў Вашынгтоне.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Разам з Святланаю Ціханоўскаю ў візіце ўдзельнічаюць яе намеснік у АПК Валер Кавалеўскі, прадстаўніцы Кабінету Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык. Асноўнымі тэмамі візіту названыя:

  • падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў, праваабаронцаў, палітзняволеных;
  • прыцягненне прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці праз запуск адпаведных міжнародных механізмаў.

«Фактычна міжнародная дзейнасць, міжнароднае прадстаўніцтва – гэта акурат тое, што цяпер у найлепшай ступені можа рабіць Святлана Ціханоўская. Вельмі важна адвакатаваць праблемы беларусаў, бо відавочна, што рэжым Лукашэнкі дакладна і не здольны, і не хоча нашыя правы абараняць», – адзначыў у каментары «Белсату» Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение».

Паводле яго, паколькі ЗША – самая важная з заходніх краінаў, то відавочна, што Ціханоўская спрабуе лабіяваць там узмацненне кантактаў.

Калі вернецца амбасадар?

Падчас сустрэчы з амерыканскімі сенатарамі з кокусу «Вольная Беларусь» Ціханоўская заклікала прызначыць новага спецпрадстаўніка ЗША для Беларусі. Паводле яе, гэта паспрыяе развязванню беларускага крызісу і дапаможа хутчэй пакласці канец умяшанню Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі ды выкарыстанню яе тэрыторыі расейскімі войскамі для агрэсіі супраць Украіны.

Як распавёў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на слуханнях у сенацкім камітэце Кангрэсу, магчымасць прызначыць новага спецпрадстаўніка для ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі разглядаецца. На сёння ў амбасадзе ЗША ў Вільні ёсць персанал, адказны за стасункі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, але з чэрвеня 2022 года пасада менавіта спецпрадстаўніка вакантная.

«Мы вельмі актыўна разглядаем магчымасць руху наперад са спецыяльным пасланнікам», – сказаў Блінкен. Дакладнага тэрміну прызначэння ён не назваў, але сказаў, што гэта будзе вельмі хутка.

У каментары «Белсату» экспертка Atlantic Council Ганна Любакова адзначыла, што прызначэнне новага спецпрадстаўніка для Беларусі звязанае перадусім з цяжкасцямі ў пошуках адпаведнай асобы, якая разбіраецца ў пытаннях краіны і рэгіёна, асабліва ва ўмовах вайны, мае пэўны досвед.

«Таму ёсць шэраг цяжкасцяў, якія абмяжоўваюць кола патэнцыйных кандыдатаў, але дакладна чалавека шукаюць. Апошняе, што я чула ад памочніцы дзяржсакратара, што ўжо ёсць некалькі кандыдатаў», – адзначыла суразмоўца.

Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі?

Таксама беларуская дэлегацыя сустрэлася з кангрэсвумэн, былой спікеркай Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлоўсі і дзейным спікерам Кевінам МакКарці. Чальцы АПК распавялі пра актуальную сітуацыю ў Беларусі і ўзнялі пытанне абнаўлення Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які на заканадаўчым узроўні рэгулюе падтрымку ЗША беларускім няўрадавым арганізацыям, палітзняволеным, незалежным медыям. Прывядзенне дакументу ў адпаведнасць з актуальнай сітуацыяй дазволіць зрабіць дапамогу ЗША беларускаму дэмакратычнаму руху і грамадзянскай супольнасці больш эфектыўнай, заявілі ў АПК.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Візіт дэлегацыі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі ў ЗША.
Фота: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram

На сустрэчах у Дзярждэпартаменце ЗША абмяркоўваліся таксама пытанні становішча беларускіх палітвязняў і правы беларускіх работнікаў. А ў Гарвардскім універсітэце ў плане Ціханоўскай лекцыя і дыскусія разам з прэзідэнткай Еўрапарламенту Рабэртай Мэтсаляй.

Беларусы як частка глабальнага змагання

Адной з ключавых падзей паездкі стала Канферэнцыя Каліноўскага – экспертны круглы стол, дзе з удзелам амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў абмяркоўвалі стратэгію і палітыку замежных краін у дачыненні да Беларусі.

«Беларусы кожны дзень праяўляюць мужнасць. Дапамажыце нам вярнуць сваю краіну!» – заявіла Ціханоўская, падкрэсліўшы, што беларусы таксама ўдзельнічаюць у глабальным змаганні супраць дыктатур.

Паводле яе, калі дазволіць «дыктатарам тэрарызаваць свой народ, яны працягнуць пагражаць сваім суседзям і даволі хутка ўсяму свету». Абраная прэзідэнтка заклікала пазбавіць рэжым грошай і рэсурсаў, закрыць усе лазейкі для абыходу санкцыяў, сароміць міжнародныя кампаніі і ўрады, якія вядуць справы з рэжымам, ды шукаць яго актывы за мяжой. Таксама яна заявіла пра неабходнасць падтрымліваць людзей, якія змагаюцца з рэжымам, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, як тое было з выдачай ордару на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Апроч таго, паводле яе, трэба новы план Маршала, каб аднавіць эканоміку краін Усходняй Еўропы і не дапусціць вяртання дыктатуры.

«У барацьбе з тыраніяй не існуе срэбнай кулі. Для перамогі патрэбны цэлы набор розных інструментаў. Дыктатура Лукашэнкі падобная да крэсла з трыма ножкамі: рэпрэсіі, грошы і Расея. Калі адна ножка адваліцца, крэсла ўпадзе», – падкрэсліла Ціханоўская, заклікаўшы ЗША стаць «лідарамі ў глабальнай барацьбе супраць тыраніі» і ў абароне незалежнасці Беларусі і Украіны.

«Такімі выразамі не раскідваюцца»

Каментуючы магчымасць прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да адказнасці на прыклад Пуціна, Ганна Любакова адзначыла, што гэтыя працэдуры ідуць яшчэ з 2020 года, у тым ліку ў межах універсальнай юрысдыкцыі. У новым дакладзе Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека адносна сітуацыі ў Беларусі рэпрэсіі наагул параўнаныя са злачынствамі супраць чалавечнасці.

«Такімі выразамі такія арганізацыі проста не раскідваюцца. Безумоўна, за гэтым мусіць ісці нейкая адказнасць. І калі гэта не цяпер, то гэта дакладна будзе падставай для будучых працэсаў», – заявіла экспертка.

Пры гэтым яна заклікала не засяроджвацца менавіта на ордары Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе, бо дэмакратычныя сілы і шэраг экспертаў казалі пра неабходнасць стварэння адмысловага трыбуналу і «ёсць за што». У прыватнасці, вядзецца пра пасадку Ryanair, стварэнне мігранцкага крызісу і суагрэсію ў вайне супраць Украіны.

«Можа, зараз гэтыя рэчы цяжка давесці да нейкага трыбуналу ці ордару, але гэта ўсё дакладна будзе падставай для будучых справаў. І да гэтага ўсё ідзе», – падкрэсліла Ганна Любакова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Візіт дэлегацыі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі ў ЗША.
Фота: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram

Ордар на арышт Пуціна ўсё ж спрыяе таму, каб распавядаць і пра злачынствы Лукашэнкі, дадала яна. І «на гэтым дэмсілы зараз таксама трохі гуляюць».

Санкцыі з нагоды візіту

Таксама ЗША 24 сакавіка абвясцілі, што з нагоды Дня Волі ўводзяць новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі: у дачыненні МАЗу, БелАЗу, іх дырэктараў, кіраўніцтва ЦВК ды «раскошнага» самалёту EW-001PA – Boeing 737 самога Лукашэнкі.

Як адзначыла Ганна Любакова, санкцыі – гэта адначасова і ціск, і сігнал рэжыму, і адзнака салідарнасці з беларусамі. Экспертка згадала, што раней Канада, ЗША ўвялі новыя санкцыі менавіта падчас візіту Ціханоўскай.

«Санкцыі б прынялі ў любым выпадку, але шукаецца пэўная нагода, каб да чагосьці прымеркаваць», – падкрэсліла суразмоўца.

Як вярнуць Беларусь у міжнародны парадак?

Пры гэтым падзеі апошняга тыдня, напрыклад, з магчымымі абмежаваннямі для беларусаў у Літве і пры гэтым мажлівыя паслабленні санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні да калійнай галіны Беларусі паказваюць, што міжнародныя праблемы ў стасунках з заходнімі краінамі ў беларускага дэмакратычнага руху ёсць. Як адзначыў Вадзім Мажэйка, гэта звязана ў тым ліку з розніцай поглядаў:

«Мы глядзім праз беларускую прызму і для нас больш важна абараніць палітычныя права беларусаў, а як хто там дзе ў Афрыцы галадае нам здаецца не так важным, як нашыя праблемы».

Пры гэтым, падкрэсліў эксперт, беларускія дэмсілы з аднаго боку вымушаныя рэагаваць на такія крокі заходніх краінаў, але і не могуць жорстка гэта рабіць, бо самі ад іх залежаць.

«Знайсці нагоду моцна пасварыцца можна, але ці будзе ад гэтага вялікая карысць беларусам? Таму трэба знаходзіць магчымасці лепш для адвакатавання, чым для сварак. Гэта можа выглядаць не так гераічна, але важна, каб гэтым займаліся акурат беларускія апазіцыйныя палітыкі, бо нікога іншага ў нас няма», – заявіў Вадзім Мажэйка.

Тым не менш, падкрэсліла Ганна Любакова, беларускае пытанне час ад часу вяртаецца ў парадак дня, але гэта залежыць ад таго, што адбываецца ўнутры самой Беларусі і рэгіёне, перадусім ва Украіне. Паводле яе, беларусам трэба больш распавядаць замежнікам пра сітуацыю ў Беларусі, бо «няма разумення, няма ведання кантэксту – усё залежыць ад нас і ад таго, як мы гэта тлумачым».

Як адзначыў Вадзім Мажэйка, беларусам вельмі важна ствараць інфармацыйныя нагоды, пачынаючы ад дыверсіі ў Мачулішчах і да міжнародных візітаў. А міжнародныя візіты – гэта магчымасць «нагадваць пра Беларусь, размаўляць і неяк нашу тэму прасоўваць і правы беларусаў абараняць».

«У тым ліку таму такія міжнародныя візіты важныя, бо калі няма магчымасці стварыць у Беларусі тое, што мы бачылі ўлетку-ўвосень 2020 года, трэба ствараць гэта за мяжой. Уздымаць беларускія сцягі на Дзень Волі, у тым ліку на афіцыйных будынках, рабіць, наколькі гэта магчыма, гучныя акцыі, і мабілізоўваць людзей там, дзе для гэтага ёсць мажлівасці», – падкрэсліў эксперт.

Дарэчы, апроч афіцыйных сустрэчаў у праграме Ціханоўскай запланаваныя ўдзел у цырымоніі ўзняцця нацыянальнага сцяга Беларусі каля Бостанскай ратушы і ў мітынгу беларусаў каля Белага Дому ў Вашынгтоне.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў