Нікол Пашыньян заявіў, што Арменія гатовая прызнаць Нагорны Карабах часткаю Азербайджану


Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што краіна гатовая прызнаць Нагорны Карабах часткаю Азербайджану, аднак пры адной умове. Пра гэта паведамляе партал «Aysor».

Нікол Пашыньян.
Фота: primeminister.am

Прызнанне Нагорнага Карабаху ў складзе Азербайджану магчымае пры ўмове запэўнівання бяспекі армянскаму насельніцтву, заявіў Нікол Пашыньян:

«Важна зафіксаваць, што Ерэван заяўляе пра тое, што пытанні правоў і бяспекі армянаў Нагорнага Карабаху павінны быць абмеркаваныя ў фармаце перамоваў Баку – Сцепанакерт».

Паводле прэм’ер-міністра Арменіі, краіна чакае міжнародных гарантыяў, што такія перамовы будуць праведзеныя:

«86 600 квадратных кіламетраў улучаюць у сябе тэрыторыю Нагорнага Карабаху. І, калі мы правільна разумеем адно аднаго, Арменія прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджану ў названых межах, а Баку – тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі ў 29 800 квадратных кіламетрах».

Прэм’ер-міністр раней ужо заяўляў, што Арменія прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджану ў межах часу СССР. Падчас дакладу парламенту 18 красавіка ён сказаў, што мір у рэгіёне магчымы толькі ў тым выпадку, калі Ерэван зафіксуе тэрыторыю, у межах якой рэспубліка атрымала незалежнасць у 1991 годзе. Армянская апазіцыя пасля гэтых словаў абвінаваціла Пашыньяна ў здачы Нагорнага Карабаху.

Абвастрэнне паміж краінамі наконт спрэчнай тэрыторыі адбылося ў верасні 2020 года. Тады ў выніку ўзброеных сутыкненняў загінулі 3000 чалавек паводле Азербайджану, каля 7,5 тысячы чалавек паводле звестак Арменіі ды карабахскіх уладаў.

Рэгіён Нагорнага Карабаху ўваходзіў у Азербайджанскую ССР і пасля распаду Савецкага Саюзу быў прызнаны часткай Азербайджану. Аднак пасля завяршэння першай карабахскай вайны ў 1994 годзе рэгіён фактычна быў пад кантролем Арменіі. Хоць тады Ерэван падтрымаў незалежнасць самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, але юрыдычна гэтага зроблена не было.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў