«Каб пазбавіцца іміджу карнікаў». Прадстаўнік «Белполу» распавёў, чаму МУС публікуе відэа з ужываннем зброі 


Паведамленні пра ўжыванне працаўнікамі МУС зброі супраць грамадзянаў прыходзяць штодзень. 20 лістапада «Белсат» пісаў пра смерць мужчыны пасля аперацыі «сілавікоў» у Рэчыцкім раёне, сёння – пра раненне ў Крупскім раёне. МУС не хавае такіх выпадкаў і публікуе відэа здарэнняў. Прадстаўнік арганізацыі «Белпол» Мацвей Купрэйчык лічыць, што такім чынам міліцыянты хочуць апраўдаць сябе і пазбавіцца іміджу карнікаў.

Матвей Купрейчик, представитель инициативы BYPOL
Мацвей Купрэйчык, прадстаўнік «ByPol» і былы старшыня оперупаўнаважаны Упраўлення па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Сёння ў Беларусі склалася такая сітуацыя, што абсалютна ўсе грамадзяне краіны лічаць працаўнікоў міліцыі карнікамі. І для таго, каб чарговы раз не праславіцца як карнікі, так званае МУС публікуе гэтыя запісы – каб паказаць, што гэтым разам было ўсё быццам паводле закону і што не такія яны карнікі, якімі іх лічаць», – мяркуе Мацвей Купрэйчык.

Купрэйчык заўважае, што, калі гаворка пра інцыдэнт у Рэчыцкім раёне, міліцыянты сапраўды папярэдзілі чалавека, што будуць ужываць агнястрэльную зброю ў выпадку, калі ён не пакладзе паляўнічую стрэльбу. І быццам бы зрабілі папераджальны стрэл. То бок, на першы погляд, дзеялі паводле інструкцыяў і ў адпаведнасці з палажэннямі закону аб органах унутраных справаў.

«Іншая справа, што прадэманстраваны нам відэазапіс не паказвае, што там насамрэч адбывалася і адбылося. Таму што поўная цемра, і не відаць, пагражае ім чалавек зброяй ці не», – адзначае Мацвей Купрэйчык.

Прадстаўнік «Белполу» дадае, што страляць у чалавека ў такіх выпадках апраўдана толькі тады, калі неўжыванне зброі прывядзе да цяжкіх наступстваў – да пагрозы жыцця і здароўю іншых грамадзянаў або супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.

«Аднак у нашай краіне цяпер, як вядома, не да законаў. І яны робяць усё, што захочуць. А потым выкладаюць ролікі, каб неяк адбяліць сваю рэпутацыю», – падсумаваў Мацвей Купрэйчык у размове з «Белсатам».

Інцыдэнт, у якім працаўнікі МУС застрэлілі мужчыну ў Лісках Рэчыцкага раёну, здарыўся, паводле прэс-службы міністэрства, уначы з 19 на 20 лістапада. Міліцыянты выехалі ў вёску, рэагуючы на тэлефанаванне аднаго з жыхароў, які паведаміў, што аднавясковец пагражаў яму зброяй, а потым стрэліў праз плот. «Сілавікі» знайшлі мужчыну з паляўнічай зброяй на адной з вуліцаў, запатрабавалі скласці зброю, але, паводле МУС, мужчына працягваў рухацца «са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і цывільных асобаў». Быў нібыта зроблены папераджальны стрэл, а потым – на паражэнне. Паранены мужчына памёр у лякарні.

21 лістапада стала вядома пра чарговы выпадак ужывання агнястрэльнай зброі міліцыянтамі. Паранены 19-гадовы жыхар вёскі Вялікі Лес Крупскага раёну, які нібыта ішоў на міліцыю з двума нажамі.

Hавiны
Сілавікі забілі вяскоўца. Кажуць, ішоў на іх п’яны са стрэльбай
2023.11.20 12:24

belsat.eu

Стужка навінаў