Міліцыянты ў Беларусі зноў стралялі ў вяскоўцаў. Адзін чалавек паранены


Міністэрства ўнутраных справаў 21 лістапада паведаміла пра чарговае ўжыванне агнястрэльнай зброі міліцыянтамі ў дачыненні да цывільных беларусаў. На гэтым раз інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Вялікі Лес Крупскага раёну.

У міліцыю паступіла інфармацыя, што ў адным з дамоў вёскі знаходзіцца група ўзброеных людзей. На згаданы адрас прыбылі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу.

У доме знаходзіўся 62-гадовы гаспадар з двума сынамі. Мужчыну і старэйшага, 36-гадовага, затрымалі. А малодшы, 19-гадовы, нібыта выйшаў на супрацоўнікаў з двума нажамі, выказваючы пагрозы.

У МУС заяўляюць, што мужчына «на неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на падлогу не рэагаваў», у выніку «праваахоўнік зрабіў папераджальны стрэл, пасля чаго была ўжытая зброя на паражэнне». Мужчына шпіталізаваны.

Тым часам на відэа, якое выклала МУС, мужчыну не папярэджваюць, што будуць страляць. Замест гэтага адзін з сілавікоў проста страляе, пасля чаго міліцыянты кажуць пра неабходнасць выклікаць хуткую і аказаць дапамогу.

20 лістапада стала вядома, што міліцыянты застрэлілі ў вёсцы Ліскі Рэчыцкага раёну 39-гадовага мужчыну, які, паводле іх, не рэагаваў на патрабаванні скласці зброю і «рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і грамадзянскіх асобаў».

Hавiны
Сілавікі забілі вяскоўца. Кажуць, ішоў на іх п’яны са стрэльбай
2023.11.20 12:24

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў