«Гэтага патрабуе будучыня Еўропы». Прэм’ер Польшчы сустрэўся з жонкай Алеся Бяляцкага


Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі 21 сакавіка сустрэўся з Наталляй Пінчук, жонкай лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які ў Беларусі асуджаны на дзесяць гадоў калоніі.

Матэўш Маравецкі і Наталля Пінчук.
Фота: Mateusz Morawiecki / Facebook

«Наталля – голас беларускай апазіцыі. Яна надзвычай моцная, харызматычная жанчына, якая гаворыць і даносіць тое, чаго не можа ейны муж, бо ён застаецца ў беларускай турме, асуджаны на 10 гадоў на палітычным, паказальным працэсе», – адзначыў Маравецкі ў Facebook.

Прэм’ер Польшчы адзначыў, што, «нягледзячы на штодзённыя выклікі і цяжкасці, якія прыносяць вайна ва Украіне і рэпрэсіі Лукашэнкі супраць беларусаў», трэба «працягваць падтрымліваць дэмакратычную апазіцыю за нашаю ўсходняю мяжою».

«Гэта тое, чаго патрабуе польскі дзяржаўны інтарэс. Гэтага патрабуе чалавечая прыстойнасць. Гэтага патрабуюць будучыня і бяспека Еўропы», – заявіў палітык.

Агляд
«Вызваліць Бяляцкага, вызваліць усіх». Як свет рэагуе на прысуд вясноўцам
2023.03.03 20:38

Тры суды ў Беларусі судзілі Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Ён атрымаў 10 гадоў калоніі. Прысуды праваабаронцам «Вясны» вынеслі у судзе Ленінскага раёну Менску 3 сакавіка. Суддзя Марына Запаснік прызначыла «вясноўцам» наступныя тэрміны:

  • старшыні «Вясны» і Нобэлеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі;
  • намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі;
  • каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі;
  • праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў