Украінскі Чырвоны Крыж патрабуе выключыць беларускае аддзяленне з міжнароднай арганізацыі


Украінскі Чырвоны Крыж выступіў з афіцыйнаю пазіцыяй адносна незаконнай дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Сваю пазіцыю «сур’ёзнай занепакоенасці» выказала таксама Міжнародная арганізацыя Чырвонага Крыжа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ukrinform / East News

Арганізацыя заклікала Міжнародную федэрацыю таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ўсе нацыянальныя таварыствы Чырвонага крыжа і Чырвонага Паўмесяца асудзіць удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей ды іхных дзеянняў у межах міжнародна прызнаных дзяржаўных межаў Украіны і разгледзець пытанне пра выключэнне Беларускага Чырвонага Крыжа з Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

У заяве адзначаюць: пазіцыя арганізацыі абумоўленая тым, што на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі сюжэт «Дзеці вайны», у якім генеральны сакратар беларускага аддзялення Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў наведаў з нібыта гуманітарнаю місіяй часова акупаваныя тэрыторыі Украіны, у прыватнасці Марыупаль, Севераданецк і Лісічанск.

Таксама вядзецца пра тое, што ў сюжэце генеральны сакратар арганізацыі адзначае актыўны ўдзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі дзяцей з тэрыторыі Украіны. Згадваюцца таксама звесткі пра паездкі Шаўцова на часова акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, падчас якіх ён насіў вопратку з шаўронам, на якім была выява літары Z – сімвалу расейскай агрэсіі ва Украіне.

Усё гэта пацвярджае, адзначаецца ў заяве, свядомую пазіцыю Беларускага Чырвонага Крыжа адносна падтрымання палітыкі выкрадання дзяцей і легалізацыі агрэсіі Расеі супраць Украіны. «Гэта сведчыць не толькі пра наўмыснае ігнараванне арганізацыяй сваіх статутных абавязкаў у межах міжнароднага руху, але і пра здзяйсненне ёю сур’ёзных парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права».

19 ліпеня з заклікам да Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордар на арышт Дзмітрыя Шаўцова выступіў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба.

«Я заклікаю Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Дзмітрыя Шаўцова, які публічна прызнаўся ў злачынстве – незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Усе вінаватыя ў крадзяжы ўкраінскіх дзяцей павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», – напісаў палітык у Twitter.

Рэакцыя ўкраінскага міністра таксама з’явілася ў адказ на сюжэт, паказаны ў дзяржаўным тэлебачанні, у якім кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў прызнае факт вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

У сваю чаргу Міжнародны Чырвоны Крыж, піша выданне «Медиазона», паведаміў, што не быў паінфармаваны пра паездку генеральнага сакратара беларускай арганізацыі ў акупаваныя гарады Украіны. Арганізацыя звязалася з Беларускім Чырвоным Крыжам, «выразіла сур’ёзную занепакоенасць» і «папрасіла спыніць любую такую дзейнасць у будучыні».

Hавiны
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прызнаў, што арганізацыя вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
2023.07.19 13:55

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў