Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прызнаў, што арганізацыя вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь


Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў пацвердзіў, што арганізацыя ўдзельнічае ў выкраданні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Пра гэта ён заявіў у рэпартажы дзяржаўнага тэлебачання пра паездку на Данбас.

Дзмітрый Шаўцоў на Данбасе. Скрыншот з відэа: АТН: новости Беларуси и мира / Youtube

«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, што людзі думаюць у меру сваіх думак запалёных, ці яны лічаць, што так лагічна рабіць, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыязджаюць да нас на аздараўленне. І шчыра кажучы, справа ў тым, што і Беларускі Чырвоны Крыж прымаў у гэтым – і прымае, і будзе прымаць у гэтым – актыўны ўдзел», – сказаў Дзмітрый Шаўцоў.

Ён таксама заявіў, што арганізацыя разам з фондам Аляксея Талая, якога таксама абвінавачваюць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей, робіць усё, каб «дзеці забылі пра жахі вайны», вывозячы іх з акупаваных украінскіх тэрыторыяў у Беларусь.

«Калі я зразумеў, што Беларусь абвінавачваюць, я разумею, што гэтыя абвінавачанні рана ці позна адкрыта будуць выказаныя ў тым ліку Беларускаму Чырвонаму Крыжу. І проста каб пераканацца, пераканаць усіх, я сеў адразу ў найбліжэйшы канвой і прыехаў сюды, каб паказаць усім. І самае галоўнае – я не магу дапусціць стратаў іміджу ні краіны, ні беларускага Чырвонага Крыжа, ні ўсяго руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў свеце, якія стаяць на абароне гуманных каштоўнасцяў, захаванні жыцця, дапамогі тым, хто жыве ў нястачы, не важна, хто гэта. Усім, хто мае патрэбу ў дапамозе», – заявіў Шаўцоў.

Таксама ён дадаў, што хацеў бы пабачыць украінскіх дзяцей, якія прыязджалі ў Беларусь летась.

Нагадаем: на мінулым тыдні Дзмітрый Шаўцоў паехаў у акупаваныя Лісічанск і Марыупаль. Там ён даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам, прадэманстраваў літару «Z» на рукаве – знак агрэсіі супраць Украіны. Хаця адзін з базавых прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа – нейтральнасць. Тады Шаўцоў таксама прызнаваў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.

Каментар
Андрэй Стрыжак: «Беларускі Чырвоны Крыж далёкі ад прынцыпаў, што закладаліся пры стварэнні арганізацыі»
2023.07.18 15:28

Каманда Паўла Латушкі сабрала і перадала ў адпаведныя міжнародныя органы доказы аб вывазе на загад Лукашэнкі як мінімум 2150 украінскіх дзяцей у Беларусь. Палітык кажа, што вываз украінскіх дзяцей ажыццяўляецца ў рамках дамоўленасцяў саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, з расейскага бюджэту на гэта вылучана больш за 300 тысяч еўраў. Дзяцей з Украіны рассяляюць у санаторыях і лагерах у Менскай вобласці, Гомлі ды іншых гарадах Беларусі. Паведамляецца, што з дзецьмі вядзецца ідэалагічная праца, ім навязваюць антыўкраінскую прапаганду.

Учора, 18 ліпеня, дэпутаты Еўрапарламенту заклікалі, каб структуры Еўразвязу і дзяржавы – чальцы ЕЗ выдалі ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі праз ягоную ролю ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Раней Міжнародны крымінальны суд ужо выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў Расеі Марыі Львовай-Бяловай. Паводле еўрапарламентарыяў, пад крымінальны пераслед мусяць трапіць усе палітычныя і вайсковыя лідары Беларусі, якія нясуць адказнасць за злачынствы супраць чалавецтва і за генацыд.

Hавiны
Дэпутаты Еўрапарламенту заклікаюць выдаць ордар на арышт Лукашэнкі
2023.07.18 18:10

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў