Францыя замарозіла актывы расейскага Цэнтрабанку і грошы расейскіх алігархаў


Міністр эканомікі і фінансаў Францыі Бруно Ле Мэр паведаміў, што ўлады замарозілі 22 мільярды еўраў актываў Цэнтрабанку РФ, а таксама нерухомасць, рахункі і яхты расейскіх алігархаў на 850 мільёнаў еўраў. Пра гэта паведамляе RFI.

У пачатку сакавіка ў французскім Міністэрстве фінансаў распачала працу мэтавая група для выяўлення актываў расейскіх алігархаў, якія трапілі пад еўрапейскія санкцыі. У яе ўваходзяць у тым ліку агенты фінансавай выведкі.

З таго часу ў Францыі замарозілі актывы расейцаў на 850 мільярдаў еўраў, паведаміў Бруно Ле Мэр 20 сакавіка.

«Мы замарозілі 150 мільёнаў еўраў на рахунках прыватных асобаў у французскіх установах», – паведаміў міністр. Паводле яго, кошт замарожанай нерухомасці склаў 539 мільёнаў еўраў, гаворка аб прыблізна 30 дамах і кватэрах расейцаў. Акрамя таго, улады Францыі замарозілі дзве яхты на 150 мільёнаў еўраў.

Палітык растлумачыў, што размова не пра канфіскацыю, калі французская дзяржава робіцца ўладальнікам нерухомай маёмасці расейскіх алігархаў. Замарожванне азначае, што ўладальнікі больш не могуць карыстацца набытай у Францыі нерухомасцю і яхтамі, не могуць іх прадаць ці манетызаваць.

Каб адбылася канфіскацыя, трэба ўчыніць крымінальнае правапарушэнне, сказаў міністр. Напрыклад, крымінальнае правапарушэнне здзейсніла яхта «Роснефти», якая спрабавала ўцячы з французскіх водаў, абышоўшы санкцыйныя абмежаванні. Таму яе сканфіскавалі.

Бруно Ле Мэр таксама паведаміў, што Францыя замарозіла 22 мільярды еўраў актываў расейскага Цэнтрабанку.

Hавiны
У Расеі магчымы дэфолт з доўгам $ 150 млрд. Тры сцэнары развіцця падзеяў
2022.03.15 17:28

Нагадаем, што яшчэ ў канцы лютага ў адказ на расейскае ўварванне ва Украіну Захад дамовіўся замарожваць актывы Цэнтрабанку РФ, які большасць сваіх валютных рэзерваў захоўваў у заходніх краінах. Гэта стварае пагрозу дэфолту ў Расеі, бо ў Крамля можа проста не хапіць валюты, каб вярнуць вонкавыя пазыкі.

Hавiны
Агенцтва «S&P» лічыць, што дэфолт у Расеі «больш чым верагодны»
2022.03.18 09:01

РР belsat.eu

Стужка навінаў