У ААН прызналі факты сексуальнага гвалту над пратэстоўцамі ў Беларусі


Факты сексуальнага гвалту супраць затрыманых падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі пацвердзілі ў ААН. Пра гэта паведаміла Мішэль Бачэлет, вярхоўны камісар ААН у справе правоў чалавека, прэзентуючы даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Мішэль Бачэлет.
Фота: latercera.com

«Нашыя звесткі пацвярджаюць факты згвалтавання затрыманых і ўжывання іншых формаў сексуальнага гвалту ў адносінах як да мужчынаў, так і да жанчын», – заявіла Мішэль Бачэлет.

Таксама паведамляюць, што медычныя запісы, вывучаныя УВКПЧ, паказваюць на наяўнасць траўмаў мужчынскіх геніталіяў. Ужываўся і псіхалагічны ціск, у тым ліку пагрозы згвалтавання, перадае спадарыня Бачэлет.

«Пратэстоўцаў збівалі да часу, пакуль яны не трацілі прытомнасць. Пры гэтым супраць дэманстрантаў ужываліся святлошумавыя гранаты і сталёвыя кулі з гумовым пакрыццём, што прывяло да мноства цяжкіх траўмаў», – паведаміла прадстаўніца ААН.

За пяць дзён пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года былі арыштаваныя каля 13 500 чалавек, у тым ліку 700 дзяцей. Шмат хто з затрыманых зазнаў працяглае збіццё дручкамі ў транспарце, пастарунках і следчых ізалятарах.

Таксама ў апублікаваным дакладзе пазначана: у жніўні 2021 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў, што ў другой палове 2020-га туды паступіла каля 5000 скаргаў на меркаванае жорсткае абыходжанне, усе яны былі адхіленыя.

Артыкулы
Беларусаў катуюць у ізалятарах за пратэст супраць вайны
2022.03.07 15:05

Паводле інфармацыі, атрыманай з дакладных крыніцаў, адзначыла вярхоўны камісар, у выніку празмернага ўжывання сілы падчас пратэстаў загінулі прынамсі тры асобы. Улады Беларусі адмаўляюць адказнасць за гібель гэтых людзей, хаця ніякага расследавання, як адзначаецца ў справаздачы УВКПЧ, не праводзілася.

«Улады таксама ўжывалі масавыя рэпрэсіі супраць незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці, – працягнула Мішэль Бачэлет. – Яны закрывалі сродкі масавай інфармацыі, ліквідавалі незалежныя групы грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабарончыя арганізацыі, распачыналі крымінальныя справы супраць журналістаў і праваабаронцаў. Цяпер па палітычна матываваных абвінавачаннях у беларускіх турмах утрымліваюцца 1085 чалавек, у тым ліку праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі апазіцыі ды шараговыя грамадзяне, якія адкрыта выказвалі сваю нязгоду».

Вярхоўны камісар заклікала ўрад Беларусі неадкладна вызваліць усіх асуджаных з палітычных матываў і спыніць парушэнні правоў чалавека ў краіне.

Мaю прaвa
Канец з кветкамі ды стужкамі – пратэстоўца ўзяўся за зброю
2022.03.19 10:00

АД belsat.eu

Стужка навінаў