25 крымінальных справаў, 248 затрыманняў, штрафы: як у Беларусі рэпрэсуюць медыкаў


Фонд медычнай салідарнасці, «Белыя халаты», ZUBR.in падрыхтавалі справаздачу аб рэпрэсіях у дачыненні беларускіх медыкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

На сённяшні дзень рэпрэсіі ў сістэме аховы здароўя ў Беларусі носяць татальны характар, у той ці іншай ступені іх адчуў на сабе практычна кожны доктар, фельчар, медсястра, сцвярджаюць аўтары справаздачы. Аналітыкі падкресліваюць, што прыведзеныя звесткі няпоўныя. Лічбы, якія ўдалося сабраць, выглядаюць наступным чынам:

  • сярод 248 рэпрэсаваных медычных працаўнікоў, пра якіх стала вядома, было 134 мужчыны і 113 жанчын, найстарэйшы з іх – 1950 года нараджэння, наймалодшы – 2000 г. н.;
  • на 248 чалавек прыпала 298 эпізодаў затрымання, у сярэднім 1,2 затрымання на аднаго медыка. Каб было зразумела, колькі гэта – 248 медыкаў, аўтары даследавання прыводзяць прыклад – ва ўсім Слуцкім раёне на 1 студзеня 2023 года было 276 лекараў;
  • самай «крымінальнай» аказалася прафесія анестэзіёлага-рэаніматолага – 31 затрыманы меў такую спецыяльнасць. Сярод затрыманых былі – 17 хірургаў, 22 медсястры, 14 фельчараў, 9 траўматолагаў, уролагі, анколагі, неўролагі;
  • супраць 25 медыкаў распачатыя крымінальныя справы;
  • 112 разоў прысуджаныя штрафы на агульную суму 1694 базавых велічыняў;
  • медыкам былі прызначаныя 1052 содняў адміністратыўнага арышту.
Каментар
«Каб было на што абаперціся». Фонд медычнай салідарнасці распачаў кампанію грамадскага маніторынгу сістэмы аховы здароўя
2023.05.24 16:00

Найчасцей медыкаў затрымлівалі на акцыях пратэстаў ці проста на вуліцы, у той момант прафесія затрыманага не была відавочная для сілавікоў, зазначаюць аналітыкі. Аднак у 12 выпадках да лекараў прыходзілі наўпрост на працу ці хапалі падчас аказання медычнай дапамогі. Як мінімум у 11 выпадках ужывалася фізічная сіла, медыкаў збівалі.

182 эпізоды затрыманняў прыпалі на жнівень – снежань 2020 года. 116 адбыліся цягам наступных трох гадоў.

З поўнай справаздачай можна азнаёміцца па спасылцы.

Аналітыка
Фонд медычнай салідарнасці: «У Беларусі лекараў амаль у два разы менш, чым сцвярджае Мінздароўя»
2023.08.14 21:01

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў