Колькі мігрантаў сёлета спрабавалі незаконна трапіць з Беларусі ў ЕЗ і які кірунак самы папулярны


Польшча і Літва падлічылі колькі мігрантаў з Беларусі паспрабавалі незаконна перайсці мяжу ў 2023 годзе. Выявілася, што ў Польшчу ішлі ў 10 разоў часцей.

Польска-беларуская мяжа.
Фота: Памежная ахова Польшчы / Х

Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, 15 снежня перайсці мяжу спрабавалі толькі 2 мігранты. Адзін з іх – грамадзянін Турцыі – быў затрыманы, другі, калі ўбачыў патруль, павярнуў назад у бок Беларусі.

Агулам з пачатку снежня мігранты зрабілі 178 спробаў нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы. За 2023 год польскія памежнікі налічылі больш за 25,7 тысячаў мігрантаў з 53 краінаў свету.

Мігранты з Беларусі ідуць таксама ў Літву – 15 снежня на мяжы заўважылі 9 чалавек. На беларуска-латвійскай мяжы за апошнія содні такіх спробаў не было.

Цягам 2023 года літоўскія памежнікі перадухілілі 2559 спробаў незаконна трапіць у краіну. Гэтая лічба значна меншая, чым год таму – у 2022 годзе былі затрыманыя 11 211 мігрантаў.

Агулам з пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе ў Літву з тэрыторыі Беларусі спрабавалі незаконна трапіць 21 876 чалавек.

Hавiны
У мігрантаў, якія незаконна пераходзяць беларуска-польскую мяжу, знаходзяць свежыя расейскія візы
2023.10.27 12:08

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ пачаў развівацца ўвесну 2021 года і дасягнуў апагею ў лістападзе таго ж году, калі натоўп мігрантаў быў гатовы амаль штурмам узяць польскую мяжу. Пасля таго, як Польшча адмовілася іх упускаць, тысячы грамадзянаў усходніх краінаў захраслі на беларускім баку мяжы. Большая частка з мігрантаў была з Іраку, куды яны паступова вярнуліся адмысловымі авіярэйсамі.

На працягу двух гадоў амаль штодня фіксуюцца спробы незаконнага перасячэння мяжы невялікімі групамі.

Польшча і Літва ўзвялі металічныя платы на мяжы з Беларуссю, каб перадухіліць міграцыйны крызіс, які Еўразвяз назваў гібрыднай агрэсіяй з боку беларускіх уладаў. Афіцыйны Менск у сваю чаргу рэгулярна абвінавачвае ЕЗ у жорсткасці да мігрантаў, якіх сумежныя краіны выцясняюць на беларускую тэрыторыю.

На мяжы з абодвух бакоў неаднакротна знаходзілі целы памерлых мігрантаў. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заяўляе пра гібель 13 мігрантаў ля мяжы з Латвіяй толькі сёлета.

Hавiны
Міграцыйны крызіс на мяжы: Вальфовіч заявіў, што Польшча і краіны Балтыі не ідуць на дыялог з Беларуссю
2023.11.08 17:12

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў