«Дабівае тых, хто застаўся». Жалезная заслона на мяжы і спрэчкі беларусаў у сацсетках


Мяжа Беларусі апошнім часам сталася адной з галоўных тэмаў у медыях. Польшча закрыла пункт пропуска ў Баброўніках і прыгразіла, што прыпыніць працу двух апошніх пераходаў, Літва забараніла рух цягнікоў праз Стасілас-Беняконі. Такія захады радыкальна падзялілі беларусаў. Што пішуць у сацсетках і чаму закрыццё мяжы выклікала такія жарсці – у матэрыяле «Белсату».

Сітуацыя на памежным пераходзе “Баброўнікі” падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат.

«Мы мусім тут усе ў турме жыць? Рэжым дабівае закрыццё грузавых пераходаў, а не пасажырскіх. Не трэба дабіваць тых, хто жыве тут», – адзін з каментароў тых, хто крытыкуе Польшчу за закрыццё памежнага пункта Баброўнікі-Бераставіца. Беларусы скардзяцца, што і дагэтуль з краіны было цяжка выехаць, а цяпер свабода перасоўвання абмяжоўваецца яшчэ больш. «Праз прысуд беларускаму паляку пазбавіць магчымасці выехаць з Беларусі астатніх беларускіх палякаў – гэта канешне крута», – саркастычна пішуць у Twitter.

Іншыя заўважаюць, што Польшча ўвогуле не абавязаная клапаціцца аб беларусах. «Чумны барак ізалююць. Як толькі хвароба будзе вылечаная, вароты адкрыюцца», – адзначаюць тыя, хто з разуменнем ставіцца да кроку Варшавы. Маўляў, дзіўна тое, што на фоне «усяго трэша, што адбываецца ў Беларусі апошнія гады, вельмі чапляе закрыццё палякамі аднаго пункта». «Такія ўжо няшчасныя, не магу», – абураюцца ў сацсетках і раяць карыстацца яшчэ адкрытымі памежнымі пераходамі.

Сітуацыя на памежным пераходзе “Баброўнікі” падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат.

Апытанкі на гэты конт у сваіх Telegram-каналах зладзілі аналітык Арцём Шрайбман і палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

У Шрайбмана 46% падтрымалі захады Польшчы (улічваючы меркаванні беларусаў-эмігрантаў і тых, хто застаўся на радзіме), 36% лічаць, што гэта хутчэй няслушны крок. Аўдыторыя Класкоўскага больш радыкальная: 40% падтрымалі, бо «дыктатар разумее толькі сілу», 37% абралі варыянт «малайцы, паказваюць, як трэба змагацца за вызваленне свайго чалавека Анджэя Пачобута», яшчэ траціна мяркуе, што «Лукашэнка Пачобута ўсё адно не выпусціць, толькі горай стане на мяжы звычайным людзям».

Акно ў ЕЗ становіцца форткай

Польшча закрыла пункт пропуска ў Баброўніках (з беларускага боку – Бераставіца) у пятніцу, 10 лютага. Захады, пра якія абвесцілі на наступны дзень пасля прысуду журналісту і актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту, афіцыйна растлумачылі «пытаннямі нацыянальнай бяспекі». Неафіцыйна – гэта рэакцыя на вырак беларускаму паляку. Прэм’ер-міністр рэспублікі Матэвуш Маравецкі не выключыў закрыцця іншых пераходаў, да гэтага заклікаў і намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Яраслаў Сэлін.

На мяжы з Польшчай засталося толькі два адкрытых пункта пропуска, яны ў Берасці: «Варшаўскі мост» для пасажырскага транспарту і Казловічы – для грузавога. Выбар цяпер небагаты: або стаяць там у чэргах, або прадзірацца праз Літву, робячы аб’язны крук.

Ад 16 лютага будзе закрыты грузавы чыгуначны пункту пропуску Стасілас-Беняконі на беларуска-літоўскай мяжы. Telegram-канал «МотолькоПомоги» напісаў, што гэта звязана з адсутнасцю на пераходзе рэнтгенаўскага абсталявання для пошуку кантрабанды. Таварныя цягнікі пойдуць праз адзіны пункт, які застанецца: Гудагай-Кяна. Там маюць адмысловую тэхніку.

«Гэта ўдар»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі растлумачыў «Белсату», чаму закрыццё Бераставіцы выклікала такое абурэнне. Кажа, цярпяць звычайныя людзі.

«Гэта той выпадак, калі палітыка закранае нават апалітычных людзей. Гэта стварае праблемы, памнажае пакуты простых жыхароў. Асабліва цярпяць беларусы, якія жывуць у памежных раёнах, бо і сваякі ў многіх, ну і не сакрэт, што шмат хто займаецца дробным чаўночным бізнесам, некаторыя за кошт гэтага і выжываюць. І гэта ўдар».

Класкоўскі, спасылаючыся на адмыслоўцаў, адзначыў, што беларуская эканоміка амаль не адчуе закрыцця аднаго памежнага пункта, затое падаражэе лагістыка і расплачвацца давядзецца перавозчыкам, а ўрэшце рэшт – спажыўцам.

«Варшава мае поўнае права выбіраць інструменты і метады змагання за прадстаўніка сваёй дыяспары, за ягонае вызваленне. Але гэта нацыянальны інтарэс Варшавы».

Як мёртваму прыпарка?

Аляксандр Класкоўскі падкрэсліў, што фактычна закрыццё памежнага перахода – санкцыйны крок Польшчы. І гэта нагода паразважаць, ці працуе такая санкцыйная палітыка.

«Тое, што гэта стварае нязручнасці беларусам, у Варшаве пра гэта не ў першую чаргу думаюць. Кладучы руку на сэрца, відавочна, што заходняя санкцыйная палітыка мае сваю логіку і не заўжды супадае з беларускім нацыянальным інтарэсам. Дэмакратычныя сілы Беларусі павінны трымаць гэтае пытанне ў фокусе, таму наспела нейкая сур’ёзная дыскусія аб санкцыйнай палітыцы, аб ейнай эфектыўнасці і магчымым карэктаванні», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

Ён згадаў таксама візавыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы, – і разам з абмежаванымі магчымасцямі выезду гэта не спрыяе росту праеўрапейскіх настрояў грамадства:

«Калі беларускія дэмакратычныя сілы хочуць, каб народ Беларусі цвёрда зрабіў еўрапейскі выбар, трэба думаць над тым, як разблакаваць магчымасці беларусаў ездзіць у Еўропу, сустракацца са сваякамі. Тое, што візы ўсё цяжэй атрымаць, – гэта таксама дадатковая праблема. І ўсё гэта не спрыяе сімпатыям беларусаў да еўрапейскага выбару».

Класкоўскі падсумаваў, што сітуацыяй можа скарыстацца беларуская прапаганда, якая будзе «раздзімаць антызаходнія, антыеўрапейскія настроі і дэманізаваць апазіцыю: маўляў, для штабоў апазіцыі чым горай для беларусаў, тым лепей».

Hавiны
Кабінет Ціханоўскай пра рашэнне Польшчы закрыць памежны пераход: для грузаў – так, для людзей – не варта
2023.02.14 17:41

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў