Хто з беларускіх уцекачоў можа разлічваць на часовую абарону ў Еўразвязе? У офісе Ціханоўскай далі адказ


Кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская і Крысціна Рыхтэр, в.а. прадстаўніка ў прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай, на сустрэчы з дырэктарам дэпартаменту бежанскіх працэдур Анджэем Карпяком узнялі пытанні легалізацыі знаходжання беларусаў, якія прыбылі з Украіны ў сувязі з пачаткам расейскай ваеннай агрэсіі, а таксама пытанні надання міжнароднай абароны для рэпрэсаваных асоб.

Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: ЯМ / Белсат

Анджэй Карпяк заявіў пра падтрымку ўсіх беларусаў у Польшчы і заклікаў не паддавацца паніцы і ўстрымацца ад падачы заяў пра наданне часовага віду на жыхарства, калі ў асобы няма дакументальна пацверджанай мэты знаходжання для гэтага. Паводле яго, грамадзяне Беларусі, якія легальна знаходзіліся ва Украіне на 24 лютага і выехалі ў ЕЗ у сувязі з пачаткам вайны, аўтаматычна трапляюць пад дзеянне Рашэння Рады ЕЗ аб наданні ім часовай абароны.

Хто будзе абаронены?

На падставе рашэння Рады ЕЗ абароне падлягаюць грамадзяне Украіны, трэціх краін, а таксама асобы без грамадзянства, якія легальна знаходзіліся ва Украіне і былі вымушаныя выехаць пачынаючы ад 24 лютага ў выніку ўварвання расейскіх войскаў.

Таксама пад абарону трапляюць чальцы іхных сем’яў, калі тыя існавалі на момант пачатку вайны.

Такім чынам, кажуць у офісе Ціханоўскай, беларусам няма неабходнасці легалізоўваць сваё знаходжанне на працягу 15 дзён з моманту ўезду на падставе згоды каменданта пагранічнай службы, а тым больш падаваць заявы пра наданне ВНЖ не маючы мэты знаходжання.

Таксама цяпер у Польскім парламенце разглядаецца закон пра абарону грамадзянаў Украіны ў Польшчы, які, як мяркуецца, павінен распаўсюдзіць часовую абарону на ўсе катэгорыі асобаў, указаных у Рашэнні Рады ЕЗ.

Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: ЯМ / Белсат

Анджэй Карпяк таксама заявіў, што ў катэгорыю асобаў, якія доўга знаходзіліся ва Украіне, будуць уключаны грамадзяне Беларусі, якія маюць часовы або пастаянны від на жыхарства ва Украіне, якія атрымалі або хадайнічалі пра наданне міжнароднай абароны ва Украіне, а таксама легальна знаходзіліся ва Украіне на працягу 180 дзён.

Часовая абарона не будзе распаўсюджвацца на асобаў, якія нелегальна знаходзіліся ва Украіне. Яны могуць хадайнічаць пра наданне міжнароднай абароны ў Польшчы, калі на радзіме яны падвергліся або могуць быць падвергнуты пераследу.

Якой будзе працэдура?

Пакуль яшчэ не распрацаваная працэдура пацверджання статуту часовай абароны, але Упраўленне плануе максімальна спрасціць або аўтаматызаваць яе, каб толькі пацвярджаць, што заяўнік знаходзіцца пад часовай абаронай згодна з рашэннем Рады ЕЗ. Часовая абарона будзе распаўсюджвацца на тэрыторыі ўсіх краін Еўрапейскага Звязу. Меркаваны тэрмін яе дзеяння – 1 год.

Для пацверджання свайго статусу будзе неабходны дакумент, які сведчыць асобу і пацвярджае грамадзянства (пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне кіроўцы або даведка выдадзеная ўкраінскім ці беларускім дзяржаўным органам). Польскія чыноўнікі паабяцалі, што адсутнасць у некаторых беларусаў пашпартоў таксама не стане перашкодай.

Патрэбныя будуць таксама пацвярджэнні легальнага знаходжання ва Украіне па стане на 24 лютага (пасведчанні пра від на жыхарства, пашпарт з адзнакай аб легальным уездзе ў Украіну тэрмінам менш за 180 дзён) і перасячэння ўкраінскай мяжы ў бок ЕЗ пасля 24 лютага.

Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: ЯМ / Белсат

У выніку будзе створана агульная сістэма, у якой будуць рэгістравацца асобы, на якіх распаўсюджваецца часовая абарона, і ім будуць выдаваць пацвярджэнне часовай абароны. Працэдура гарантуе доступ да рынку працы, але не прадугледжвае выдачы дадатковых дакументаў, такіх як, напрыклад, карта побыту.

Дырэктар Карпяк заклікаў чакаць прыняцця адпаведных мер і распрацоўкі працэдур і не паддавацца паніцы. Упраўленне па справах іншаземцаў, МЗС і Канцылярыя прэзідэнта запэўнілі беларускіх прадстаўнікоў, што ніякія санкцыі не будуць ужытыя да тых, хто ўехаў у Польшчы ў сувязі з вайной ва Украіне.

Hавiны
Толькі 3% беларусаў падтрымліваюць удзел беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны
2022.03.12 09:44

ПС belsat.eu

Стужка навінаў