МУС ініцыяваў закон аб пазбаўленні грамадзянства, а цяпер шукае юрыдычнае апраўданне


Начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў, што грамадзяне Беларусі, якіх асудзілі за «экстрэмісцкую» дзейнасць, каб не страціць беларускае грамадзянства могуць вярнуцца ў краіну і адбыць прызначаны тэрмін пакарання. Беларускі юрыст і прававы дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк у каментары «Белсату» кажа, што прадстаўнік МУС у каментары сам прызнаў, што закон, пра які ён гаворыць, не адпавядае Канстытуцыі і законам.

Аляксей Бягун.
Фота: belpresscenter/Youtube

З 11 ліпеня ўступае ў сілу абноўлены закон аб грамадзянстве. Сярод новаўвядзенняў дакуменце таксама існуе магчымасць пазбаўлення грамадзянства беларусаў, якіх асудзілі за ўдзел «экстрэмісцкай дзейнасці або за прычыненне цяжкой шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун распавёў, што пазбаўляць грамадзянства будуць асуджаных грамадзянаў, якія хаваюцца за мяжой, але ў людзей будзе магчымасць захаваць свае грамадзянства.

«Таму такі складнік і такая неаб’ектыўная крытыка, што мы будзем ствараць выпадкі з’яўлення ў дзяржаве асобаў без грамадзянства. Але, па-першае, гэтыя асобы не на тэрыторыі нашай краіны. І па-другое, у іх заўсёды ёсць выбар: ці вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і выканаць вырак суда Рэспублікі Беларусь, адбыць у вызначаным парадку пакаранне, якое яна панесла за тыя злачынствы, здзейсненыя на тэрыторыі нашай краіны. Або заставацца за межамі краіны з усімі наступствамі, якія з гэтага выцякаюць. Тады які гэта грамадзянін Беларусі, калі ён фактычна ўхіляецца ад выканання законнага выраку суда», – сказаў Бягун.

Hавiны
МУС запрашае беларусаў вярнуцца і адсядзець за «экстрэмісцкую дзейнасць», каб не страціць грамадзянства
2023.07.10 14:01

 

Беларускі юрыст і прававы дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк кажа, што Аляксей Бягун апраўдваецца. Ён разумее, што закон, які ён каментуе, неправавы, яго дэпартамент працуе ў межах неправавога закону. Ён сам гэта прызнае, паколькі кажа, што яго ведамства абвінавачваюць у тым, што яны спрыяюць з’яўленню асобаў без грамадзянства.

«Гэта на самой справе так, бо не павінныя чыноўнікі, якія дзейнічаюць у інтарэсах людзей, імкнуцца да таго, каб людзей без грамадзянства станавілася больш. Грамадзянства – гэта прававая сувязь чалавека і дзяржавы. То бок нейкая дзяржава бярэ на сябе функцыю абараняць гэтага чалавека. Вядома, што калі з’яўляюцца асобы без грамадзянства, калі нейкая дзяржава адмаўляецца ад сваіх абавязкаў абараняць правы гэтага чалавека, то тады трэба, каб іншая дзяржава брала на сябе такі абавязак», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Юрыст таксама звяртае ўвагу, што такім маніпулятыўным адказам прадстаўнік міліцыі паказвае, што законапраект, які прымаюць па ініцыятыве МУС, не мае дачынення да закону, але мае дачыненне да палітычнага пераследу беларусаў, якія выступаюць супраць улады Лукашэнкі. Чыноўнікі не клапоцяцца пра грамадзянаў, але клапоцяцца толькі пра тое, каб утрымаць уладу.

Міхаіл Кірылюк, адказны па пытаннях юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Таму ў дачыненні да тых грамадзянаў, якія выступаюць супраць улады Лукашэнкі, прыдумалі як іх пазбаўляць грамадзянства, кажа юрыст. Хаця насамрэч закон супярэчыць нават апошняй Канстытуцыі Беларусі, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якую Беларусь падпісвала. Але, як мы бачым, закон не адпавядае законам краіны і таму прадстаўнік МУС вымушаны прыдумваць нейкія апраўданні і абгрунтаванні.

Hавiны
Беларусы будуць абавязаныя паведамляць пра атрыманне замежнага грамадзянства ці дазволу на жыхарства
2023.07.10 15:28

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў