Беларусь амаль вярнулася да «даваенных» аб’ёмаў экспарту, але падзенне аднавілася


Баланс вонкавага гандлю Беларусі, які апублікаваў Нацыянальны банк, паказвае, што ў студзені 2023 года абарот вонкавага гандлю амаль такі ж, як у студзені-2022: усяго на 0,3 адсоткавыя пункты меншы. Падобна, экспарт пераарыентаваўся на Расею, але імпартаваць пачалі з іншых краінаў. Вялікая частка гандлёвай статыстыкі Беларусі засакрэчаная – расказваем, што вядома з адкрытай часткі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кантэйнеры «Беларускай чыгункі».
Фота: rw.by

У студзені 2023 года абарот вонкавага гандлю таварамі склаў 6,3326 млрд долараў або 99,7 % ад таго ў студзені-2022. Экспарт упаў на 7,6 %, а імпарт вырас на 7,5 %.

Экспарт тавараў пры тым вырас на 7,4 % у краіны Садружнасці незалежных дзяржаваў (гэта перадусім Расея, але таксама Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан – але не Украіна, якая з СНД выйшла), а ў краіны па-за СНД абваліўся на 28,3 %. Імпарт з краінаў СНД упаў на 13,9 %, а з краінаў па-за СНД – вырас аж на 48,6 %.

Вонкавы гандаль Беларусі абваліўся з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне і санкцыямі, уведзенымі за саўдзел беларускіх уладаў у расейскім нападзе. Так, у сакавіку-22 экспарт тавараў і паслугаў упаў на 19,9 % да сакавіка-21, імпарт упаў на 24,7 %. У жніўні-22 аб’ёмы экспарту тавараў і паслугаў аднавіліся да 97,4 % ад таго, што было ў жніўні-21 (экспарт тавараў у цэнавым выражэнні склаў усе 100 %).

Аб’ёмы экспарту тавараў у цэнавым выражэнні працягнулі расці да лістапада, але затым зноў сталі меншымі за тыя, што былі годам раней, і ў снежні пачалі зніжацца ў абсалютных лічбах. Імпарт тавараў жа так і не дасягнуў «даваенных» аб’ёмаў, хоць у кастрычніку-22 склаў 98,8 % ад аб’ёмаў кастрычніка-21.

Каментар
У мінусе і экспарт, і імпарт. Што будзе далей з замежным гандлем Беларусі?
2023.01.12 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў