Дзед Мароз з кулямётнай стужкай, Санта-Клаус з місіс Клаус: навагоднія праграмы для дзяцей у Беларусі


У дзіцячых садках ды школах Беларусі рыхтуюцца да традыцыйных ранішнікаў. Акрамя класічных варыянтаў, калі Дзеда Мароза і Снягурку граюць выхавацелькі ці хтосьці з бацькоў, шматлікія забаўляльныя фірмы ды івэнт-агенцыі прапаноўваюць свае навагоднія праграмы «пад ключ» з самымі рознымі фарматамі (ёсць нават онлайн-ранішнікі) і персанажамі. Да Дзеда Мароза можна завітаць і ў ягоную сядзібу – іх колькасць у Беларусі расце як на дражджах, і ўсё больш папулярным становіцца партызанскі Дзед Мароз. Агляд навагодніх праграмаў (часам досыць крынжовых) для дзяцей у Беларусі – у нашым матэрыяле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каманда Санта-Клауса.
Фота: karaway.by

«Папрасілі прынесці ёлачную цацку ад сям’і, каб упрыгожыць ялінку»

Зазірнем спачатку ў садкі ды школы, ды пацікавімся, як там рыхтуюцца да Калядаў ды Новага года. Адразу зазначым, што падрыхтоўка ідзе як раз да Новага года – пра Каляды ўзгадваюць хіба што толькі ў нядзельных школах.

Нягледзячы на пачатак снежня, перадсвяточны пярэпалах пакуль закрануў далёка не ўсе школы ды садкі.

«Нічога не казалі, грошы не збіралі, хоць ужо і хутка, але ніякіх праграмаў пакуль настаўніца не рыхтавала. Летась дзеці з восені пачыналі вучыць вершыкі, ім далі ролі на ранішнік, а сёлета – цішыня пакуль. Падарункі летась былі бясплатныя, што будзе сёлета – не ведаю. Якая мова ранішнікаў была? Расейская. Іншых варыянтаў не разглядалася. Персанажы? Абавязкова Дзед Мароз і Снягурка. Пра іншых таксама ніхто не думаў, ну і гэта ж сімвал Новага года – не ўяўляю, як без іх можна зрабіць свята для дзяцей», – распавяла маці вучаніцы 2-га класа школы Бабруйска.

«У чаце пытанні ад бацькоў ужо былі, што там на новы год, але ад настаўніцы пакуль цішыня. Летась на падарункі грошы не збіралі – далі бясплатна», – кажа яшчэ адна маці вучня бабруйскай школы.

«У нас рыхтуецца ранішнік, такі класічны, звычайны, з зайчыкамі і мішкамі. Ніхто ніякіх аніматараў замаўляць не будзе, усё сваімі сіламі, як заўсёды – Дзеда Мароза і Снягурку будуць граць выхавацелькі. Яны ж самі яшчэ напрыканцы лістапада выразалі гірлянды з паперы, упрыгожвалі нам садок. Прасілі бацькоў прынесці адну ёлачную цацку ад сям’і, каб упрыгожыць ялінку. Мы прынеслі, ужо паставілі елку. На падарункі будзем збіраць грошы, каб штосьці добрае набыць, але пакуль дакладна ні пра што не дамаўляліся», – распавяла мама, у якой дачка ходзіць у адзін з менскіх садкоў.

Падарункі за кошт бюджэту сёлета дакладна атрымаюць дзеці са шматдзетных, апякунскіх і іншых сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна ўразлівым становішчы. У Менску ўжо былі закупленыя больш за 55 тысячаў навагодніх падарунках для такіх катэгорыяў сем’яў. Атрымаюць іх дзеці на ранішніках і мерапрыемствах у рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», якая распачынаецца 15 снежня, паведамляў старшыня камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Андрэй Стрыгельскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы год у дзіцячым садку.
Фота: svetserdsa.by

Кошты на навагоднія падарункі ў крамах у выглядзе набораў цукерак пачынаюцца ад прыкладна 8 рублёў за 300 грамаў. Сярод дарагіх – у арыгінальнай упакоўцы – у выглядзе кнігі, Дзеда Мароза, Снягуркі – 55 – 90 рублёў за 700 грамаў цукерак. За 1500 грамаў ва ўпакоўцы ў выглядзе Дзеда Мароза – 106 рублёў.

Чым бліжэй да навагодняй ночы – тым даражэй

Правядзенне ранішніка можна таксама даручыць прафесійным аніматарам. Яны ж могуць зладзіць віншаванне ўдома. Спектр прапановаў у івэнт-агенцыях – вялізны.

Можна запрасіць Дзеда Мароза і Снягурку на экспрэс-віншаванне і ўручэнне падарунку. Сярэдні кошт за прыкладна 20 хвілінаў працы персанажаў у перыяд з 20 па 29 снежня – ад 65 да 90 рублёў. Потым кошты растуць. 30 снежня, а таксама 1 студзеня – ад 75 да 200 рублёў.

Ёсць магчымасць запрасіць Дзеда Мароза наўпрост у навагоднюю ноч. У адной з менскіх фірмаў кошт з 22.00 31 снежня і да раніцы 1 студзеня – 195 рублёў за 15-20 хвілін віншавання ад Дзеда Мароза, калі разам са Снягуркай – 200 рублёў. Экспрэс-віншаванне (5-10 хвілін) каштуе 165 і 170 рублёў адпаведна.

Праца Дзеда Мароза і Снягуркі на ранішніку ў дзіцячым садку ці школе каштуе ад 120 да 250 рублёў. Калі замаўляць аніматараў са сваёй апаратурай, то цана можа быць аж да 1000 рублёў.

Акрамя Дзедаў Марозаў і Снягурак, фірмы прапаноўваюць і іншыя навагоднія праграмы для дзяцей. На ранішнік можна замовіць шоу з казачнымі героямі (ад 200 да 450 рублёў), навагоднія квэсты (ад 200 рублёў), майстар-класы (па вырабе сняжынак, свечак, слаймаў, ялінак, паштовак, елачных упрыгожванняў, па прыгатаванні пернікаў і т.п. – кошты розныя ў розных фірмах, ад 15 рублёў і вышэй), навагодніх блогераў (400 рублёў).

Адна з менскіх фірмаў прапаноўвае віншаванне не толькі ад Дзеда Мароза, але і ад Санта-Клауса і місіс Клаус (іх яшчэ не забаранілі ў Беларусі як варожых славянскай культуры?). Санта-Клаус свабодна размаўляе па-англійску. Каштуе такая праграма 350 рублёў. Дзецям распавядуць, як святкуюць Новы год у розных краінах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы год у школе.
Фота: karaway.by / Instagram

Можна таксама замовіць экспрэс-віншаванне Санта-Клауса – такога самага, як у рэкламе Кока-Колы. Санта-Клауса можна запрасіць дамоў, у садок, у школу, у офісы. Кошт – ад 200 рублёў.

Онлайн-ранішнік і дваравы Новы год

Акрамя класічных ранішнікаў, беларускія фірмы прапаноўваюць таксама онлайн-ранішнкі. Відавочна, паслуга з’явілася яшчэ падчас пандэміі каронавірусу. Онлайн-ранішнік у адной з фірмаў уключае ў сябе інтэрактыўную праграму. Казачнага героя можна выбраць загадзя.

Трансляцыя ранішніка магчымая праз відэачаты ў праграмах: Zoom, Skype, WhatsApp, Viber. Працягласць – да 40 хвілін.

Акрамя забаваў, арганізатары абяцаюць таксама адукацыйны і выхаваўчы кампанент: «героі мультфільмаў распавядуць штосьці павучальнае: навучаць паважаць бацькоў, дапамагаць сябрам і цаніць падарункі».

З небанальных прапановаў яшчэ – святкаванне Новага года ў двары разам з Дзедам Марозам, Снягуркай і казачнымі героямі. «Суседзі аб’яднаюцца, каб разам сустрэць надыход Новага года», абяцае фірма. Кошт – ад 400 рублёў.

Сярод мноства розных забаўляльных праграмаў на Новы год на беларускіх сайтах ды ў сацсетках мы не сустрэлі ніводнага на беларускай мове. Таксама не ўбачылі прапановаў арганізаваць ранішнік, напрыклад, са Святым Мікалаем ці на падставе беларускай міфалогіі. Расейскамоўны Дзед Мароз – па-ранейшаму сімвал Новага году ў Беларусі. А сёлета ў праграмы яшчэ дадаюцца героі рускіх казак, як, напрыклад, у Сядзібе Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.

Сядзібы Дзеда Мароза: казачныя героі Расеі ды партызанская тэматыка

А яшчэ з Дзедам Марозам можна сустрэцца ў ягонай рэзідэнцыі. Такіх на сённяшні дзень у Беларусі – 9.

  1. Галоўная рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза – Сядзіба ў Белавежскай пушчы. Дзед Мароз там жыве ўвесь год, а Снягурка прыязджае на святы. Сёлета яна прыездзе 9 снежня. 16 снежня ў сядзібе будзе мерапрыемства «Сустрэча казачных герояў Беларусі і Расеі». 23-25 снежня будзе адзначацца 20-годдзе сядзібы.
  2. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза на Лініі Сталіна. Дзед Мароз тут ходзіць у каракулевым каўняры і шапцы з зоркай, а пажаданні на новы год дастае з капсулы са старой артылерыйскай гільзы. Тут дзед Мароз будзе прымаць гасцей з 23 снежня па 7 студзеня. Кошты – для дарослых – 25 рублёў, для школьнікаў і студэнтаў – 15 рублёў, для дзяцей да 6 гадоў – бясплатна. А за 45 рублёў можна пастраляць з кулямёту «Максім» і атрымаць дзіцячую армейскую кашулю.
  1. Офіс Дзеда Мароза ў Менску. Знаходзіцца ён у Менску ў парку Горкага. Прымаць Дзед Мароз будзе з 22 снежня па 7 студзеня. Індывідуальны прыём будзе каштаваць ад 25 да 32 рублёў, групавы (4-10 дзяцей) – ад 19 да 20 рублёў, групавы ад 11 дзяцей – ад 15 да 19 рублёў. Канчатковы кошт будзе залежыць ад дня, фармату сустрэчы і часу.
  1. Яшчэ адна сядзіба Дзеда Мароза ў Менску – у заапарку. Прымаць гасцей будзе з 23 па 30 снежня. Кошт (квіток + салодкі падарунак): для дзяцей – 10 рублёў, для дарослых – 20 рублёў.
  2. Сядзіба Дзеда Мароза ў Станькава. Адкрылася яна ў 2011 годзе ў Дзяржынскім раёне на тэрыторыі цэнтру экалагічнага турызму «Станькава». Там жа знаходзіцца заасад, конеферма, канешне ж – партызанскія зямлянкі і выстава ваеннай тэхнікі (куды без гэтага ў Беларусі?). Прымаць гасцей Дзед Мароз будзе з 21 снежня па 7 студзеня. 1 студзеня – выходны. Кошт квітка – 15 рублёў для дарослых, 13 – для дзяцей, дзеці да 3 гадоў – бясплатна.
  1. Сядзіба Дзеда Мароза ў вёсцы Бубноўка ў Гомельскай вобласці. Прымаць гасцей будуць з 23 снежня па 7 студзеня.
  1. Дзед Мароз у Магілёўскім заасадзе. Сёлета Дзед Мароз разам са Снягуркай прыедуць у Магілёўскі заасад у пасёлку Буйнічы. Прымаць гасцей будуць з 8 па 30 снежня. Кошт – 17 рублёў. Прадстаўленні будуць праводзіцца толькі для арганізаваных групаў.
  1. Прыдзвінская рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Знаходзіцца на базе лагеру «Спартакавец» у Віцебскім раёне. Будзе працаваць з 15 снежня па 13 студзеня. Кошт наведвання – 15 рублёў.
  1. Партызанскі Дзед Мароз у Хаваншчыне. Сядзіба была адкрытая ў 2016 годзе на базе мемарыяльнага комплексу «Хаваншчына» у г.Івацэвічы. Тут Дзед Мароз апрануты ў папаху, кажух, носіць кулямётную стужку, а на посаху мае пяціканцовую зорку, вырабленую з бляшанкі. Са снежня па люты тут будзе праходзіць квэст «Выведка шукае партызанскага Дзеда Мароза». Гасцей таксама будуць частаваць пернікамі па ваенным рэцэпце. Кошт – для дзяцей 10 рублёў, для дарослых – 12 рублёў. Толькі групавое абслугоўванне.

Не адным Дзедам Марозам: сядзібы Зімніка ды Зюзі

У вёсцы Залейкі ў Іўеўскім раёне Гарадзенскай вобласці на тэрыторыі Налібоцкай пушчы знаходзіцца «Сядзіба Зімніка ды бабы Завірухі». Зімнік – міфічны персанаж, бог холаду ды зімы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы год у «Сядзібе Зімніка ды бабы Завірухі».
Фота: ivyenews.by

Сёлета святочная праграма пачнецца з 15 снежня і будзе працягвацца да 15 студзеня. Кошт наведвання: з салодкім падарункам – 17 рублёў, без падарунку – 12 рублёў.

На базе адпачынку «Азяркі» у Пастаўскім раёне ў Віцебскай вобласці працуе Сядзіба Зюзі Паазерскага. Зюзя – персанаж беларускай міфалогіі, вядомы месцамі і на Украінскім Палессі, і каляндарных абрадаў, міфічная істота, якая ўвасабляла зімовую сцюжу.

Прыём турыстычных груп Зюзя распачне 16 снежня. Кошт – 25 рублёў. У яго ўваходзіць экскурсія па міфалагічнай сцяжынцы, галерэя духаў, гульнявая праграма, пачастунак.

З 23 снежня па 5 студзеня будзе працаваць Галоўная елка краіны ў Менску ў Палацы Рэспублікі. Святочнае мерапрыемства будзе называцца «Машына навагодняга часу». Кошты квіткоў – ад 17,50 да 36,50 рублёў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў